Вы тут

Юльяна Пятрэнка. Такое кіно


Юльяна ПЯТРЭНКА. Аўтарка рубрыкі «Адкоткі» (ад «не пра коцікаў») расказвае чарговую гісторыю, гэтым разам на стыку жанраў.


Добры сцэнарый звычайна пачынаецца з сумнага эпізоду. Толькі я выйшла з адпачынку на работу, як у нашым доме завёўся Палтэргейст. Баязлівы, клопатны і вельмі надакучлівы.

Першы вечар майго вяртання дадому стаў падобны на містычны трылер: раскіданыя па падлозе нажы, падраныя фіранкі, перакуленая сметніца.

Котка ніколі раней не дазваляла сабе такіх вольнасцяў, каб скакаць па сталах і паліцах. Вось і цяпер яна не адважвалася выйсці ў кухню: насцярожана выглядала з залы, каб упэўніцца, што гэта свае. А потым, абнюхаўшы мяне і торбу, звыкла хрумсцела любімым сухім кормам.

Другі вечар майго вяртання дадому стаў падобны на крымінальную драму: разбітыя кубкі, павалены табурэт і зніклая з талеркі сардэлька. Сонная котка пазяхала і пацягвалася на камодзе.

Трэці вечар нагадаў сапраўдны вестэрн: перакулены на падаконніку кактус, раскіданыя каля ўвахода боты і зрашэчаны малакалібернымі кулямі пакецік з сушанай рыбай.

Котка звыкла вастрыла аб дыванок кіпцюры.

Я спадзявалася, што наступны вечар стане падобны на чароўнае фэнтэзі з матылькамі і аднарогамі, ды дзе там...

Буфет і падлога ў крывавых падцёках, на сценах — рэшткі ялавічынага фаршу, які з раніцы размарожваўся ў ракавіне... Ну чым не фільм жахаў?

Віхляючы хвастом, котка назірала праз акно за шумнай зграяй варон. Фортка была адчынена і падрапана знутры — быццам рваўся на волю дзікі звер.

Я не стала чакаць наступнага вечара ў жанры баевіка і вырашыла разыграць свой дэтэктыў.

Ды толькі як можна адпрасіцца з работы ў нашага суровага начальніка? Які там палтэргейст, ён і на вяселле не адпусціць, і за бальнічны ліст нервы выматае, справаздачамі заваліць і пакіне да цемры ў офісе. Нявыхаваны, ганарлівы, скандальны і зайздрослівы, перакананы толькі ў сваёй праваце.

Дзіўлюся, чаму на галовы адукаваных, сціплых, культурных людзей валяцца такія вось шкоднікі? Заўсёды знойдзецца нехта, хто будзе правакаваць цябе і выбіваць з каляіны.

Спасылаючыся адначасова на мігрэнь, паход да акуліста, школьны бацькоўскі сход і выклік сантэхніка, я ўсё ж збегла з работы. Трэба як мага хутчэй прымераць ролю сышчыка, злавіць Палтэргейст «на жыўца» і тым спыніць яго спробы ператварыць мой дом у руіны.

Дэтэктыў хутка абярнуўся прыгодамі: пастка, зробленая мною са звычайнай пластыкавай сумкі-пераноскі (і прынады ў выглядзе сасіскі), ужо закрылася і моцна трымала ў сваіх абдымках Сусветнае Зло, цікаўнае і галоднае. Адно тырчаў з яе чорны кашлаты хвост.

Пры маім набліжэнні пераноска злосна зашыпела і падскочыла. Каб супакоіць і задобрыць Палтэргейст, я шпульнула ў сумку яшчэ адну сасіску — але гэтага імгнення было дастаткова, каб касматае нячэсанае стварэнне апынулася на волі. Яно выгнула чорную спіну, раздражнёна мяўкнула і знікла ў адчыненай фортцы.

Відаць, Каралева Марго сумавала адна, таму вырашыла пазабаўляцца з дапамогай чарговага прыдворнага блазна. Кручок знутры адкідваецца даволі лёгка. Вось і пацвердзілася простая ісціна: дай галоднаму рыбы — і ты накорміш яго вячэрай, навучы галоднага лавіць рыбу (лазіць у акно) — і ты накорміш яго на ўсё жыццё.

— Што глядзіш? — звярнулася я да сваёй коткі, якая лупіла хвастом па баках, седзячы ў фатэлі. — Хто акно адчыняў? Усіх сяброў да нас вадзіць будзеш? Эй! Я з табой размаўляю?!

Котка ў адказ вінавата заплюшчыла вочы.

Нашы гадаванцы будуць уважліва, апусціўшы галовы, слухаць папрокі і нават пагаджацца. А пасля, у нашу адсутнасць, зноў возьмуцца за сваё. Сорам у іх ёсць.
А вось сумлення — ні на грам. Ну проста як некаторыя людзі (кшталту майго начальніка)! Толькі ў людзей акрамя схільнасці шкоднічаць ёсць яшчэ схільнасць бяздзейнічаць. Гэта калі ты павінен быў нешта зрабіць — а не зрабіў. Не дапамог, не растлумачыў, не пазычыў, не адказаў. Быццам мінуў возера, у якім тоне чалавек, і падумаў: а я тут пры чым? Лёс у яго такі...

Фота: kostroma.today

Дапамагчы ўсім катам у ваколіцах я не магу.

Можна даводзіць колькі заўгодна, як жывёлы вучаць нас дабрыні, адказнасці і клапатлівасці. У маім выпадку я зразумела толькі адно: час мяняць вокны. Ратаванне тапельцаў — справа лап саміх тапельцаў.

Праз два дні ў доме было чыста, ціха і спакойна, як у казцы. Марго сустракала мяне па гэты бок акна, а Злосны Палтэргейст — па той. Ківаўся на заснежаным плоце паміж голымі яблыневымі галінамі і не зводзіў з мяне жоўтых пільных вачэй.

«Ну хто яшчэ выратуе гэтага тапельца?..» — я ўздыхнула і выставіла за дзверы міску з кашай. Наступным вечарам — з кашай і маслам. А яшчэ праз дзень — з фаршам. Злыдзень прыходзіў ціха і гэтак жа ціха знікаў, пакідаючы пустую пасудзіну.

Калі пасыпаў буйны мокры снег, я задумалася пра цёплы ўтульны дом для Палтэргейста і расчыніла насцеж дзверы. Дзьмуў калючы вецер, набліжалася ноч.

Я чакала. А ён знік. Ён не вярнуўся ў наш двор і на нашу вуліцу. Мабыць, усё ж навучыў таму, чаго мне не хапала, і адправіўся вандраваць далей.

А можа, са шкоднымі людзьмі тое самае? Можа, варта знайсці для майго начальніка і іншых такіх, як ён, тую самую «міску з кашай»? Знайсці яе ў сабе, разабрацца, чаго мне не хапае, каб засвоіць урок? Напрыклад, перастаць лезці са скуры, каб падабацца ўсім і кожнаму; перастаць браць на сябе непасільную ношу, каб палягчаць камусьці жыццё; не імкнуцца да толькі найвышэйшых адзнак... Зрэшты, і шчасце, і пакуты знаходзяцца толькі ў нас, у нашым розуме, у светаадчуванні, у галаве — асабістай і найлепшай кіназале, дзе пракручваюцца сотні сцэнарыяў.

Выходзіць, што любы, нават не самы добры чалавек, з'яўляецца не ворагам, а настаўнікам і лекарам, у якім мы маем патрэбу менавіта цяпер. Ён выцягне на святло ўсе нашы хваробы, заганы і недахопы, выявіць эгаізм і самалюбства, беспрынцыповасць, упартасць ці баязлівасць (патрэбнае падкрэсліць). Гэта як пстрычка па носе. Ён выцягне — а ты лячыся. Для кожнага выпадку свае рэцэпты і лекі — у залежнасці ад твайго сумлення і адкрытасці перад сабой.

Я не хачу пражываць меладрамы — таму проста перапішу іх. Нават калі давядзецца выкрасліць з жыцця некаторых людзей.

Пакуль не ідуць тытры — яшчэ не ўсё страчана.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.