Вы тут

Прэзідэнт падпісаў новы план абароны Беларусі


і Канцэпцыю будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2030 года. 

Прэзідэнт сёння правёў пасяджэнне Савета бяспекі. На яго былі вынесены канцэптуальныя пытанні абароны дзяржавы: планаванне абароны краіны і далейшага развіцця беларускай арміі.


Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, галоўнай тэндэнцыяй цяперашняга моманту з’яўляецца назапашванне канфліктнага патэнцыялу ў розных рэгіёнах свету. «Не слабее супрацьстаянне паміж буйнымі сусветнымі цэнтрамі сілы: ЗША, Еўрапейскім саюзам, Кітаем і Расіяй. Як наступства размывання архітэктуры міжнароднай бяспекі, ўзмацнілася гонка ўзбраенняў».

Кіраўнік дзяржавы ўказаў таксама на абвастрэнне інфармацыйнага супрацьстаяння. На тое, што па абодва бакі ад Беларусі нарошчваецца ваенная моц, а імкненне падаць Расію ў якасці асноўнай пагрозы Захаду стала дамінантай палітыкі Паўночнаатлантычнага альянсу.

Па словах Прэзідэнта, на гэтай падставе ў суседніх еўрапейскіх краінах пашыраецца прысутнасць войск НАТА, расце ваенная актыўнасць. Расійская Федэрацыя таксама актыўна развівае сродкі ўзбраення, дэманструе ўзрослыя баявыя магчымасці.

Змяненні ў галіне глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, якія адбываюцца ў нашы дні, на многія гады вызначаць не толькі адносіны паміж дзяржавамі, але і, на думку беларускага лідара, накірункі далейшага развіцця ўзброеных сіл.

«Беларусь вельмі цвёрда прытрымліваецца міралюбівай палітыкі, захоўвае статус донара бяспекі ў рэгіёне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Пры гэтым нашымі несумненнымі прыярытэтамі застаюцца развіццё ўласнай сістэмы бяспекі, а таксама працяг ваеннага супрацоўніцтва з краінамі сяброўскімі да нас (перш за ўсё, у рамках СНД)».

Прэзідэнт Беларусі паўтарыў непахісныя прынцыпы беларускай палітыкі: наша армія нікому не пагражае, яна з’яўляецца інструментам недапушчэння вайны, а ў выпадку агрэсіі павінна быць здольнай не толькі яе адбіць, але і нанесці непрымальную шкоду ворагу. Асноўнае прызначэнне Узброеных Сіл — абарона суверэнітэта, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў, што на сённяшнім пасяджэнні будуць разгледжаны пытанні планавання абароны Беларусі і далейшага развіцця яе арміі.


«Настаў час паглядзець, як стратэгічна спланаваць абарону нашай дзяржавы»

Цягам года пад кіраўніцтвам Генеральнага штаба праводзілася работа па перапрацоўцы плана абароны краіны ў святле цяперашніх рэалій ваенна-палітычных і стратэгічных абставін, паведаміў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, «чатыры разы мы ўжо перабудоўвалі свае Узброеныя Сілы, перш за ўсё — армію, у сувязі з тым, якія падзеі адбываюцца на планеце ў гэтай сферы». «Мы разумеем, якія ідуць войны зараз, мы дакладна разумеем, якія могуць быць войны ў будучыні, і, сыходзячы з нашага патэнцыялу, нашых магчымасцяў, пад гэта перабудоўваем свае Узброеныя Сілы, — патлумачыў ён. — Гэта на мікраўзроўні, як кажуць эканамісты. Настаў час паглядзець і на самым высокім узроўні, што нам неабходна зрабіць, як стратэгічна спланаваць абарону нашай дзяржавы».

Гэтым цягам года займаўся Генеральны штаб Узброеных Сіл, у выніку план абароны бяспекі Беларусі быў перагледжаны. Разглядаліся новыя формы і спосабы вядзення ваенных дзеянняў, заснаваных на вопыце сучасных узброеных канфліктаў. Работа праведзеная з улікам меркаванняў не толькі сілавых, але і астатніх зацікаўленых ведамстваў.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў дакласці, наколькі ўсё гэта ўлічана ў распрацаваным дакуменце і ў чым яго адрозненне ад дзеючага плана.

«Асаблівую ўвагу прашу звярнуць на сістэму своечасовых папераджальных мераў, і мераў у адказ, у выпадку нарастання ваеннай пагрозы для нашай дзяржавы», — сказаў Прэзідэнт.

Другое пытанне парадку дня пасяджэння Савета бяспекі цесна ўзаемазвязанае з першым. Яно датычыцца складу Узброеных Сіл. Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць, якія сістэмы развіваць у прыярытэтным парадку і якія віды ўзбраенняў неабходна мець, асабліва па авіяцыі, супрацьпаветранай абароне і іншых сродках агнявой паразы.

Асобна будуць разгледжаны магчымасці па фінансава-эканамічным забеспячэнні патрэб Узброеных Сіл і абароны дзяржавы. «Каб утрыманне і аснашчэнне арміі былі па сілах дзяржаве і не на шкоду ваеннай бяспецы», — акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка таксама папрасіў усіх удзельнікаў пасяджэння растлумачыць грамадскасці прынятыя сёння рашэнні. «Мы нічога не павінны хаваць ні ад свайго насельніцтва, ні ад нашых суседзяў, — акцэнтаваў ён. — Павінны быць цалкам празрыстыя, транспарэнтныя, не пужаць, асабліва нашых суседзяў, наша грамадства, а расказаць ім пра сітуацыю і тыя меры, якія мы плануем і будзем рэалізоўваць у розных сітуацыях».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.