Вы тут

Маладыя сужэнцы-рамеснікі з Гомеля: Тэрмін службы нашага рэмня — дзесяць гадоў


Вікторыя і Антон ДВАРАВЕНКІ — маладая пара сужэнцаў-рамеснікаў з Гомеля, якія ствараюць мінімалістычныя скураныя аксесуары для жанчын і мужчын. Назва іх брэнда DЕLО RUK кажа сама за сябе: усе дэталі вырабаў выконваюцца ўручную.


Антон: — Мы пачалі думаць пра ўласную справу, калі яшчэ былі студэнтамі. Тады я вучыўся ў Мінску, а Віка — у Ліверпулі. Пасля заканчэння зразумелі: працаваць на некага не хочам, значыць, трэба прыдумаць нешта сваё. Перабіралі розныя ідэі, параўноўвалі, у выніку прыйшлі да высновы, што нам па душы швейная вытворчасць. На пошук абсталявання і пастаўшчыкоў пайшло тры месяцы, пасля адразу пагрузіліся ў працэс. Цяпер у пералік нашых тавараў уваходзяць скураныя сумкі, кашалькі, картхолдары, рамяні, арганайзеры і ключніцы.

Вікторыя: — Са свайго бюджэту мы ўклалі ў бізнес пяць тысяч долараў — на абсталяванне і інструменты. Запусцілі брэнд у лістападзе 2017 года, і ўжо праз месяц выйшлі на самаакупнасць. Наша каманда пакуль што невялікая — мы з Антонам і капірайтар, які вядзе профіль у Іnstаgrаm.

— Цікава, колькі часу трэба, каб зрабіць адну рэч?

Антон: — Ад дзвюх гадзін да пяці дзён у залежнасці ад асаблівасцяў выканання. Мы працуем з аднолькавымі артыкуламі скуры, але з рознымі фарбамі. Прытрымліваемся канвеернага (паэтапнага) прынцыпу вытворчасці, так рацыянальней размяркоўваюцца абавязкі і хутчэй ідзе работа. Выраб скураных рэчаў — нялёгкая справа, у майстэрні мы знаходзімся з раніцы да позняга вечара. Але гэта менавіта той занятак, які нам прыносіць задавальненне і радасць, таму не заўважаем гадзін, якія прайшлі.

— А чаму працуеце менавіта ў стылі мінімалізму?

Вікторыя: — Мы робім універсальныя рэчы, якія падыходзяць пад вызначэнне «класіка». Трэнды хутка мяняюцца, і не хочацца выпускаць нешта на адзін сезон. Мы за разумнае спажыванне, якое прадугледжвае ачышчэнне прасторы ад лішніх ці непатрэбных рэчаў.

Антон: — Тэрмін службы нашага рэмня — дзесяць гадоў. Лічым, што гэта эканомія грошай у доўгатэрміновай перспектыве.

— Што ў кліентаў карыстаецца найбольшым попытам? Як імкняцеся ім дагадзіць?

Антон: — Рэч, якая, на наша здзіўленне, стала вельмі папулярная, — арганайзер для правадоў. Калі мы ўключалі яго ў пералік тавараў, думалі, што гэты аксесуар будзе цікавы толькі вузкай аўдыторыі. Але калі заказаў стала так многа, што работнікі пошты пачалі азірацца ўслед, зразумелі, што памыляліся.

Вікторыя: — Пастаянна думаем, што можна змяніць, дадаць, прыбраць, каб удасканаліць мадэль. Напрыклад, раней у кашальках былі больш закругленыя краі, плаўныя лініі і іншы выгляд бірак. Мы адсочваем тэндэнцыі, у тым ліку ў блогераў, каб не прапусціць трэндавыя рэчы, але не здраджваем уласнаму стылю — мінімалізму. Заўсёды думаем пра тое, чым будзе карысная тая ці іншая рэч нашаму пакупніку. А яшчэ разам з падпісчыкамі ў Іnstаgrаm-профілі прыдумляем імёны для сваіх сумачак. Гэта крута, бо людзям падабаецца мець зваротную сувязь з намі і быць датычнымі да стварэння чагосьці новага.

— Хто вашы асноўныя спажыўцы?

Вікторыя: — У Іnstаgrаm аўдыторыя на 95 працэнтаў складаецца з дзяўчат і жанчын узростам ад 20 да 45 гадоў. Спачатку ў нас быў агульны профіль для мужчынскіх і жаночых вырабаў, аднак праз пэўны час убачылі: хлопцы адразу губляюцца ў безлічы жаночых аксесуараў. Таму цяпер маем дзве асобныя старонкі. Таксама ў планах адкрыць YоuTubе-канал і задзейнічаць іншыя сацсеткі.

Антон: — Працэнтаў 80 заказаў робяць мінчане. Аднойчы за дзень мы адправілі некалькі пасылак на адну і тую ж вуліцу, у адзін дом (усміхаецца).

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з архіва суразмоўнікаў

Мінск — Гомель — Мінск

Загаловак у газеце: Натуральны мінімалізм на дваіх

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.