Днямі была агучана справаздача ПРААН аб чалавечым развіцці — 2019 па тэме «За рамкамі даходаў, за рамкамі сярэдніх паказчыкаў, за рамкамі сённяшняга дня».
Гэты даклад падрыхтавала ў Мінску пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва. У прыватнасці, яна адзначыла, што наша краіна ў глабальным рэйтынгу чалавечага развіцця паднялася на тры пазіцыі і дзеліць цяпер 50-е месца з Казахстанам сярод 189 дзяржаў планеты. Перад ёй размясцілася Расія, далей — некаторыя ўсходнееўрапейскія краіны рэгіёна. Гэты факт азначае, што Беларусь уваходзіць у групу краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця, прычым робіць гэта другі год запар.
Спадарыня Салаўёва патлумачыла, што індэкс чалавечага развіцця (ІЧР) грунтуецца на адкрытых статыстычных звестках па трох асноўных індыкатарах: чаканая працягласць жыцця, узровень адукаванасці насельніцтва і колькасць гадоў, выдаткаваных на навучанне, а таксама ўзровень жыцця, ацэнены праз валавы нацыянальны даход на душу насельніцтва. Але з улікам тэматыкі справаздачы гэтага года — няроўнасць і спосабы яе пераадолення — ІЧР скарэкціраваны. «Калі мы пераацэньваем ІЧР з улікам няроўнасці, то бачым, што Беларусь траціць 6 % свайго паказчыка, у той час як для краін з самым вельмі высокім індэксам гэтая лічба складае больш за 10 %. Гэта сведчыць аб станоўчай сітуацыі з роўнасцю ў Беларусі», — дадала прадстаўнік ПРААН.
У цэлым развіццё чалавечага патэнцыялу ў нашай краіне характарызуецца паступальным ростам. За перыяд з 1995 да 2018 года паказчык Беларусі ў рэйтынгу індэкса чалавечага развіцця вырас з 0,656 да 0,817, або на 24,5 %. За гэты час сярэдняя працягласць жыцця ў краіне павялічылася на 3,9 года (цяпер яна складае 74,6 года), а сярэдняя працягласць навучання — на 3,8 года. Валавы нацыянальны даход на душу насельніцтва павялічыўся за гэтыя гады на 103,8 %.
У нашай краіне гендарнае пытанне амаль вырашана. Ва ўсякім выпадку, мы маем пазітыўныя паказчыкі. «Індэкс чалавечага развіцця жанчын вышэйшы, чым у краінах Усходняй Еўропы і Азіі. Цікава, што ў адрозненне ад большасці дзяржаў ён нават вышэйшы за індэкс развіцця мужчын», — заўважыла Аляксандра Салаўёва. Жанчыны ў Беларусі жывуць на 10 гадоў больш, чым мужчыны. Сярэдняя працягласць жыцця першых у 2018 годзе была 79,4 года, у апошніх гэты паказчык роўны ўсяго 69,2 года.
Адзначаецца высокі ўзровень адукацыі жанчын, для якіх у сярэднім працягласць навучання дасягае 15,7 года. А ў мужчын гэты паказчык толькі 12,3 года.
Таксама ў нашай краіне рэкордна нізкі паказчык мацярынскай смяротнасці: у 2018 годзе ён складаў чатыры жанчыны на 100 тысяч парадзіх, а паводле звестак 2019 года — дзве жанчыны на 100 тысяч. «Але гендарная няроўнасць захоўваецца ў эканоміцы. Узровень удзелу жанчын у эканоміцы больш чым на 10 % ніжэйшы, чым мужчын. І гэта тая вобласць, дзе патрабуюцца дадатковыя намаганні», — звярнула ўвагу пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі. Варта дадаць, што па звестках Белстата, розніца ў даходах мужчын і жанчын не перавышае 25 %.
Тое, што ў нас штогод павялічваецца лясны фонд, назіраецца скарачэнне дэградаваных зямель і невысокае выкарыстанне запасаў прэснай вады, — усё гэта пазітыўныя моманты экалагічнай устойлівасці. А яна ў сучасных рэаліях аказвае вялікі ўплыў на ІЧР і няроўнасць паміж краінамі з розным яго ўзроўнем. Тут мы выйграем.
Але на долю аднаўляльных крыніц энергіі ў нас пакуль прыпадае 6,8 %. «Праўда, працягваецца ўкараненне энергаэфектыўных тэхналогій. І ПРААН вітае гэта», — падкрэсліла Аляксандра Салаўёва. Да пазітыўных рысаў яна таксама аднесла наяўнасць высокакваліфікаванай рабочай сілы, імкненне да дыверсіфікацыі эканомікі, развіцця высокатэхналагічнага сектара і значную навукова-даследчую базу.
Але для раскрыцця інавацыйнага патэнцыялу патрэбныя дадатковыя інвестыцыі ў гэтай галіне. У цяперашні час выдаткі на падтрымку навуковых даследаванняў невялікія. Таму трэба будзе сумесная работа ўсіх партнёраў як у дзяржаўным, так і ў прыватным сектары, міжнародных інстытутаў, каб распрацоўваць нацыянальныя стратэгіі ўстойлівага развіцця.
Змяненне клімату і тэхналагічныя ўзрушэнні могуць стаць прычынай далейшага ўскладнення перспектыў развіцця рэгіёна, ствараючы напружанне на рынках працы і ў сістэме сацыяльнай абароны, гаворыцца ў дакладзе ПРААН, які датычыцца Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.
Скарачэнне сярэдняга класа, высокі ўзровень нефармальнай і нестабільнай занятасці, прабелы ў сацыяльнай абароне, эміграцыя кваліфікаваных і маладых работнікаў, а таксама ўспрыманне няроўнасці перад законам робяць праблемы няроўнасці асабліва актуальнымі ў гэтым рэгіёне.
Па меры скарачэння разрыву ў базавым узроўні жыцця ўзнікаюць новыя формы няроўнасці, выкліканыя нераўнамерным доступам да тэхналогій і адукацыі.
Так, амаль 90 працэнтаў энергіі ўсходнееўрапейскі рэгіён атрымлівае за кошт выкапнёвага паліва, і амаль 30 працэнтаў зямель класіфікаваны як дэградаваныя.
І хоць рэгіён займае сярэдняе месца па сусветным паказчыку выдаткаў на даследаванні і распрацоўкі, суадносіны занятасці высокакваліфікаваных і нізкакваліфікаваных работнікаў тут складаюць усяго палову ад гэтых суадносін у багатых краінах — разрыў, пераадолець які можа рабіцца ўсё цяжэй па меры імклівага развіцця тэхналогій у больш «прасунутых» рэгіёнах.
Нягледзячы на прагрэс у барацьбе з галечай, голадам і хваробамі, у свеце ўзмацняецца няроўнасць, пра што сведчаць шматлікія акцыі пратэсту, якія адбываюцца ў многіх краінах свету.
Аўтары даклада адзначаюць, што разрыў у базавым узроўні жыцця мільёнаў скарачаецца, гэта значыць, усё больш людзей маюць магчымасць набыць тавары першай неабходнасці. Але людзі выходзяць на вуліцы па розных прычынах: гэта могуць быць кошт білета на цягнік, цэны на бензін, патрабаванні палітычных свабод, імкненне да справядлівасці і правасуддзя.
Аднак узнікаюць новыя формы няроўнасці — яны выяўляюцца ў сферы адукацыі і доступу да тэхналогій. На дабрабыт людзей таксама ўплывае змяненне клімату. На думку экспертаў ПРААН, калі не прыняць меры, то бездань, што падзяляе розныя слаі насельніцтва і краіны, пашырыцца да маштабаў, якіх свет не бачыў з часоў прамысловай рэвалюцыі.
Тое, што раней лічылася «дадатковым плюсам», напрыклад вучоба ва ўніверсітэце або шырокапалосны інтэрнэт, набывае ўсё большую важнасць, а людзі, якія не маюць гэтых магчымасцяў, пазбаўленыя неабходнага «трампліна», каб атрымаць поспех у будучыні, перакананы Пэдра Консейсаў, прадстаўнік ПРААН і адзін з аўтараў даклада.
Так, у краінах з вельмі высокім узроўнем развіцця чалавечага патэнцыялу колькасць людзей, якія маюць магчымасць карыстацца стацыянарным шырокапалосным інтэрнэтам, расце ў 15 разоў хутчэй, чым у краінах з нізкім узроўнем.
Распрацоўшчыкі даклада адзначаюць, што ў краінах з найбольшай прадукцыйнасцю працы, як правіла, даходы размяркоўваюцца больш раўнамерна. Гэта забяспечваецца за кошт падтрымкі прафсаюзаў, забеспячэння мінімальнай заработнай платы, мер сацыяльнай абароны, а таксама шырэйшай прадстаўленасці жанчын на рынку працы. У дакладзе таксама адзначаецца роля падаткаабкладання, якое, як адзначаюць яго аўтары, мае прамую сувязь з выдзяленнем дзяржаўных сродкаў на ахову здароўя, адукацыю і развіццё «зялёнай» эканомікі.
Сяргей КУРКАЧ
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.