Вы тут

«Выступаць перад малымі — гэта цэлае майстэрства»


Амерыканскі акцёр Роберт Дэ Ніра аднойчы зазначыў: талент — гэта перш за ўсё ўменне зрабіць правільны выбар. Калісьці так і паступіў старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Першамайскага раённага аддзела Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Раман ПЯСЬКОЎСКІ. Сёлета яму скарыўся прафесійны конкурс «Найлепшы прапагандыст». У гэтым Раману вельмі дапамагло імкненне да творчасці.


Мы гутарым у яго службовым кабінеце, сцены якога ўпрыгожаны не толькі атрыбутыкай ратавальнікаў, але і кружэлкамі. Справа ў тым, што ў вольны ад службы час Раман іграе на гітары і піша вершы.

— З дзяцінства вельмі цягнула да музыкі. Пазычыў неяк інструмент у сябра і па некалькі гадзін штодня асвойваў акорды. Так, было цяжка, смылелі пальцы, але я не здаваўся. А пасля раз гуляў у парку і выпадкова сустрэў там хлопца, які таксама вельмі захапляўся музыкай. Так мы вырашылі стварыць уласны гурт.

Пры гэтым Раман — не толькі музыкант. Да моманту гэтай сустрэчы ў яго ўжо было напісана некалькі дзясяткаў тэкстаў, якія чакалі свайго часу. Але, што дзіўна, хлопец у музычную школу не хадзіў, таму што вучыўся ў... мастацкай. Яе ён скончыў на «выдатна».

Як жа ж такі рознабаковы чалавек вырашыў не паступаць у творчую навучальную ўстанову, а акунуцца ў складаныя і жорстка рэгламентаваныя будні ратавальнікаў?

— Я ніколі не хаваў таго, што мяне выхоўвала толькі маці, якая працавала тады выхавацелькай у дзіцячым садку. Бабуля і дзядуля, канешне, падтрымлівалі як маглі, але цалкам на іх спадзявацца таксама было б няправільна. Сам я родам з Клімавіч. Разумеў, што пры пераездзе на вучобу ў вялікі горад выйсце толькі адно — знайсці навучальную ўстанову з сацыяльнымі гарантыямі. Іншы варыянт мы проста не пацягнулі б. Так выбар і спыніўся на Універсітэце грамадзянскай абароны. Тым больш што я з дзяцінства вельмі любіў спорт. Займаўся футболам, плаваннем, лёгкай атлетыкай...

Творчыя здабыткі вельмі дапамагалі Раману падчас вучобы, ён удзельнічаў у мностве адпаведных конкурсаў. А калі курсанцкія пагоны нарэшце змяніліся на афіцэрскія, пачаў крэатывіць у сваёй рабоце. Напрыклад, перад выступленнямі ў дзіцячых садках ён піша сцэнарыі да ўласных тэатралізаваных пастановак, у якіх, дарэчы, удзельнічае і як акцёр.

— Выступаць перад малымі — гэта цэлае майстэрства. Тут важна ўсё: час, інтанацыя, тэмбр і нават правядзенне фізкульт-хвілінак. Але расказваць пра правілы бяспекі трэба ў нязвыклай і цікавай форме. Толькі тады дзеці запомняць іх надоўга. Лейтматыў пастановак просты — папулярныя казачныя героі трапляюць у непрыемныя сітуацыі і ў рэшце рэшт знаходзяць правільныя рашэнні. І калі бачыш на тварах малых усмешкі і задаволенасць, разумееш, што ўсё гэта робіцца не дарэмна. А вось у школах, наадварот, трэба валодаць слэнгам падлеткаў. Бо адзін са «стаўпоў» поспеху — гэта паставіць сябе на адзін узровень з тваёй аўдыторыяй.

Удзел у конкурсе «Найлепшы прапагандыст» для Рамана — не першы. Чатыры гады таму яму не хапіла ўсяго двух балаў, каб скарыць гэтую вяршыню, — тады ён спыніўся на другім месцы. І вось сёлета хлопцу выпаў яшчэ шанц.

— Я ішоў ва-банк. Пасля «серабра» арыенцірам для мяне было толькі «золата». Плюс заключаўся ў тым, што некаторыя этапы спаборніцтва былі скіраваны менавіта на крэатыў яго ўдзельнікаў. Напрыклад, на конкурсе сацыяльных праектаў стаяла задача данесці інфармацыю пра правілы бяспечных паводзін людзям састарэлага ўзросту ў цікавай для іх форме. У выніку мы арганізавалі спецыяльную гульню кшталту «Поля цудаў». А аўдыяролік, прысвечаны тэме пажараў ад выпальвання сухой расліннасці, я запісаў на матыў славутай песні «Касіў Ясь канюшыну».

Адзін такі пажар назаўжды ўрэзаўся Раману ў памяць. Адразу пасля заканчэння вучобы ён праходзіў службу на сваёй малой радзіме, у Клімавічах. І вось вясной 2014 года пад пагрозай знішчэння апынулася цэлая вёска. Малады начальнік каравула разам з разлікам адстаяў яе ў агню.

...Раман паказвае свой штодзённік. Ён у прамым сэнсе слова нагадвае чыгуначны расклад — усё распісана па гадзінах максімальна дакладна.

— Я ўжо доўгі час жыву ў такім рэжыме, калі імкнешся паспець зрабіць максімум. Насамрэч гэта вельмі дысцыплінуе і дазваляе нічога не забыць. Але, як бы там ні было, штодня ўвечары імкнуся выкраіць час на чытанне. Хоць проста для таго, каб пераключыць увагу і даведацца нешта новае. Бывае, што затрымліваюся на рабоце, асабліва калі знаходжуся ў аператыўнай групе. І выхадныя ў мяне таксама распланаваны. Але калі не будзеш нічога рабіць, то нічога і не атрымаецца, хіба не так?

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота з архіва героя

Загаловак у газеце: Творчы акорд крэатыўнага ратавальніка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.