Вы тут

Кожны пяты жыхар планеты хоць раз адчуваў прыкметы панікі


Па статыстыцы, кожны пяты жыхар планеты хоць раз адчуваў прыкметы панікі (гэта — псіхічная хвароба). Яна можа ўзнікнуць як у падлеткаў, так і ў дарослых людзей. Наколькі гэта сур'ёзна? Ці можна прадбачыць з'яўленне сімптомаў у сябе або блізкіх? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ «Псіхічнае здароўе» Сяргей ОСІПЧЫК.


— Чым характарызуюцца панічныя атакі?

— Галоўныя сімптомы — гэта беспадстаўныя прыступы трывогі і страху. Могуць рэзка з'явіцца галавакружэнне, патлівасць, пачуццё дэперсаналізацыі (неаб'ектыўнасць самаўспрымання асобы), дэрэалізацыі (парушэнне ўспрымання навакольнага свету), слабасць у целе, адчуванне нібыта кашлю, камяка ў горле, ціск у грудной клетцы. Таксама характэрнымі сімптомамі ў перыяд прыступаў з'яўляюцца страх смерці, страх страціць прытомнасць, розум або кантроль над сабой. Як правіла, прыступ доўжыцца ад некалькіх хвілін да некалькіх гадзін і суправаджаецца моцным выкідам адрэналіну і кароткачасовым уздымам артэрыяльнага ціску. Гэтыя станы бескантрольныя. Напрыклад, можна ляжаць сабе пад сонцам на адпачынку, слухаць музыку, а ў наступную хвіліну адчуваць нешта негатыўнае.

— Якія прычыны расстройства? Чаму адны схільныя да яго, а іншых гэта абыходзіць бокам?

— Узнікненне панічных атак не звязана ні з узроўнем адукацыі, ні з кліматам, у якім знаходзіцца чалавек, ні з узростам. Прыступы могуць з'явіцца без асаблівай прычыны. У кагосьці яны пачынаюцца пасля няшчасцяў — страты блізкага, разводу. Часам гэта можа быць звязана з ужываннем алкаголю ці наркотыкаў. Раздражняльнікам служыць і стрэс. Высокі тэмп жыцця, недахоп асабістага часу і прасторы, пастаяннае напружанне — усё гэта падставы для з'яўлення псіхічнай хваробы. Дарэчы, ярка яна праяўляецца ў вялікіх гарадах.

— Мужчыны ці жанчыны больш схільныя да пападання ў зону рызыкі?

— Прыкладна ў роўнай ступені. Іншая справа, што жанчыны больш адкрытыя на эмоцыі, прагаворванні пачуццяў. Мужчыны ж трымаюць многае ў сабе, а пасля гэта праяўляецца ў выглядзе псіхасаматычных захворванняў, афектыўных расстройстваў (змяненне эмацыяльнага стану ў бок прыгнечання або, наадварот, уздыму). Чаму па статыстыцы мужчыны жывуць менш, чым жанчыны? Стрыманыя ў сабе прадстаўнікі моцнага полу, як ні дзіўна, па сваёй прыродзе вельмі адчувальныя да стрэсаў.

— Да якога ўрача трэба звяртацца?

— Напачатку да тэрапеўта. Таму што падобныя сімптомы могуць быць і пры захворваннях сэрца або гіпертырэёзе (гіперфункцыі шчытападобнай залозы) — трэба адразу выключыць гэтыя варыянты. Спецыяліст прызначыць патрэбныя абследаванні, і калі са здароўем усё добра, але адчуванне фізічнай болі працягваецца, — гэта падстава наведаць псіхіятра або псіхатэрапеўта.

— Ці ёсць альтэрнатыўныя спосабы справіцца з прыступамі?

— Дапамагае нагрузка — прысяданні, адцісканні, прабежка, а таксама перыядычны адпачынак. Хтосьці ў такія моманты імкнецца «перабіць» іх хатняй працай, серыялам. Ідзе на карысць і дыханне ў пакет: яно добра ўплывае на ўзровень вуглекіслага газу ў крыві, тармозіць перанапружанне дыхальнага цэнтра — гэта расслабляе дыяфрагму. Можна таксама выкарыстоўваць методыкі брушнога або фарсіраванага (больш энергічнага) дыхання — калі па чарзе ўдыхаць і выдыхаць па дзесяць разоў. А вось ад кавы і алкаголю лепш адмовіцца, яны пагаршаюць сітуацыю.

— Панічныя атакі — расстройства апошніх дзесяцігоддзяў?

— Не зусім, яно існавала і раней, але пра гэта не гаварылі ўслых. Ёсць цікавы феномен: у перыяды масавага стрэсу, напрыклад, падчас вайны ці голаду, людзі адчувалі нашмат менш неўратычных расстройстваў, чым цяпер. Калі асноўная мэта чалавека — перамагчы ворага ці выжыць, ён асабліва не задумваецца над асабістымі перажываннямі. Цяпер жа людзі больш сканцэнтраваныя на сабе, сваіх пачуццях і ўчынках, асабліва моладзь. Ёсць жаданне дзяліцца штодзённасцю ў сацсетках, трансляваць свае праблемы на вялікую аўдыторыю. Гэта ўплывае як станоўча, так і адмоўна. З аднаго боку, з'яўляецца камунікацыя, што добра, але, з іншага, лепш распавесці пра хваробу родным, сябрам або ўрачу. Бо ёсць асабліва ўражлівыя асобы, якія ўсё ўспрымаюць на свой рахунак, а пасля баяцца хваробы, якой увогуле можа і не быць.

— Што будзе, калі не лячыць гэтую хваробу?

— Якасць жыцця можа знізіцца. Часта прыступы ўзнікаюць у пэўных месцах і абставінах: у кагосьці ў транспарце, у некага — у закрытых памяшканнях або, наадварот, у шматлюдных месцах. У выніку атрымліваецца, што расстройства абмяжоўвае. Да таго ж нярэдка людзей мучыць чаканне новага прыступу, і само гэта чаканне ўжо выклікае трывогу.

— Як пазбавіцца ад панічных атак назаўсёды?

— Часам хапае навучання тэхнікам рэлаксацыі, чаргавання працы і адпачынку ў сукупнасці з добра падабраным лячэннем. Але бываюць больш цяжкія выпадкі, калі прыступы з'яўляюцца зноў і зноў на працягу доўгіх гадоў. У хворага міжвольна ўзнікаюць думкі, якія яго пужаюць, ён спрабуе пазбавіцца ад праблемы з дапамогай дакучлівых дзеянняў накшталт штодзённага шматлікага мыцця рук (кампульсіўнае расстройства). У такім выпадку патрабуецца больш часу на выздараўленне, але праблема вырашальная. Варта памятаць, што калі вы сутыкнуліся з непадкантрольнай панікай, галоўнае — не даць ёй узмацніцца. Трывогу выклікаюць не нейкія аб'ектыўныя фактары, а проста часовы стан арганізма. Пры ўсёй бачнай яркасці праяў гэтая хвароба не нясе небяспекі для жыцця.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Толькі без панікі!

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.