Вы тут

Асаблівасці творчай кухні Алесі Скорабагатай


Мастачку Алесю Скорабагатую нячаста сустрэнеш на свецкіх тусоўках. Яна аддае перавагу ўласна мастацтву, а не размовамі пра яго. У сваёй майстэрні Алеся працуе карпатліва, не зважаючы на дзень тыдня і час сутак. Менш слоў, больш справы — своеасаблівы дэвіз і тая самая запаветная формула яе поспеху. 30 лістапада ў галерэі «Арт-Беларусь» адкрыўся выставачны праект мастачкі «Дактыласкапія», дзе аўтар прадставіла каля сарака работ, якія наглядна дэманструюць асаблівасці яе творчага стылю.


Алеся Скорабагатая на «Восеньскім салоне» пяць гадоў запар атрымлівала прыз сімпатый гледачоў. Гэты факт даказвае, што мастачка змагла заваяваць аўтарытэт у арт-асяроддзі. Безумоўна, яе работы адны з самых пазнавальных на мастацкім рынку Беларусі. Экспазіцыя, прадстаўленая ў галерэі «Арт-Беларусь», даказвае, што ўнутраны запал мастачкі незгасальны.

Абавязкова стаць мастачкай Алеся вырашыла ўжо ў дзесяць гадоў. Уласна, гэта нікога і не здзівіла. Усе шпалеры ў кватэры былі размаляваныя, «даставалася» кнігам і ўсяму, што трапляла дзяўчынцы пад руку. Ды і настаўнікі настойліва рэкамендавалі бацькам аддаць Алесю ў каледж мастацтваў. Туды таленавітую дзяўчынку прынялі без экзаменаў. Уласна, як і ў акадэмію. Усё дзякуючы конкурсам, у якіх Скорабагатая была нязменна ў тройцы прызёраў.

— Мне заўсёды падабалася маляваць, таму ніякіх іншых варыянтаў, кім быць, і не ўзнікала. У мяне нават захаваўся дзіцячы запіс са школы (на занятках кожны вучань павінен быў сказаць, кім ён хоча стаць). Я сказала, што хачу стаць мастачкай, — расказвае Алеся Скорабагатая. — Так яно і атрымалася. Заставаліся, вядома, ваганні, калі разважала, што трэба можа, заняцца чымсьці іншым. Але так, напэўна, у кожнага. Мая любоў да мастацтва ўсё перамагла.

Мастачка расказвае, што падчас першых сваіх выставак вельмі хвалявалася, а цяпер ёй больш падабаецца назіраць за рэакцыяй наведвальнікаў. Алеся прызнаецца, што натхненне можа знайсці абсалютна ва ўсім: няхай гэта будзе асьміног на прылаўку крамы, мудрагелістае дрэва або пацешная гульня святла. Любы прадмет можа стаць асновай яе новага шэдэўра.

 Да крытыкі Алеся навучылася ставіцца спакойна. Яшчэ на пачатку шляху яна мела для мастачкі вялікае значэнне. Цяпер жа ўсё залежыць, ад каго сыходзіць крытыка. Яна стараецца прыслухацца да меркавання прафесіяналаў і пастаянна вучыцца. Мастацтвазнаўцы называюць работы мастачкі сапраўднай паэзіяй. Ёсць на творах аўтарскі знак — адбітак пальца Алесі і яе подпіс.

Звыклыя рэчы ў тым ці іншым спалучэнні на палотнах аўтара могуць разыгрываць невялікія прадстаўленні — сцэнкі са штодзённасці, такія знаёмыя і зразумелыя нам, або асаблівыя падзеі. Падобныя кампазіцыі з прадметаў эмацыянальна насычаны, перадаюць шырокую гаму чалавечых перажыванняў. Тут і драма, і пяшчотная рамантыка, і добрая ўсмешка, і эстэтычнае, гастранамічнае задавальненне, цёплыя ўспаміны. І рэчы — ужо не проста рэчы, а знакі і сімвалы. Некаторыя аўтарскія назвы да карцін падкрэсліваюць настрой, які мастачка хоча выказаць сваімі кампазіцыямі. Работы Алесі Скорабагатай адлюстроўваюць высокі ўзровень майстэрства, дасягнуты дзякуючы карпатлівай працы і ідэйнасці.

 — На самай справе ўспрыманне мастацтва — працэс дастаткова просты. Не трэба слухаць, што вакол гавораць пра мастакоў і карціны, — упэўнена мастачка. — Проста трэба пайсці на выстаўку, пахадзіць, паглядзець і адчуць: унутры водгук будзе. Калі нешта падабаецца, то яно падабаецца і будзе прыцягваць. У карцін ёсць свая энергетыка, таму абавязкова трэба хадзіць на выстаўкі, каб яе адчуць.

Тэматычна і жанрава творчасць Алесі Скорабагатай разнастайная. Але ж з партрэтамі мастачка працуе толькі ў тым выпадку, калі гэтага хоча заказчык. Іншая справа — выявы святых. Мастачка малюе абразы, і гэта, бадай, адзін з самых складаных жанраў. Падчас працы над абразом трэба трымаць пост, а перш чым брацца за напісанне святых, абавязкова атрымаць благаславенне. Адзін з абразоў у мастачкі купіў касцёл у Польшчы, але часцей такія работы яна піша па просьбе знаёмых, а не па замове царквы.

Зараз Алеся выкладае ў Акадэміі мастацтваў і пераканана, што беларуская мастацкая адукацыя аўтара не ламае, а часцей дае волю. Карціны мастачкі сёння знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага мастацтва ў Беларусі. Яе работы таксама захоўваюцца ў прыватных і музейных калекцыях Беларусі, Расіі, Германіі, Польшчы, Францыі, В’етнама, ЗША, а дыпціх «Ноч» і «Дзень» знаходзіцца ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Азербайджане.

Вікторыя АСКЕРА , фота аўтара

Загаловак у газеце: Формула поспеху

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.