Надзя Бука — мастачка, пісьменніца і ілюстратар. Яна мае свой уласны стыль — буцінанку. Яе работы можна ўбачыць не толькі на выстаўках, але і на... звычайным адзенні ў гарадскім асяроддзі. Як Надзея Бука ў такім маладым узросце змагла адшукаць індывідуальны стыль у творчасці і што ўжо шмат гадоў натхняе яе на цікавыя праекты, мастачка расказала карэспандэнту «ЛіМа».
— Надзя, вельмі цікава, як вы стварылі сваю першую буцінанку?
— Я вучылася ў Маладзечне ў каледжы. Там прайшла школу выцінанкі — гэта выразанне ажурных узораў з каляровай паперы. Мая настаўніца Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава навучыла ствараць карціны пры дапамозе звычайнай каляровай паперы. Але калі прыйшоў час навучанне заканчваць, у нас усіх былі дыпломныя работы. Мая дыпломная — цэлы шэраг ілюстрацый да кнігі ўласных вершаў. Гэта былі выразаныя чорна-белыя кампазіцыі, але ўжо не выцінанкі, таму што не мелі ніякай сіметрыі, не было традыцыйнага беларускага сімвалізму, а толькі сюррэалізм. І вось менавіта тады я стварыла свае першыя буцінанкі, як я іх потым і назвала. Тады мне здавалася, што гэта таксама выцінанкі, толькі незвычайныя. Памятаю, атрымала 10 балаў за ілюстрацыі, якіх было каля 20 (2001 год).
— Колькі часу ствараеце адну буцінанку?
— Па-рознаму. Напрыклад, калі работа невялічкая, дні тры, а калі вялікая — амаль месяц. Залежыць ад складанасці працы. Увогуле, немагчыма падгадаць, за колькі зробіш. Мастакі — людзі творчыя, працэс залежыць ад многіх фактараў.
— Тады цікава даведацца, а што ўсё ж такі вас натхняе?
— Людзі. Гэта галоўная крыніца. Калі паразмаўляю з чалавекам, прыходжу і адразу пачынаю нешта замалёўваць. Яшчэ натхняюць творы іншых мастакоў. У мяне ёсць некалькі любімых аўтараў, таму нярэдка наведваю Мастацкі музей, галерэю. Ад іх бяру шмат, але гэта не значыць, што капірую іх творы — проста яны даюць імпульс. Гэта, напрыклад, Сальвадор Далі, Рэнэ Магрыт, Марк Шагал, Файбіш-Фрага Царфін, Хаім Суцін, Рафаэль, Мікеланджэла. Яшчэ мяне натхняюць новыя месцы, куды еду раз-пораз, каб змяніць абстаноўку. Гэта можа быць Вільня або нейкая вёска, дзе не будзе знаёмых людзей, дзе я змагу хадзіць адна, глядзець на прыроду, нюхаць кветкі.
— Ці бывае ў вас праблема творчага крызісу? Як спраўляецеся з ёю?
— Бывае. Гэта вялікая праблема для мастака. У мяне быў аднойчы творчы крызіс тры гады. Я наогул не брала алоўка, думала, што развучуся маляваць, але гэты навык нікуды не знікае. Калі наступае крызіс, я звычайна пераключаюся на іншыя заняткі. І потым натхненне прыходзіць у пэўны момант, калі гэта сапраўды патрэбна. Бог заўсёды ведае, калі даць чалавеку настроіцца на важную работу. Я гэта адчуваю і вельмі яму ўдзячна.
— Надзя, а якія ўмовы вам неабходны для камфортнага творчага працэсу?
— Па-першае, каб гучала музыка — абавязкова. Без музыкі не стварыла ніводнай сваёй карціны. Звычайна гэта рок-кампазіцыі. Трэба, каб ніхто не перашкаджаў. У мяне няма сваёй майстэрні: усе карціны малюю, потым выразаю дома. Але раблю гэта ноччу ці позна вечарам, калі дзеці спяць.
Натхненне — абавязковая ўмова. Ніколі не сяду ствараць буцінанку, калі няма натхнення, адчування, што табе гэта патрэбна «ici et maintenant» (тут і зараз). І калі такі момант наступае, магу ўсе справы адкласці, сесці маляваць.
— Што самае галоўнае ў працэсе работы? Чаму ўдзяляеце больш увагі?
— Задума — галоўнае, бо калі не будзе яе, не будзе і твора. У мяне часта бывае так: намалюю скетч, праходзіць год-дватры, і тады толькі магу ўжо гэтую карціну зрабіць са скетча, а можа прайсці і пяць гадоў. Калі ёсць скетч, будзе твор. Калі скончацца ідэі, то, напэўна, як мастак памру. Але ў мяне іх шмат.
— Як знайсці сваю індывідуальнасць у мастацтве?
— Да свайго стылю я ішла шмат гадоў. Яго складана знайсці ў прынцыпе. Вельмі важна для мастака, каб твой стыль адрозніваўся ад іншых. Усе мы можам вызначыць работы Марка Шагала, калі прыходзім у карціную галерэю. Мой стыль таксама адрозніваецца. Адразу заўважаеш у галерэі, што гэта Надзя Бука. Мая творчая манера ўжо сфарміравалася, і гэта вельмі прыемна: я магу лічыць сябе прафесіяналам.
— Якія парады дадзіце тым, хто хоча звязаць жыццё з мастацтвам?
— У Экзюперы ў «Маленькім Прынцы» ёсць такі выраз: «Галоўнае вачыма не ўбачыш, галоўнае бачыць сэрца». І я так лічу. Калі адчуваеш сэрцам, што павінен маляваць, што гэта твой дар ад Бога, што можаш ісці гэтым шляхам, то ніколі не здраджвай сабе. Не трэба слухаць бацькоў, што мастак не можа зарабіць грошай. Трэба слухаць толькі сябе і тое, што кажа Бог, і маляваць. Заўсёды павінна быць практыка. Чым часцей вы малюеце, тым больш досведу назапашваеце, цікавейшымі атрымліваюцца вашы творы.
— Як праходзіць ваш звычайны дзень?
— Я прачынаюся а 8-й або 9-й гадзіне раніцы. Муж заводзіць малодшага сына ў дзіцячы садок. Потым у мяне сняданак, абавязкова з кавай. Потым — зарадка. Затым залажу ў сацыяльныя сеткі, не таму, што мне трэба паглядзець, што там робіцца, а таму, што я іх вяду: у Facebook, Instagram касцёла Св. Роха на Залатой Горцы, у які хаджу, маёй студыі пры касцёле. Таксама ў пошце гляджу заказы на ілюстрацыі. Потым малюю або іду на дзелавую сустрэчу ці заняткі. Пасля правяраю ўрокі ў сваіх дзяцей. Затым зноў малюю да дзвюх гадзін. У мяне няма выхадных. І мне ў нейкай ступені гэта падабаецца.
Гутарыла Алеся ДАВІДОВІЧ
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.