Вы тут

Міхась Лынькоў. Згадкі ў чаўне зары


Калі прыгадваю Міхася Лынькова, міжвольна ўспамінаецца верш Максіма Танка «На рыбалцы», прысвечаны яму:


Максім Танк і Міхась Лынькоў з унучкай. Нарач. 1960-я гады. Фота прадастаўлена Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратурны і мастацтва

— Міхась!..

Зачынена акно.

Няўжо ён яшчэ спіць?

Хаця ў чаўне зары

На бераг наш

Ужо вяслуе ранак.

 

— Мі-хась!..

Няўжо забыўся ён,

Што сёння меліся

Рыбацкае мы шчасце

Паспытаць?

З героямі

Сваіх апавяданняў

Пад дзень яго ахмарыў сон?

 

А можа,

Размінуліся мы з ім,

І ён раней адплыў

На гатаўскія тоні?

Яшчэ аклікну раз

І паплыву шукаць.

Пісаўся гэты твор ў 1975 годзе, пасля таго, як 21 верасня Міхася Ціханавіча не стала. Яны  — народны пісьменнік і народны паэт, нягледзячы на розніцу ва ўзросце (Міхась Ціханавіч нарадзіўся ў 1899 годзе, а Максім Танк  — 1912-м), сябравалі. Асабліва цесныя стасункі ў іх былі на Нарачы, дзе абодва мелі лецішчы.

У гэтым я ўпэўніўся пасля заканчэння 10 класа (тагачасная Крывасёлкаўская сярэдняя школа Капыльскага раёна якраз стала адзінаццацігодкай). Дырэкцыя ў летнія канікулы рэгулярна арганізоўвала для найлепшых вучняў экскурсійныя паездкі. Гэтым разам мы паехалі ў Мінск, а пасля — на возера Нарач. Там упершыню і ўбачылі жывых пісьменнікаў. Апавяданне М. Лынькова «Гой» ужо ведалі, бо яно было ў школьнай праграме па літаратуры.

Глядзелі на Міхася Ціханавіча, і адразу ў памяці ажывала прачытанае:

«І плакала Рыва… Плакала ціха, непрыкметна, тымі прыдушанымі слязьмі, якія цяжка стрымаць, цяжка высушыць, бо ідуць яны ад самай глыбіні сэрца…

Плакала Рыва… Яна палюбіла гоя».

Не толькі гэтае, а і «Над Бугам», «Андрэй Лятун», «Васількі», «Астап», «Сустрэчы» — як бы візітоўкі М. Лынькова-апавядальніка. Так хочацца хутчэй узяць у рукі кнігу Міхася Ціханавіча, каб перачытаць іх. Хоць бы «Над Бугам»:

«Хто не любіць адпачынку на зялёных лугах, асабліва, калі пякуць мазалі пераходу і пацягвае жывот ціхім сумам аб кашы з салам, аб шклянцы чаю з пахкім хлебам салдацкім? Адпачынак быў, але не было кашы, не было сала, і толькі чай булькаў у кацялках. На бульбатках скакала сонца, а навокал лугі расцвіталі кураслепам і незабудкамі і дзесьці там, каля вёскі, кудахталі куры».

А перагарнуўшы старонкі лёсу Ванькі Разанскага і Ваські Шкетава, уздыхнуць над яго апошнімі, незразумелымі для некаторых, словамі:

— Эх, позна, позна, і так рана, рана...

Такое ў памяці ніколі не дакучае і ніколі не згасае. Як і шмат хто з пісьменнікаў, дэбютаваў М. Лынькоў як паэт, у 1919 годзе ў смаленскай газеце «Борьба». Сама публікацыя даследчыкамі не выяўлена, вядомы толькі факт яго першага выступлення ў друку.

У бабруйскай акруговай газеце «Камуніст» у 1925 годзе былі змешчаны яго вершы. Пісаў М. Лынькоў таксама карэспандэнцыі, нататкі і, як сам пазначаў іх жанр, «маленькія фельетоны». Зразумеў, што паэзія не «для яго», таму і перайшоў на прозу.

У газеце «Камуніст» ён працаваў з вясны 1925 года. Спачатку  — адказным сакратаром, а пасля — і рэдактарам. Перад гэтым прайшоў немалую жыццёвую школу. Скончыў народнае вучылішча, Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у Ліпніцкай земскай школе (цяпер Буда-Кашалёўскі раён). У грамадзянскую вайну служыў у войску, удзельнічаў у барацьбе з атрадамі Булак-Булаховіча. Пасля дэмабілізацыі зноў настаўнічаў. Стаўшы журналістам, не толькі пісаў, але і гуртаваў вакол сябе маладыя таленты. Васіль Вітка, Сяргей Грахоўскі, Аляксей Зарыцкі, Мікола Лобан, Барыс Мікуліч — толькі некаторыя з пісьменнікаў, якія дзякуючы яму паверылі ў свае сілы. Быў таксама арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка».

Як празаік, дэбютаваў апавяданнем «З перажытых год». Потым быў «Гой» — сапраўднае адкрыццё ў літаратуры. Не засталіся незаўважанымі і ягоныя першыя кнігі «малога жанру»: «Апавяданні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930). Пераехаўшы ў 1930 годзе ў Мінск, працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР. З 1934-га па 1941 год рэдагаваў часопіс «Полымя рэвалюцыі». Адначасова з 1938-га быў старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Напісаў М. Лынькоў і тры аповесці для дзяцей: «Янка-парашутыст», «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» і «Міколка-паравоз». Усе надзіва займальныя, не пазбаўленыя прыгодніцкіх элементаў. Асабліва вылучаецца апошняя, якая шмат дзесяцігоддзяў перавыдаецца. Ёсць і мастацкі фільм «Міколка-паравоз». У гэтым творы  — аўтабіяграфічныя моманты: маленства аўтара таксама было звязана з чыгункай.

У войска пісьменніка прызвалі, калі пачаўся вызваленчы паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь. Рэдагаваў газету «Беларуская звязда», што з’яўлялася органам палітупраўлення Беларускага фронту. Пад уражаннем тых падзей напісаў восем апавяданняў, што склалі кнігу «Сустрэчы» (1940). Зборнік жа «Астап» (1944) — гэта ўжо рэаліі Вялікай Айчыннай вайны. У тыя гады рэдагаваў газету «За Савецкую Беларусь», працаваў у розных жанрах. Фельетоны, нарысы, апавяданні змяшчаў не толькі ў гэтым выданні, але і на старонках «Правды», «Известий», часопісаў «Огонек», «Славяне», у калектыўных зборніках і альманахах.

У яго быў і асабісты рахунак з фашыстамі: у верасні 1941 года гітлераўцы забілі жонку і сына. У 1946 годзе Янка Маўр напісаў пра гэта апавяданне «Завошта?». Асабістая драма Міхася Ціханавіча не зламала, па-ранейшаму заставаўся жыццярадасным і бадзёрым, верыў у Перамогу, жыў ёю, набліжаў сваімі творамі  — аптымістычнымі па гучанні, гераічна-патрыятычнымі па зместу.

Яшчэ ў 1942 годзе пачаў збіраць матэрыял для напісання рамана «Векапомныя дні». Разумеючы, наколькі карпатлівая чакаецца праца, перш чым узяцца за пяро, старанна абдумваў сюжэтныя хады. Быў упэўнены, што для здзяйснення такой маштабнай задумы патрабуецца час і нічога па-мастацку дасканалага хутка не напішацца. Урывак з першага раздзела быў змешчаны ў газеце «Звязда» толькі 29 лістапада 1944 года. З далейшай публікацыяй не спяшаўся. Якраз у гэты час і праявілася яго асаблівая патрабавальнасць да сябе, сказалася пісьменніцкая і чалавечая сумленнасць.

Пісалася марудна і цяжка, многае даводзілася перапрацоўваць, ствараць нанава, а штосьці і скарачаць. Гэта ўсё больш адчувалася, чым глыбей пранікаў у задуму. Але ўсё рабіў цярпліва, не спяшаючыся, прадчуваючы, што гэты твор, бадай, стане галоўным у яго творчасці. Чатыры рэдакцыі… Дапрацоўваючы і перапрацоўваючы раман, скараціў каля 400 старонак тэксту. Па сутнасці, адмовіўся ад аб’ёмнай кнігі. Далёка не кожны адважыцца на такое. Часам жа па розных прычынах даводзілася рэзаць па жывым. Нямала значыла і пажаданне Якуба Коласа. Канстанцін Міхайлавіч, паспеўшы пазнаёміцца з першай кнігай, паставіўся да напісанага ўважліва і заклапочана. Параіў працягваць працаваць над раманам, каб ён сапраўды стаў «векапомным творам».

Наконт сцвярджэння, што «Векапомныя дні» — эпапея, сам Міхась Ціханавіч спачатку так вызначыў жанр свайго маштабнага твора. Аднак да апошняй апублікаванай рэдакцыі ставіўся ўжо крыху іранічна, называючы свой раман «апупеяй». Маўляў, такая доўгая праца можа давесці да — таксама яго слова — «апупення». Але няма сумнення ў тым, што «Векапомныя дні» належаць да найлепшых дасягненняў беларускай літаратуры, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне. У 1968 годзе раман быў заслужана адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа.

Безумоўна ваенная проза сягнула далёка наперад. Несумненна, многае змянілася ў ацэнцы гераічна-велічных падзей. Відавочна і тое, што прыйшоў час такой праўды, якая доўга замоўчвалася. Бясспрэчна, аднак, і іншае. «Векапомныя дні» М. Лынькова, вобразна кажучы, рыхтавалі, расчышчалі дзялянку тым, каму ўтвораная ляда дазволіць разгарнуцца як след, каб ужо самім шчыраваць больш плённа і ўпэўнена.

Міхась Ціханаваіч быў рэдкім жыццялюбам і аптымістам. Гібеллю першай жонкі выпрабаванні для яго не скончыліся. Новая бяда напаткала ў 1948 годзе. Другая жонка Соф’я Захараўна, з якой пражыў тры гады, трапіла ў цяжкую аўтамабільную катастрофу. Гэта стала для яго моцным ударам. Нават з’явіліся думкі аб самагубстве. Але своечасова адумаўся. Разумеў, што ёй неабходна не толькі дапамога ўрачоў, а і маральная падтрымка. Усё разам узятае і паспрыяла таму, што каханая жанчына, не зважаючы на далёка нярадасныя прагнозы, стала на ногі.

Гэта акрыліла, надало яшчэ большага імпэту ў працы. Бачачы, якой папулярнасцю карыстаюцца яго аповесці для дзяцей, хацеў напісаць для іх яшчэ які-небудзь твор. Быў упэўнены, што «ў дзецях галоўнае шчасце людзей», таму хацелася прыносіць і самім ім больш яго. Не ў апошнюю чаргу і дзякуючы цікавым кнігам. Балазе ў самога гадаваліся дачка і сын. Юрыдычна яны лічыліся прыёмнымі, а ў сапраўднасці... Не кожны бацька здатны даць столькі цяпла і шчодрасці, колькі дарыў ім Міхась Ціханавіч.

Шкада толькі, што новых дзіцячых твораў так і не напісаў. Адзін жа з іх, бадай, мог з’явіцца з матэрыялаў, узятых з яго даваеннага рамана «На чырвоных лядах». Ускосна меркаваць пра гэта дае падставу ягоны ліст вядомаму крытыку і перакладчыку Яўгену Мазалькову: «Што датычыць “Чырвоных лядаў”, дык я нават ніколі не дапусціў іх да перавыдання, паколькі яны зусім мяне не задавальняюць. Я іх пакідаў як чарнавы матэрыял для адной задуманай працы». Хоць нельга не адмаўляць і задумы яшчэ аднаго «дарослага твора». Прынамсі, адштурхоўваючыся ад разваг Дзмітрыя Бугаёва, які прысвяціў М. Лынькову кнігу «Шчодрае сэрца пісьменніка», пасля зірнуў на яго творчасць з абсягаў сённяшняга дня: «[…] “Чырвоныя ляды” не толькі не з’яўляюцца безумоўнай няўдачай пісьменніка, як гэта шмат разоў сцвярджалася, а, наадварот, належаць да найбольш істотных і па-свойму цікавых набыткаў нашай прозы 30-х гадоў».

Гаворачы пра чалавечнасць Міхася Ціханавіча, да месца сказаць пра тое, як любіў ён творчую моладзь не толькі ў гады свайго юнацтва, а і тады, калі сам многага дасягнуў. Яго любімае «Дзярзайце, уюнашы!» — гэта і заклік, і адабрэнне, і непрыхаваная радасць, што ёсць прадаўжальнікі, падрастаюць тыя, на каго можна спадзявацца. У 30-я ж гады, калі набіраў знішчальныя абароты махавік рэпрэсій, рызыкуючы, дапамагаў жонкам «ворагаў народа». Загадваючы адным з аддзелаў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, асобным з іх даваў якія-небудзь заказы, каб яны і іх сем’і не памерлі з голаду.

Небяспека аднойчы навісла і над самім пісьменнікам. Не ў 30-я, а ў Вялікую Айчынную вайну. У рэдакцыі газеты «За Савецкую Беларусь» працаваў і адзін пасля знакаміты паэт. Як быццам, з яго падачы Міхася Ціханавіча абвінавацілі ў несвоечасовай дастаўцы гэтага выдання на фронт. Для ваеннага часу — страшнае абвінавачванне. На шчасце, усё абышлося. Але М. Лынькоў не забыўся аб беспадстаўных абвінавачваннях, крыўду пранёс праз усё жыццё.

Гэта стала вядома пасля яго смерці 21 верасня 1975 года. У савецкія часы, як вядома, пад некралогамі знакамітых людзей падпісваліся першыя асобы рэспублікі. Калі ж паміралі вядомыя літаратары, то — і члены прэзідыума Саюза пісьменнікаў БССР. Тут і высветлілася, што Міхась Ціханавіч быў катэгарычна супраць таго, каб згадвалася прозвішча паэта, які яго ўсё ж такі падставіў. Сакратару ЦК КПБ А. Кузьміну давялося ўпрошваць Соф’ю Захараўну, каб яна ўсё ж дала дазвол на гэта. Ці не дзве гадзіны Аляксандр Трыфанавіч угаворваў яе.

Сцвярджаю гэта са слоў фотакарэспандэнта «ЛіМа» Уладзіміра Крука, з якім у мяне былі самыя прыязныя адносіны. Не верыць Уладзіміру Андрэевічу няма ніякіх падстаў. А прозвішча паэта не называю, бо не нам быць суддзямі ў гэтай гісторыі. Дый па іншай яшчэ прычыне. Хапае і так ахвочых ставіць крыж ці не на ўсёй савецкай літаратуры. Беларускай савецкай — не ў апошнюю чаргу. Ёсць і жадаючыя адмаўляць і напісанае М. Лыньковым.

А мо ўсё ж лепей прачытаць які-небудзь твор? Разумею, што на «Векапомныя дні» часу не стае. Але ж, каб пераканацца, якім вялікім талентам валодаў Міхась Ціханавіч, дастаткова і яго найлепшых апавяданняў. Для юных жа чытачоў — найперш «Міколкі-паравоза».

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.