Вы тут

Эксперымент + пластычнасць у пастаноўках студэнцкіх калектываў з розных краін свету


Беларуская тэатральная публіка кожную восень чакае яркіх прэм’ер і падзей. Адна з іх — фестываль студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар», які прайшоў у Мінску шаснаццаты раз з 19 па 24 лістапада. За такі доўгі час існавання фестываль стаў значнай падзеяй як у нашай краіне, так і далёка за яе межамі, пра што сведчыць геаграфія краін-удзельніц 2019 года. Сучасны маладзёжны тэатр у Мінску прадставілі калектывы з усяго свету: Інданезія, Непал, Грузія, Беларусь, Польшча, Украіна, Расія, Францыя, Эстонія.


Спектакль «Ураджай»

Канцэпцыя

«Тэатральны куфар» кожны год заяўляе пра сябе якім-небудзь яркім перформансам. Паўтарацца  — не ў стылі ўдзельнікаў форуму. Вось і на гэты раз яны вырашылі здзівіць. Адышлі ад традыцыйных тэатральных жанраў і падрыхтавалі ўнікальныя пластычныя пастаноўкі — на іх і зрабілі акцэнт. Убачыць пастаноўкі можна было на 4 пляцоўках сталіцы: у ліцэі і арт-прасторы БДУ, клубе Hide, Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў.

Гучны старт

На адкрыцці тэатральнага свята з вітальным словам да акцёраў, гасцей і гледачоў звярнуўся прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях БДУ Іван Янушэвіч, які пажадаў удзельнікам фэсту плённай працы, поспехаў і адзначыў, што адзіны студэнцкі тэатральны фестываль у краіне дазваляе зразумець думкі моладзі, адчуць яе светапогляд. Таксама на цырымоніі зачыталі прывітальны адрас міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі.

«Правядзенне «Тэатральнага куфра» стала добрай традыцыяй. Шаснаццаты раз БДУ прыняў на сваёй пляцоўцы таленавітыя тэатральныя калектывы з усяго свету. Упэўнены, сёлетні форум тэатральнага мастацтва ўжо даў новы імпульс развіццю творчага супрацоўніцтва паміж моладдзю розных краін і прыцягнуў увагу да нашай рэспублікі як да сучаснай культурнай сталіцы. А гледачы атрымалі магчымасць убачыць самую шырокую палітру тэатральных фарбаў і справядліва ацаніць талент маладых акцёраў і стваральнікаў спектакляў».

Праекты

Сёлета «Тэатральны куфар» быў сапраўды на вышыні. Праграма здзіўляла разнастайнасцю. У асноўнай праграме — 11 спектакляў, амаль палова  — пластычныя. Гэта галоўны акцэнт у межах спецыяльнага праекта «Куфар_пластылін». Былі і іншыя.

«КуфарДрамаЛаб» заключаўся ў тым, што рэжысёр фестывалю і тэатра «На балконе» БДУ Андрэй Саўчанка падрыхтаваў серыю чытак твораў сучаснай беларускай драматургіі. Аднак замест звычайнага чытання п’есы расказвалі пра яе. У першы дзень новыя тэксты маладых аўтараў прадставіла лабараторыя «Адкрывачка» Цэнтра беларускай драматургіі (куратар Дзмітрый Багаслаўскі). У другі дзень тэатралы пачулі п’есы Паўла Касцюкевіча і Вольгі Раманавай.

«Куфар-in-Motion»  — праект, які прадугледжваў стварэнне тэатральнай пастаноўкі на працягу фестывалю. За працу ўзялася сябра журы, педагог-харэограф, рэжысёр маладзёжнага тэатра «Кола» і галоўны рэжысёр Цэнтра культуры «Віцебск» Уладзіслава Цвікі. Яна правяла для ўдзельнікаў серыю трэнінгаў, прысвечаных спалучэнню руху і гуку. Вынікам стала пластычная мініяцюра, якую паказалі артысты на цырымоніі закрыцця.

 Перамогі

Удзел у фестывалі ўзялі як аматарскія, так і прафесійныя калектывы. А ў апошні дзень гледачоў чакаў асаблівы падарунак — спектакль аднаго з найлепшых тэатраў Грузіі: Тбіліскага дзяржаўнага тэатра кінаакцёра імя М. Туманішвілі «Лысая спявачка» паводле п’есы Э. Іанеска.

Ацэньвалі пастаноўкі тэатральныя эксперты з розных краін. Старшыня журы  — дэкан факультэта мастацтваў і гуманітарных навук Універсітэта Дэ Манфорт (Вялікабрытанія) прафесар Роб Бранен. Пераможцаў вызначылі ў пяці намінацыях як сярод прафесійных калектываў, так і аматарскіх. Да прафесійных адносяцца тэатральныя школы, дзе рыхтуюць акцёраў і рэжысёраў, а таксама дзейныя тэатры.

Дарэчы, журы адзначыла, што аб’яднанне аматараў і прафесіяналаў ідзе заўсёды на карысць і ўдзельнікам, і фестывалю. У студэнтаў ёсць магчымасць паназіраць за працай дасведчаных акцёраў, прафесіяналы ў сваю чаргу могуць убачыць жывое эмацыянальнае стаўленне да тэатра. Гран-пры конкурсу вызначалі шляхам глядацкага галасавання.

Такім чынам, Кубак фестывалю атрымалі пастаноўкі «Factum fatum» тэатра «Карман» Кузбаскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (г. Кемерава, Расія) і «Наш дом» тэатра «Nasza Kamienica» (г. Лодзь, Польшча). Тэатры-пераможцы таксама ўдастоены і іншых узнагарод «Куфра». Так, «Nasza Kamienica» адзначаны спецыяльным прызам журы «За шчырасць і прафесіяналізм», а тэатр «Карман» перамог у намінацыі «Найлепшая сцэнаграфія».

«Factum fatum»  — пластычны спектакль пра тое, як і што ўплывае на лёс чалавека. Бо нават самы звычайны чалавек — складаны механізм, у якім ужываецца велізарная колькасць часам зусім процілеглых якасцяў. Кожны дзень адбываецца шмат падзей — значных і не вельмі, велізарных і амаль непрыкметных. І любая, нават самая нязначная, можа скіраваць жыццё ў зусім процілеглы бок. Як гэта адбываецца? Чалавек — сам творца свайго лёсу ці ўсё ж такі існуюць сілы, якія дапамагаюць нам у гэтым?

Гэты спектакль — штуршок для разважанняў, для асэнсавання ўласнага «я» ў вялікім свеце. Тут акцёры паказалі сінтэз эмоцый чалавека, яго ўнутраную сутнасць праз знешнія арыенціры.

Другі спектакль-пераможца «Наш дом» пабудаваны цалкам на асацыятыўным мысленні. Акцёры паказалі, як у жудасных лодзінскіх кватэрах жахліва жывуць такія ж жудасныя людзі. Скрозь сцены іх кватэр чутны тэлефонныя званкі і асабістыя размовы. Яны мараць, аддаюцца ўспамінам, жартуюць. Рэжысёр прапанаваў ненадоўга зазірнуць у іх пакоі і клопаты, даведацца, пра каго думаюць галоўныя героі, паслухаць гісторыі, якія дзеці расказваюць у двары, адчуць, як у гэтых кватэрах пахнуць і гудуць летнія ночы.

Гэта гісторыя пра мірны дом і яго тонкія сцены. Яна заварожвае сваім меланхалічным рухам. У спектаклі складана адчуць дынаміку, але тут ёсць эфект гіпнозу, незразумелага ўцягвання эфектам дымнасці і туману ва ўнутраныя канфлікты герояў. Такія спектаклі глядзець цяжка менавіта да таго моманту, пакуль у адным з герояў не пазнаеш сябе. Калі гэта адбываецца, сэнс дзеяння на сцэне набывае новае значэнне.

Пастаноўку «Аўтобус» студэнцкага тэатра «Арт» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта журы адзначыла як «Самы шматспадзеўны тэатр». Тут таксама гледачам прапанавалі спектакль, дзе на першым месцы не уражанні, а аналіз.

У сюжэце — пасля працоўнага дня людзі вяртаюцца дадому ў аўтобусе. Праз некаторы час адзін з пасажыраў заўважае, што аўтобус ідзе не па сваім маршруце і кажа пра гэта астатнім. Але ніхто не звяртае ўвагі. Усе паглыблены ў сябе. Толькі пасля таго, як кіроўца страчвае прытомнасць, — людзей апаноўвае занепакоенасць. Пасажыры пачынаюць высвятляць не што здарылася з чалавекам, а куды ідзе аўтобус...

І тут пачынаецца сапраўдны хаос, не зразумелы гледачу. Спачатку высветлілася, што кіроўца шукаў булачную, бо не паспеў купіць дадому хлеба. Потым ён перадумаў і вырашыў паехаць у Плевен пабачыцца з маці. А пасля і зусім аказалася, што кіроўца піў гарэлку, і звычайная паездка ператварылася ў небяспечнае падарожжа. Пасажыры пачынаюць прыводзіць вадзіцеля да прытомнасці. Але гэта не дае ніякага выніку. І толькі пасля таго, як ледзь не забіваюць аднаго з пасажыраў, аўтобус спыняецца і паварочвае назад.

Здавалася б, аповед абсурдны. Але ў гэтым выпадку студэнцкі тэатр «Арт» прапаноўвае ўбачыць, наколькі ў грамадстве пачалі збівацца арыенціры. Аўтобус — толькі прыклад, невялікая форма стварэння канфлікту, у больш глабальным сэнсе такую сітуацыю можна пабачыць практычна кожны дзень.

Пераможцы ў наступнай намінацыі — творчае аб’яднанне «DIY-тэатр» (г. Харкаў, Украіна), якое назвалі «Найлепшым акцёрскім ансамблем». Яны ў пластычнай драме «Забаронены плод» узнялі тэму пераемнасці пакаленняў.

Спектакль паставілі па матывах казкі «Чырвоны капялюшык», але ператварылі ў псіхадэлічны аповед. Юная і таленавітая дзяўчынка пачынае жыццёвы шлях з адкрытай душой і поўным кошыкам яблыкаў, але казка хутка заканчваецца... Гэта гісторыя трох жаночых пакаленняў, звязаных кроўнымі сувязямі. Хтосьці з іх павінен памерці, каб працяг стаў магчымы. У працэсе выбару з’яўляецца шмат незразумелых момантаў і аспектаў, з-за якіх складана выратаваць жыццё галоўнай гераіні.

Перамогі ў іншых намінацыях журы размеркавала наступным чынам: за «Найлепшую рэжысуру» і «Найлепшы спектакль аматарскага тэатра» адзначаны спектакль «Ураджай» студэнцкага тэатра Тарту (Эстонія) (рэжысёр Калеў Куду). «Найлепшы спектакль прафесійнага тэатра» — у тэатральнай майстэрні «Студыёзы» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (г. Мінск) з пастаноўкай «Музыка свету» (рэжысёр Вячаслаў Сашчэка).

Прыз за найлепшую мужчынскую ролю падзялілі два акцёры: Ёнас Ватэр (студэнцкі тэатр Тарту са спектаклем «Ураджай») і Станіслаў Шадзько (студэнцкі тэатр «АРТ» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з пастаноўкай «Аўтобус»). У намінацыі «Найлепшая жаночая роля» перамагла Анабель Берг (студэнцкі тэатр Тарту са спектаклем «Ураджай»).

Вікторыя АСКЕРА

Даведка «ЛіМа»

Фестываль «Тэатральны куфар» — праект Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прытым адзін з найбольш буйнамаштабных. Фэст ладзіцца з 2004 года на зайздрасць рэгулярна і дае магчымасць студэнцкім тэатральным калектывам паказаць, на што яны здольныя.

«Тэатральны куфар» моцна адрозніваецца ад аналагічных праэктаў, якія ажыццяўляюцца ў іншых краінах. У беларускім фестывалі акцэнт зрабілі на пераходзе адакадэмічнага студэнцкага тэатра да прафесійнага. Фестываль носіць статус міжнароднага нездарма. У ім удзельнічаюць студэнцкія тэатральныя калектывы больш чым з 55 краін свету блізкага і далёкага замежжа, дарэчы, бывалі на фестывалі госці з Паўночнай і Паўднёвай Амерык, Афрыкі, Азіі. Толькі дзякуючы правядзенню гэтага фестывалю ў многіх ВНУ з’явіліся свае тэатральныя калектывы.

Кожнаму калектыву, які прыязджае на фестываль, даюць магчымасць выступіць на сцэне са сваім спектаклем, тэматыка якіх самая розная: ці гэта шэкспіраўскі «Гамлет», ці незвычайнае прачытанне Бродскага. На сцэне дазваляецца эксперыментаваць.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.