Вы тут

Герагог з Германіі расказала аб новых формах работы з пажылымі


Сафі Фоетс-Ханэ з нямецкага горада Дзюсельдорфа працуе з пажылымі людзьмі ў якасці культур-герагога і распрацоўвае розныя праекты на тэму «Культура і ўзрост». Яна расказала пра сваю работу ў Мінску ў рамках форуму «Годнае даўгалецце».


Паняцце «герагогіка» прыйшло з грэчаскай мовы. Яно складаецца з двух слоў: «Geraіos / Geraros» у значэнні «стары», і «Ago», якое азначае «я вяду да..., я суправаджаю, я паказваю шлях». Гэта новы кірунак, які вывучае магчымасці культурнай адукацыі і ўдзелу пажылых людзей у грамадскіх працэсах.

Культура- і мастацтва-арыентаваная герагогіка — гэта зусім маладая дысцыпліна. Першыя курсы з'явіліся толькі ў 2010 годзе. Герагогіка з апорай на мастацтва і культуру натхняе людзей і адкрывае перад імі новыя магчымасці. Цэнтральнае поле яе дзеяння — работа над біяграфіяй.

Аб казытанні сена ён успамінае і сёння...

— «Народ, які не памятае сваёй гісторыі, асуджаны на яе паўтарэнне». Гэта сказаў гісторык Джордж Сантаяна. На мой погляд, гэтае выказванне датычыцца не толькі народаў або груп людзей, але і кожнага чалавека, — лічыць Сафі Фоетс-Ханэ. — І гэтая цытата падводзіць нас да разумення сутнасці работы па захаванні памяці, а менавіта, усведамлення: усё, што здарылася ў мінулым — што адбывалася з нашымі бацькамі і нашымі дзядамі і бабулямі — датычыцца нас і сёння. А тое, што мы робім сёння, будзе датычыцца нашых дзяцей і ўнукаў. Такім чынам, работа над памяццю заўсёды датычыцца і будучыні.

— З людзьмі ў высокім узросце (бліжэй да 80 — 90+) я абмяркоўваю часам пытанне, ці могуць яны яшчэ ўспомніць сітуацыю, у якой даведаліся, што Другая сусветная вайна скончылася. Чым яны займаліся ў той момант і што адчулі? Большасць людзей вельмі добра памятаюць гэты момант. Адзін з удзельнікаў расказаў, што з Дзюсельдорфа яго эвакуіравалі ў сельскую мясцовасць, каб выратаваць ад бамбардзіровак, і ён жыў у аднаго селяніна. Яму было ўсяго пяць гадоў, але ён адразу зразумеў, што гэта вельмі важная і радасная вестка. У гэты час ён быў у хляве і ад радасці скокнуў на сена. Аб казытанні сена ён успамінае і да сёння...

Адна жанчына, якая нарадзілася ў 1928 годзе, сёння ёй ужо 91 год і яна ўсё яшчэ ўдзельнічае ў маіх біяграфічных семінарах, прыгадала, як у красавіку 1945 года амерыканцы заехалі на танках на вуліцы Дзюсельдорфа. Гэтая вестка вокамгненна разнеслася па горадзе. Ёй тады было 17 гадоў, яна вельмі хутка пашыла сабе са старых гардзін сукенку і пабегла ў цэнтр горада, каб прысутнічаць на гэтай падзеі. Нягледзячы на тое, што яе маці, якая хоць і была заўзятай праціўніцай Гітлера, катэгарычна забараніла ёй гэта. «Мілая, там негры, табе туды нельга». Але ў гэты момант для яе ўжо пачалася будучыня. Сённяшнія 70—90-гадовыя ўсё яшчэ глыбока адчуваюць жахі вайны. Гэты страх або гэтую траўму яны перадалі сваім дзецям, часам без слоў. (Пагадзіцеся, што такія ўспаміны і перажыванні вельмі блізкія і зразумелыя і для пажылых беларусаў, хоць у той вайне мы былі па розныя бакі барыкад. — Аўт.)

Сафі Фоетс-Ханэ расказала аб яшчэ адным цудоўным праекце, які некалькі гадоў таму быў рэалізаваны на базе Цэнтра па вывучэнні праблем старасці Кёльнскага ўніверсітэта. Навуковая супрацоўніца гэтага цэнтра, якая на той момант толькі што пайшла на пенсію, ініцыявала праект «Унукі-Дзядулі / Бабулі». Унукі атрымалі невялікія рэкамендацыі, кіруючыся якімі, яны павінны былі даследаваць пакоі сваіх дзядуляў / бабуль. Пры гэтым усплылі захапляльныя артэфакты і гісторыі, на аснове якіх пасля была арганізавана выстаўка. Бацькі (то-бок, дзеці дзядуляў / бабуль) былі нямала здзіўленыя, таму што дзякуючы гэтаму яны даведаліся шмат новага пра сваіх бацькоў, а таксама і аб здольнасцях сваіх дзяцей...

Дух Фрыды наведвае Райсхольц...

Яшчэ адзін праект, якім падзялілася нямецкі герагог, мае назву «Дух Фрыды наведвае Райсхольц».

— Райсхольц — гэта бедны гарадскі квартал у Дзюсельдорфе, — кажа Сафі Фоетс-Ханэ. — Там жыве шмат мігрантаў і бедных людзей. Здавалася б, наўрад ці людзі, што жывуць там, цікавяцца мастацтвам. Але гэта не так, прынамсі, калі гаворка ідзе пра Фрыду Кало. Мексіканская мастачка пакінула пасля сябе творы, якія кранаюць людзей ва ўсім свеце. Асаблівае месца ў яе творчасці займаюць аўтапартрэты. Штуршком для праекта стала тое, што вясной гэтага года ў нас быў выстаўлены арыгінал карціны Фрыды Кало. Гаворка ідзе пра знакамітую карціну «Аўтапартрэт на мяжы паміж Мексікай і Злучанымі Штатамі» 1932 года.

Мы вырашылі прывезці гэтую карціну ў Райсхольц і прымеркавалі падзею да міжнароднага жаночага дня. Потым арганізавалі семінар у Цэнтры для пажылых людзей. Справа ў тым, што гэты і іншыя яе аўтапартрэты вельмі актуальныя і сёння і суадносяцца з досведам многіх мігрантаў з усяго свету, якія знаходзяцца паміж культурамі. Многія жанчыны ідэнтыфікавалі сябе з мастачкай.

Неўзабаве, у жніўні, мы правялі другое мерапрыемства, прысвечанае Фрыдзе. Гэтым разам тэмай абмеркавання быў «Блакітны дом», Casa Azul, у якім Фрыда жыла разам са сваім мужам Дыега Рывера ў Мехіка-Сіці. Зараз мы думаем пра тое, каб працягнуць серыю, прысвечаную Фрыдзе Кало, якая ўжо стала вельмі папулярнай у Райсхольце, і ў наступным годзе.

Цікава, што, па-першае, у рамках гэтага праекта пачалі сустракацца і расказваць пра сваё жыццё жанчыны, якія наўрад ці калі-небудзь сустрэліся б адна з адной — гэта і жанчыны сярэдняга саслоўя, якія цікавяцца мастацтвам, і жанчыны з Усходняй Еўропы (пераважна з Польшчы і Расіі), якія пераехалі ў Германію, і мігранты з паўночнаафрыканскіх і арабскіх краін. Па-другое, жанчыны цяпер зацікаўлены ў тым, каб яшчэ больш даведацца пра Фрыду.

* * *

Сафі Фоетс-Ханэ цытуе пісьменніка Джозэфа Конрада, які сказаў: «Я ўспамінаю пра юнацтва і пра пачуццё, якое ніколі не вернецца, — пачуццё, што маё жыццё можа доўжыцца вечна, даўжэй чым мора, зямля і ўсе людзі».

Нямецкі спецыяліст лічыць, што культура-герагогіка дапамагае натхняць людзей, якія ўступілі ў старэйшую ўзроставую групу, яшчэ раз прасякнуцца пачуццём, апісаным Конрадам, і паразважаць пра тое, што рухала імі, калі яны былі маладымі. Што стала з іх планамі? Ці змянілі падзеі ХХ стагоддзя іх мары? Як, падводзячы вынікі жыцця, яны могуць пражыць дадзены ім час?

— 1 верасня 1939 года немцы пачалі Другую сусветную вайну, напаўшы спачатку на Польшчу, — кажа Сафі Фоетс-Ханэ. — Тым, хто нарадзіўся ў той перыяд, ужо 80 гадоў. Сёння мы можам сказаць, што ўсе, хто нарадзіўся пасля гэтага ў Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, не важна, у якой сям'і — ахвяр ці злачынцаў, прама ці ўскосна адчуваюць на сабе наступствы гісторыі і фашызму. Як чалавек, які нарадзіўся пасля вайны, сёння я хацела б сказаць вам, абапіраючыся на сваю памяць: давайце ўсе разам, памятаючы пра мінулае і думаючы пра будучыню, рабіць усё, каб такое не паўтарылася.

У тэму

Старэнне ў Германіі

У Германіі многія людзі аж да сталага ўзросту хочуць актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства. Сваю станоўчую ролю тут адыгрываюць новыя магчымасці адукацыі, а таксама рост дабрабыту. Аднак пазітыўная карціна азмрочваецца некаторымі фактарамі. Гэта датычыцца ўзмацнення беднасці ў старасці, якое зноў стала назірацца ў апошнія гады. У 2014 годзе доля рызыкі трапіць у групу бедных сярод насельніцтва ва ўзросце 65 гадоў і вышэй складала 14,4 %, і такая тэндэнцыя ўзмацняецца.

У сельскай мясцовасці адзначаюцца інфраструктурныя праблемы, у гарадах — дарагавізна жылля. Пры гэтым у Германіі каля 1,7 млн. чалавек пакутуюць на дэменцыю. Штогод да гэтага ліку дадаецца больш за 300 000 новых выпадкаў. Сітуацыя ў галіне догляду за маючымі ў гэтым патрэбу крытычная — адчуваецца недахоп усяго, перш за ўсё, работнікаў па доглядзе за такімі людзьмі.

У той час як працягласць жыцця ўзрастае, колькасць нованароджаных скарачаецца. Калі ў пачатку ХХ стагоддзя доля насельніцтва ад 60 гадоў і вышэй складала 8 %, то да 2050 года гэтая лічба складзе прыкладна траціну насельніцтва. (Крыніца: Федэральны цэнтр палітычнай адукацыі Германіі.)

Святлана БУСЬКО

Фота: gazeta.spb.ru

Загаловак у газеце: Чаму так важна думаць над гісторыяй свайго жыцця

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.