Вы тут

У МЗС адзначылі 200-годдзе з дня нараджэння Станіслава Манюшкі


Бягучы год афіцыйна аб’яўлены ЮНЭСКА годам кампазітара, а юбілей уключаны ў Спіс памятных дат арганізацыі на гэты год.


Фота studentportal.pl

На святочнай цырымоніі прысутнічаў міністр замежных спраў Беларусі, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА Уладзімір Макей.

Імпрэза завяршае план мерапрыемстваў (іх было каля 70), падрыхтаваных з нагоды юбілею.

Па словах міністра, уключэнне даты нараджэння кампазітара ў спіс свят ЮНЭСКА сведчыць аб тым, якое значэнне мае яго імя для сусветнай культуры.

«І такіх імён, як Станіслаў Манюшка, ў нашай гісторыі нямала. Мы можам назваць і Адама Міцкевіча, і Ігнація Дамейку, і Кастуся Каліноўскага, і Тадэвуша Касцюшку, і многіх іншых. Яны належаць не толькі нашай гісторыі. І з улікам таго, што наша гісторыя вельмі складаная, ім даводзілася жыць у розных мясцінах, нават у розных дзяржавах, і яны належаць нашай агульнай спадчыне, належаць спадчыне суседніх народаў. Не трэба дзяліць і прысвойваць і Станіслава Манюшку, і Адама Міцкевіча, і таго ж самага Кастуся Каліноўскага камусьці аднаму, якойсьці адной дзяржаве. Яны нашы, агульныя», — сказаў Уладзімір Макей.

На яго думку, агульная спадчына з’яўляецца мовай міжнацыянальных зносін, даступнай і зразумелай усім, падмуркам для міжкультурнага дыялогу, эфектыўным інструментам для развіцця стратэгічных добрасуседскіх адносін на будучыню.

Станіслаў Манюшка нарадзіўся, вучыўся і зрабіў першыя крокі ў музыцы ў Беларусі, першыя буйныя творы падрыхтаваў на тэрыторыі сучаснай Літвы, росквіт творчасці кампазітара звязаны з Польшчай. Часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Вайцэхоўскі адзначыў: у гэтым годзе ў нашых краінах адбылося некалькі соцень мерапрыемстваў, прысвечаных Станіславу Манюшку. «Дазвольце падзякаваць за тое, што мы ўмеем дзяліцца Манюшкам у найлепшым разуменні гэтага слова. І кожная з нашых дзяржаў лічыць яго ў пэўнай ступені сваім. Гэта не ўсім падабаецца, але, ўлічваючы біяграфію кампазітара, у нас няма іншага выбару», — падкрэсліў прадстаўнік польскай дыпламатыі.

Арганізатарамі мерапрыемства разам з МЗС выступіў Нацыянальны гістарычны музей, які падрыхтаваў выставу «Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе». Адкрыццё гэтай выставы і прэзентацыя віртуальнага праекта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «Станіслаў Манюшка. Музыкальны рамантык з Міншчыны» адбылося падчас цырымоніі.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?