Вы тут

Мастацкі каляндар «Добрыя жарты» выпусціла Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў


Мастацкі каляндар «Добрыя жарты» выпусціла да Новага года Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў. У яго распрацоўцы ўзялі ўдзел наведвальнікі Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа» — цэнтра рэабілітацыі для людзей з псіхічнымі захворваннямі. Прэзентацыя выдання адбылася ўчора ў сталічным Палацы мастацтва. Перад гасцямі выступіў Іван Кірчук (этна-група «Троіца») з аўтарскім монаспектаклем «Дарожка мая».


Для таго каб падрыхтаваць гэты каляндар, спецыялісты Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа» разам з наведвальнікамі цэнтра прачыталі каля 8000 беларускіх прыказак (а гэта двухтомнік «Прыказкі і прымаўкі ў дзвюх кнігах пад рэдакцыяй А. С. Фядосіка»), з якіх адабралі найбольш падыходзячыя. А пасля іх праілюстравала беларуская мастачка Таццяна Быц, спалучыўшы аўтэнтычнасць, народныя традыцыі і авангард.

— Першапачаткова мы задумвалі каляндар, які дапаможа людзям падняць настрой. І стараліся выбіраць прыказкі, якія ўтрымліваюць жарт, таму і назвалі праект «Добрыя жарты». Кампанія А1 адразу пагадзілася нас у гэтым падтрымаць, — расказвае прадстаўніца Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў Кацярына Гузоўская-Гара.

Ідэя праекта — у вяртанні да народных традыцый і мудрасці, якія фарміраваліся на працягу стагоддзяў.

— Часта праблемы сучаснага чалавека, у тым ліку і з псіхічным здароўем, звязаны з адмовай ад сваіх каранёў, традыцый, якія нас трымаюць. Гэтак жа як дрэва без каранёў не дае пладоў і высыхае, так і чалавек без свайго мінулага страчвае сябе. «Добрыя жарты» — гэта тое, што можа даць сілу. Пакуль мы абралі прыказкі, магчыма, у будучым звернемся да больш глыбокага вывучэння народнай культуры, — тлумачыць Кацярына Гузоўская-Гара.

Перакідны каляндар выйшаў абмежаваным тыражом у 1000 экзэмпляраў і будзе распаўсюджвацца бясплатна. Яго мэта — расказаць у тым ліку і пра клубны дом «Адкрытая душа», дзе ёсць магчымасць знайсці сяброў, вярнуць упэўненасць у сваіх сілах і атрымаць падтрымку.

— Мы жывём у грамадстве, дзе шмат стэрэатыпаў па тэме псіхічнага здароўя. Чалавек, які трапляе ў бальніцу, ведае толькі тое, што шызафрэнія — гэта вельмі дрэнна і безнадзейна, вылечыць яе амаль немагчыма, і хутчэй за ўсё ад цябе адвернуцца сябры і ты страціш работу. Чалавек адразу малюе сабе сітуацыю, дзе ён застанецца адзін. Ён баіцца падзяліцца сваёй праблемай, проста закрываецца ў сабе. У выніку адчувае сябе нікому не патрэбным і ні на што не вартым. Мы ж імкнёмся дапамагчы яму не быць у ізаляцыі. Самае галоўнае ў рэабілітацыі — каб чалавек не быў сам-насам са сваёй хваробай.

Клубны дом «Адкрытая душа» працуе ў Мінску з 2011 года. Сёння ён аб'ядноўвае 175 членаў. Гэта людзі з расстройствамі псіхічнага здароўя, якія маюць патрэбу ў рэабілітацыі. Сацыяльныя работнікі і валанцёры клубнага дома падтрымліваюць любыя ідэі сваіх падапечных і праводзяць заняткі па арт-тэрапіі, акцёрскім майстэрстве, псіхалагічныя трэнінгі, камп'ютарныя курсы, пры магчымасці ўладкоўваюць на работу. У прыватнасці, арганізацыя супрацоўнічае са Свята-Елісавецінскім манастыром, які дае рабочыя месцы для такіх людзей.

— Наша задача — псіхалагічна падтрымаць чалавека, даць яму зразумець, што хвароба — гэта не паражэнне, а сітуацыя, у якой важна зразумець, як дзейнічаць. Адна дзяўчына прыйшла да нас пасля некалькіх месяцаў, праведзеных у закрытым стацыянары РНПЦ псіхічнага здароўя. Яна была цалкам расчараваная ў жыцці, практычна не размаўляла, прымала вялікую колькасць моцных прэпаратаў з пабочным дзеяннем. Ёй было цяжка нават падняцца з ложка раніцай, і гэта вялікі подзвіг, што дзяўчына прыходзіла ў клубны дом. У рэшце рэшт яна сама напісала сцэнарый да нашага спектакля «Казка пра аднавухага зайца», зрабіла загатоўкі лялек, ездзіла разам з намі на ўсе выступленні. Пасля выйшла з клубнага дома і цяпер паспяхова займаецца спектаклямі ўжо з іншай арганізацыяй. Такія прыклады вельмі натхняюць, — рэзюмуе Кацярына Гузоўская-Гара.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: aif.md

Загаловак у газеце: «Добрыя жарты» плюс Іван Кірчук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.