Вы тут

Крысціна Бандурына. Homo.


Крысціна Бандурына. Homo. Мінск, Галіяфы, 2019.

У гэтай пранізлівай і трывожнай паэзіі ўсяго багата – прыгажосці і болю, далікатнасці і моцы, эратызму і чысціні. Першы зборнік Крысціны Бандурынай сведчыць: у беларускую літаратуру прыйшла аўтарка, якая тонка адчувае і ўмее знаходзіць адзінае дакладнае слова. Лірычная гераіня яе верлібраў шукае сябе-сапраўдную, адмаўляючыся прымаць фальш прадпісаных установак і ўволю напітваючы вершы энергіяй адчаю. Усведамляць сябе ёй даводзіцца ў свеце, які перапоўнены гвалтам, абыякавасцю і агрэсіўнасцю:

Крохкасць пяшчоты,

безабароннасць страху

і роспач самоты —

 усё, што я магу супрацьпаставіць

жорсткасці гэтага свету,

істэрыі яго крывадушнасці...

Крытычная маса безабароннасці, пяшчоты і роспачы пераплаўляецца ў радкі, шчодра аплочаныя болем аголенага сэрца.  Непазбежны этап сталення – спроба зразумець, чаму з самымі блізкімі людзьмі ты адчуваеш горыч адрынутасці:

Бездапаможнай

я прыйшла ў гэты свет

незапланаванай

нечаканай

...

Мама сама была лялькай

а бацька да канца жыцця

не мог нагуляцца ў вайну.

Стыль Бандурынай вывераны, мова гнуткая, вобразы арыгінальныя.  Эмацыйнае напружанне дасягае свайго крэшчэнда ў вершах пра каханне. Чысцінёй і тонкасцю малюнка гэтыя радкі нагадваюць акварэльнае пісьмо. Немагчыма ўтрымацца, каб не працытаваць:

на шыбах танцуе дождж

з падаконня маўчаць

чырвоныя фіялкі

тонкія пальцы

счытваюць з цела

брайль радзімак

...

на стале гадзіннік

чытае ўслых

біблію іх рухаў

ад старога запавету вуснаў

да новага запавету ўлоння

А як вам такое азначэнне любові:

Павуцінне кропель,

акупунктура крокаў,

жорсткі двубой.

Маналог паэткі вядзе чытача ў глыб душы ранімай і ўразлівай. Лірычная гераіня выносіць свой прысуд свету крывадушнасці, але яна дастаткова смелая, каб усталёўваць у ім уласныя запаветы. Крысціна Бандурына вельмі дакладна разумее задачу паэта:

Я толькі і ўмею,

што расказваць гісторыі.

І мне важна

расказаць сваю

правільна.

Правільна – гэта значыць з бязлітаснай спавядальнасцю і несумненнай прысутнасцю таго, што здаўна завецца талентам.

Алена Брава.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.