Вы тут

Хвіліны замілавання


Чаму чалавек піша вершы? Якая сіла прымушае складаць ці, як казаў Алесь Пісьмянкоў, думаць вершы? Мяркую, што на гэта пытанне ў кожнага паэта ёсць свой адказ. Адных перапаўняе пачуцце кахання і, каб прыгожа яго выказаць, закаханыя шукаюць рыфму. Другія прыходзяць да паэзіі праз чытанне літаратуры і любоў да яе. Трэція — праз любоў да роднай зямлі, яе рэчак, лясоў, азёр...


Творчасць паэта з горада Чавусы Магілёўскай вобласці Міколы Салаўцова, безумоўна, можна аднесці да кагорты песняроў роднай зямлі, пра што сведчаць зборнікі паэзіі «Азбука зорнага неба», «Жыцця акорды» і «Вясёлка лёсу». Вядомы ён і дзіцячай аўдыторыі кніжкамі «Вавёрчын веласіпед» і «Чаму плуг не ржавее», у якіх тэма любові да роднага краю дамінуе. Пра сваю творчасць паэт кажа з пэўнай доляй гумару:

На маёй мяжы:

Праз дахі, сцены, агароджы

Лаўлю я імпульсы душы…

Сёлета пабачыла свет кніга Міколы Салаўцова для дзяцей і падлеткаў «Нябесныя арэхі», выдадзеная Магілёўскай абласной узбуйненай друкарняй імя Спірыдона Собаля.

Назва кнігі прыцягвае ўвагу арыгінальнасцю, бо параўнаць нябесныя зоркі з арэхамі можа толькі чалавек, які глядзіць у начное неба з дзіцячым замілаваннем і фантазіямі. Многія паэты спрабавалі і спрабуюць пісаць вершы для дзяцей, але... Здзіўляе, што Мікола Салаўцоў ў сваім сталым узросце так тонка адчувае патрэбы дзіцячай душы. Напрыклад, як у вершы «Доктар Коцік»:

У мяне жыў доктар Коцік,

Лапкай гладзіў мне жывоцік,

Футрай ручкі саграваў

І фурчаў, фурчаў, фурчаў…

У гэтых радках няма нечаканай навізны, але ж колькі ў іх шчырай замілаванасці ды цеплыні!

Ёсць у зборніку вершаў і сур’ёзныя творы. Ранняе дзяцінства аўтара супала з ліхалеццем вайны. Пра падзеі тых часоў ён распавядае ў аўтабіяграфічнай паэме «Цётка Наста».

Гэта рэальная народная гераіня, яна абараніла дзяцей, якія хаваліся ў вясковай лазні. Лазню хацелі падпаліць. Салдат ужо бег да яе з вогненным факелам. Жанчына спыніла злыдня сякерай...

Кніга Міколы Салаўцова «Нябесныя арэхі» зацікавіць як малых, так і падлеткаў, дый дарослыя знойдуць у ёй цікавае і карыснае, бо святло дзяцінства з намі заўжды.

Віктар КУНЦЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.