Вы тут

Талін спявае па-беларуску


На свяце “Восень па­-беларуску ў вёсцы”, якое зладзілі ў эстонскай сталіцы, гучалі песні на беларускай мове.


На святочнай імпрэзе выступае самадзейны гурт “Лянок”

Восеньскія дзянькі ў Прыбалтыцы, як вядома, не песцяць сонейкам. Частыя вятрыскі, дажджы навяваюць тужлівы настрой. Аднак 16 лістапада ў Доме нацыянальных меншасцяў “Лира” ў Таліне светла і ўтульна было: расквеціўся дзень добрым настроем, усмешкамі ды рознымі пачастункамі. Сябры Беларускага таварыства “Лёс” гасцінна запрасілі талінцаў на свята “Восень па-беларуску ў вёсцы”. На свяце гучалі песні на беларускай мове, іх спявалі артысты з ансамбля, створанага пры суполцы. Песні знайшлі цёплы водгук у сэрцах гледачоў.

Нашы госці любаваліся выставай ільняных вырабаў. А цікаўныя шмат даведаліся пра лён. Ці ведаеце вы, напрыклад, што калі насенне лёну пакласці ў абутак, то ён будзе даўжэй насіцца? Раней у льняное палатно беларускія павітухі прымалі нованароджаных, каб яны былі здаровыя. Ім перавязвалі воінаў, каб раны хутчэй гаіліся. Лічыцца ў беларусаў, што трошкі насення лёну, зашытага ў вопратку, здольнае абараніць нас ад псуты й сурокаў. Яшчэ быў звычай: засцілаць лёнам ложак маладажонаў: “каб ніякая хворасць да іх не прывязалася”. “Дарэчы, яшчэ і ў нашым часе ў беларусаў ёсць ільняное вяселле: яго адзначаюць муж і жонка, якія пражылі разам 4 гады. Шанавалася ў нашым родзе-народзе 28 кастрычніка як дзень Параскевы-льняніцы. У гэты дзень, сцвярджаюць даследчыкі народнай культуры, прынята было мяць-церці лён ды прыносіць яго ў царкву на асвячэнне. А вялікапакутніца Параскева лічыцца ў народзе апякункаю жаночых рамёстваў, жаночае долі.

Госці нашы даведаліся пра розныя асаблівасці восені ў беларускай вёсцы. Скажам, пра сакрэты нарыхтовак на зіму. Мы раскрылі “вельмі смачны” вясковы рэцэпт квашання капусты, частавалі гасцей стравамі беларускай кухні. Сябры суполкі паказалі беларускі абрад Зажынкі, пагулялі з гледачамі ў беларускія гульні з бульбай. Атмасфера свята была сяброўскай, цёплай. На развітанне мы, як яго арганізатары, пачулі шчырыя словы падзякі, спадзяванні на новыя падобныя сустрэчы.

Таццяна Ніжнік, старшыня Беларускага таварыства “Лёс”, г. Талін, Эстонія

Даведка ГР. Беларуская суполка заснавана ў Таліне 27 мая 1997 года, і з таго часу ёй кіруе Таццяна Сцяпанаўна Ніжнік. Родам яна з Быхаўскага раёна Магілёўшчыны. “У Талін прыехала да сястры ў 1974‑м і засталася, выходзіць, назаўжды, — напісала нам кіраўніца суполкі. — Выйшла замуж, вельмі сумавала па Бацькаўшчыне, усё марыла вярнуцца назад, але ж вось так склаўся лёс”. Назва суполкі, як бачым, глыбокая й шматзначная. У 2011‑м пры таварыстве створаны самадзейны ансамбль “Лянок”. Ім кіруе Галіна Міхайлаўна Багданец, родам з Баранавічаў, выйшла замуж на беларуса-марака. Суполка зберагае, пашырае ў Эстоніі родную культуру, традыцыі, звычаі. Ладзіць абмены паміж школамі Эстоніі ды Беларусі, праводзіць сумесныя канцэрты з удзелам творчых калектываў з Бацькаўшчыны. Таварыства “Лёс” праводзіць штогод такія беларускія святы, як Купалле, Свята ўраджаю, Пакровы, Каляды, Масленіца, а таксама “Беларускія напевы”, “Нашы карані”, “Беларускія ўзоры”. У суполцы амаль 50 сяброў, найбольш актыўныя: Кацярына Дзідзенка, Вольга Чупрына, Раіса Бушук, Ганна Вішнёва, Людміла Дзіптон.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.