Вы тут

Падчас навагодніх свят лепш адмовіцца ад піратэхнікі


У дзяцінстве мы з сяброўкамі вельмі чакалі свят — тады ў парку рабілі дыскатэку і запускалі феерверкі. Спачатку яркія агеньчыкі выклікалі захапленне, бо бачыла я іх вельмі рэдка. Але потым салюты сталі запускаць усе, каму толькі хочацца, і захапленне змянілася непрыязнасцю і нават страхам — бачыць і чуць, як нешта грукоча пад вокнамі, мякка кажучы, не вельмі прыемна. Мы часта чуем, якія жудасныя траўмы людзі атрымліваюць ад піратэхнікі, але пра тое, як яна шкодзіць наваколлю і жывёлам, гаворыцца мала. Давайце гэта абмяркуем і падумаем, ці сапраўды вартая хвілінная забаўка такіх ахвяр.


Адзін выбух — дзясяткі шкодных рэчываў

Наўрад ці вы задумваліся, што яркія колеры феерверку, якія выклікаюць столькі станоўчых эмоцый, атрымліваюцца дзякуючы таксічным рэчывам. Напрыклад, алюміній надае салюту брыльянтава-белы колер, але ў той жа час выклікае дэрматыты і накопліваецца ў арганізме, парушае работу нервовай сістэмы. Нітрат барыю «адказвае» за зялёны колер, а заадно моцна раздражняе дыхальныя шляхі. Злучэнні медзі — гэта блакітная афарбоўка, аднак разам з тым яны правакуюць анкалагічныя захворванні.

Акрамя дзясятка цяжкіх металаў пасля феерверкаў, петардаў ці бенгальскіх агнёў у навакольным асяроддзі яшчэ аказваюцца дробныя часцінкі пылу (дробнадысперсны пыл) і акісляльнікі. Так, перхлараты — хімічныя злучэнні, якія спрыяюць акісленню выбуховых рэчываў, — парушаюць работу шчытападобнай залозы. А часцінкі пылу наносяць шкоду дыхальнай і сардэчна-сасудзістай сістэмам. Падчас свят канцэнтрацыя гэтых рэчываў у буйных гарадах перавышае норму не менш чым у дзесяць разоў!

Пасля выбуху піратэхнікі вылучаецца вуглякіслы газ. Напрыклад, у ЗША пасля Дня Незалежнасці яго колькасць у атмасферы склала 50 тысяч тон, што можна прыраўняць да выкідаў гэтага газу падчас лясных пажараў больш чым на 1000 гектарах зямлі.

Важна!

Большасць феерверкаў вылучае яшчэ і такія высокатаксічныя рэчывы, як сера, мыш'як, марганец, перхлараты калію, нітрат стронцыю.

Пакутуюць і чалавек, і жывёлы

На Новы год, Раство, дзень нараджэння ці проста калі ў чалавека добры настрой, і ён вырашыў парадаваць сябе яркім феерверкам, жывёлы, у тым ліку і хатнія, не ведаюць, куды падзецца. Мае сабакі, напрыклад, хаваюцца ў ванны пакой ці залазяць пад ложак. Яны амаль нічога не ядуць і прыслухоўваюцца да кожнага шораху. Але хатнія гадаванцы жывуць дома, і ім ёсць куды падзецца. А на вуліцы шмат бяздомных жывёл, якія могуць не паспець уцячы. Часта пасля свят валанцёры знаходзяць катоў і сабак з сур'ёзнымі траўмамі і апёкамі.

Думаю, вы таксама здагадаліся, што ўсе шкодныя рэчывы, якія выдзяляе піратэхніка, трапляюць у вадаёмы, наносяць шкоду рыбам, птушкам і іншым жывёлам.

Дарэчы

У Берліне падчас святкавання Новага 2019 года была запушчана самая вялікая ў Германіі колькасць феерверкаў, эколагі выявілі 853 мікраграмы часцінак дробнага пылу на кубічны метр паветра — гэта амаль у 40 разоў вышэй за норму.

Што ж датычыцца людзей, то толькі ў Мінску ў ноч на 1 студзеня 2019 года ад выбухаў піратэхнікі пацярпелі 27 чалавек. І гэта толькі з бачнымі пашкоджаннямі, бо шкоду ад таксічных рэчываў адразу выявіць цяжка.

Дык няўжо такая забаўка таго вартая? Вырашаць, вядома, толькі вам.

Цікава!

Эколагі некаторых краін выступаюць за поўную забарону піратэхнікі. Сярод іх, напрыклад, у Фінляндыі і Германіі.

Маша ЗЯЛЁНАЯ

Загаловак у газеце: Што хаваецца за яркімі агеньчыкамі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».