Вы тут

У першую чаргу — душа...


Выстава “Старонкі дзённіка” мастачкі Ганны Гадзіравай, прысвечаная Міжнароднаму Дню інвалідаў, працуе у Мінску


Ганна Гадзірава. Фота Ганны Лагун.

Выставачны павільён “Буквица” Храма-помніка ў гонар Усіх Святых прымае гэтую светлую, душэўную выставу. Ганна Гадзірава стварае лірычныя пейзажы. “Вячэрнія ружы”, “Далікатнае полымя гладыёлусаў”, “Вясна ў Міхайлаўскім скверы”, “Адлюстраванне”… Колькі ў яе карцінах цеплыні, замілавання! Цэлы мастацкі свет колераў, ліній, таноў і, мне падалося, нават пахаў раслін і кветак. Тонка й рамантычна выяўляе мастачка тое, што ўбачыла, душою ўспрыняла. Неяк жа ўдаецца ёй спалучаць нябесную празрыстасць акварэлі з больш важкім, “зямным” алеем.

Ганна Анфімаўна расказала на вернісажы, што дзяцінства яе прайшло сярод блакітных азёр і лясоў — у маленькай вёсачцы Кулакова на Віцебшчыне. Бацька заўсёды браў яе з маленства з сабой у лес, і з таго часу абудзілася ў дзяўчынкі моцнае жаданне замалёўваць усю прыгажосць, якую могуць падараваць краявіды. Маці, наадварот, імкнулася засцерагчы кволую дачушку сваю ад такіх далёкіх вандровак. Не ведала ж тады: Ганна яе настолькі моцна захоча стаць мастачкай, што, нягледзячы на інваліднасць, падасца вучыцца ў сталіцу. Закончыла спачатку Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, потым — Віцебскі дзяржаўны педуніверсітэт: каб мець яшчэ й магчымасць навучаць іншых майстэрству малявання.

Ганна Анфімаўна гаворыць: свет мастацтва для яе больш блізкі, чым для тых інвалідаў, якія не змаглі атрымаць спецыяльную адукацыю, хоць і таленавітыя ад нараджэння. Цяпер Ганна Гадзірава кіруе клубам-студыяй “Палітра радасці”, якая працуе пры Мінскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”. Сваім вучням яна не дае ніякіх паблажак: патрабуе высокага майстэрства ў маляванні, строга іх творы ацэньвае. Так і кажа: “У мастака павінна быць у першую чаргу душа, а ўжо колькі ў яго рук, ног — не так важна”.

Такой мастачка намалявала Плошчу Перамогі ў Мінску

Таленты з мастацкай студыі “Палітра радасці” атрымалі прызнанне на высокім міжнародным узроўні. У прыватнасці, выстава карцін беларускіх мастакоў з абмежаванымі магчымасцямі ладзілася ў Жэневе Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры аддзяленні ААН. А пейзаж Ганны Гадзіравай “Лясное возера” быў тады перададзены ў фонд Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці ў тым горадзе. Мастачка ладзіць пленэры, выставы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Найбольш паспяховы праект сярод іх — “Мир без границ”, у якім на роўных супрацоўнічаюць мастакі-інваліды студыі “Палітра радасці”, а таксама прафесійныя мастакі з Беларусі ды Расіі. Ганна Гадзірава ўдзельнічае ў міжнародных мастацкіх пленэрах у Польшчы, Германіі, Чарнагорыі, Расіі, Украіне. За актыўны ўдзел у культурным жыцці польскага горада Хенціны атрымала памятны медаль і ўдзячнасць ад бургамістра.

Выстава “Старонкі дзённіка” зладжана пры падтрымцы Мінскай гарадской арганізацыі “Беларускае таварыства інвалідаў”, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і Беларускага культурнага цэнтра духоўнага адраджэння.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.

Рэгіёны

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.