Вы тут

Больш за 6 тысяч замежнікаў сустрэнуць навагоднія святы ў беларускіх санаторыях


Больш за шэсць тысяч замежных турыстаў сустрэнуць навагоднія святы ў беларускіх санаторыях. Пераважная большасць з іх (80 %) — расіяне. Пуцёўкі ў беларускія здраўніцы на Новы год былі раскуплены яшчэ тры месяцы таму, а ў самыя папулярныя — нават раней. У прыватнасці, у «Юнацтва» — амаль за год, у пачатку лютага 2019-га прадалі апошнія.


Фота БелТА.

— На навагоднія святы на беларускія санаторыі павышаны попыт. За некалькі месяцаў усе пуцёўкі былі забраніраваны і цяпер на 100 % выкуплены, — дзеліцца дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі. — Цэны на навагоднія туры нязначна павялічаны ў сувязі з павышаным попытам. Калі сярэдні кошт адных сутак у стандартным двухмесным пакоі сёлета каштаваў 57 рублёў 60 капеек, то на святы — 64 рублі. Сярэдні кошт святочнага банкета — 135 рублёў. Пуцёўкі рэалізаваны ў поўным аб'ёме, і санаторыі будуць працаваць у гэтыя дні з поўнай загрузкай.

Дарэчы, самымі папулярнымі ў расіян і іншых замежных турыстаў з'яўляюцца санаторыі «Ружанскі» (Брэсцкая вобласць), «Азёрны», «Радон» і «Альфа-Радон» (Гродзенская вобласць), «Баравое», «Лясное» (Віцебская вобласць), на возеры Нарач — «Прыазёрны» і «Спадарожнік», «Юнацтва», «Крыніца» (Мінская вобласць), «Світанак» (Магілёўская вобласць), «Прыдняпроўскі» і «Сосны» (Гомельская вобласць). Сёлета ў Беларусі ў санаторыях адпачыла 230 тысяч замежных грамадзян.

Больш за 220 мільёнаў рублёў заробяць за 2019 год санаторыі ад экспарту паслуг (193 мільёны летась). Больш чым на 10 % вырасце выручка ад дадатковых паслуг. Пры гэтым, як падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі, пералік абавязковых медыцынскіх і аздараўленчых працэдур, якія ўваходзяць у кошт пуцёўкі, пашыраны. Адпаведны дакумент падпісаны ў ІV квартале гэтага года:

— Дадатковыя паслугі ніхто не навязвае, імі можна не карыстацца, калі госцю дастаткова тых, што ўключае пуцёўка. Іх менш не становіцца, наадварот, мы пашырылі пералік.

Калі на навагоднія святы больш за палову адпачывальнікаў у беларускіх санаторыях — замежныя грамадзяне, то ў іншы час большую частку пуцёвак (60 %), якая паступае ў свабодную рэалізацыю, выкупляюць беларусы. Сёлета ў беларускіх здраўніцах адпачыла і аздаравілася 1,36 мільёна чалавек, у тым ліку за кошт рэспубліканскага бюджэту і сродкаў сацыяльнага страхавання — 790 тысяч. З іх каля 720 тысяч — дзеці (80 % вылучаных сродкаў расходуецца менавіта на іх пуцёўкі ў лагеры і іншыя аздараўленчыя ўстановы), астатнія 70 тысяч — дарослыя.

Ці дастаткова гэтых пуцёвак, каб задаволіць усіх ахвотных? Генадзь Балбатоўскі ўпэўнены, што так:

— Пасля рэфармавання нашага цэнтра ў 2006—2007 гадах перад намі стаяла задача зрабіць пуцёўкі даступнымі як для працуючых, так і для непрацуючых грамадзян. Да гэтага чарга чакання магла складаць да 10 гадоў. Сёння інваліды І і ІІ груп забяспечваюцца пуцёўкамі ў санаторый раз у два гады. Людзі з больш лёгкімі паталогіямі — раз у тры-чатыры гады. На гэтыя мэты штогод мы закупляем 25 тысяч пуцёвак для непрацуючых грамадзян. Столькі ж для працуючых. Магу сказаць, што мы задавальняем патрэбу ўсіх камісій па аздараўленні. Той, хто працуе, звярнуўшыся ў гэту камісію, на працягу года атрымае пуцёўку ў санаторый у адпаведнасці са сваімі паказаннямі на аздараўленне.

Інваліды І і ІІ груп атрымліваюць пуцёўкі бясплатна, астатнія катэгорыі грамадзян — у залежнасці ад сваіх даходаў. У сярэднім пенсіянеры аплачваюць 20—30 % кошту пуцёўкі, працуючыя грамадзяне — 30—40 %.

На наступны 2020 год рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва правёў працэдуру закупкі пуцёвак. На гэтыя мэты з бюджэту было выдаткавана 225 мільёнаў рублёў (сёлета 200 мільёнаў). У прыватнасці, налета на 1,5 тысячы павялічыцца колькасць пуцёвак для непрацуючых грамадзян.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Новы год пачаць з аздараўлення

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.