Вы тут

Каналы Белтэлерадыёкампаніі рыхтуюцца да Новага года


Да Новага года ўсе рыхтуюцца загадзя: упрыгожваюць ялінку, выбіраюць доўгачаканыя падарункі. Вось і на каналах Белтэлерадыёкампаніі ўжо на наступным тыдні з'явяцца святочныя лагатыпы, а папулярныя праекты пачнуць выходзіць у навагоднім афармленні і прапануюць гледачам канцэрты, эксклюзіўныя трансляцыі, любімыя фільмы і гучныя прэм'еры.


Уключыць Дзеда Мароза...

У інфармацыйных праграмах на «першай кнопцы» журналісты Агенцтва тэленавін раскажуць, як рыхтуюцца да Каляд і Новага года ў розных гарадах нашай краіны і ўсяго свету. У «Панараме» з 25 снежня ў спецыяльнай навагодняй рубрыцы гледачоў чакаюць віншаванні ад Дзядуляў Марозаў з Нідэрландаў, Казахстана, Фінляндыі і нават з Маямі. Не абыдзецца, вядома, без пажаданняў да свят і ад расійскага чараўніка з Вялікага Усцюга і нашага Дзеда Мароза з Белавежскай пушчы. Таксама ў зімовай серыі відэаролікаў «Час навін» вы зможаце даведацца, што ён глядзіць у сваёй казачнай рэзідэнцыі.

Напярэдадні Раства Хрыстовага, якое каталікі ўсяго свету адзначаюць 25 снежня, «Беларусь 1» пакажа святочнае богаслужэнне з касцёла Божай Маці Фоцімскай у горадзе Жодзіна. Прамая трансляцыя пачнецца 24 снежня ў 21.45. А ў 23.45 беларускіх вернікаў чакае прамое ўключэнне з Ватыкана, дзе адбудзецца служба з удзелам Папы Рымскага Францыска.

Аформіць падарункі...

Сямейны тэлеканал таксама рыхтуецца да навагодніх свят загадзя. Так, ужо з 23 снежня праект «Уключайся» пачне выходзіць у святочным афармленні. Карэспандэнты рыхтуюць рэпартажы з рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза і здымкі рубрыкі «Навагодні стол». Пастаянныя рубрыкі «Стыль», «Б'юці», «Што да чаго?» таксама будуць тэматычныя: карысныя парады гледачам дадуць спецыялісты па святочным дэкоры, фларыстыцы і афармленні падарункаў.

Падрыхтавалі спецыяльныя серыі да зімовых свят і стваральнікі праекта «Сямейныя гісторыі». Гледачы ўбачаць тры рэальныя гісторыі, якія маглі здарыцца толькі на Новы год. Першая серыя цыкла «Наваражы мне шчасце» выйдзе ў эфір 24 снежня ў 09.45 — гэта будзе гісторыя святкавання Новага года ў коле сябровак з прадказаннямі і цудамі.

У Раство канал «Беларусь 2» парадуе сваю аўдыторыю адмысловым кінапаказам выхаднога дня, у тым ліку прэм'ерай «Прыгажуня і пачвара» ў 18.45 і рамантычнай камедыяй «Прыгажуня на ўсю галаву» ў 21.15.

...І запрасіць да стала

Пераднавагоднія дні сацыякультурны канал Белтэлерадыёкампаніі прапануе правесці ў стылі рэтра: сярод кінафільмаў для ўсёй сям'і заяўлены «Прыгоды Бураціна», «Дзяўчына з характарам», «Чалавек з бульвара Капуцынаў» і шмат іншых. Тэматычныя выпускі праграмы «Беларуская кухня» раскажуць пра традыцыйныя святочныя стравы і раскрыюць тонкасці іх прыгатавання. А 25 снежня пачнецца з «Размовы пра духоўнае» ў 07.50, а ў 16.35 «Беларусь 3» пакажа трансляцыю з Ватыкана паслання і благаславення «Граду і свету» з удзелам Папы Рымскага Францыска, далей у эфір выйдуць «Культурны рэпартаж» і канцэрт акадэмічнага хору Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі «Раство вакол нас».

Алена ДРАПКО

Фота прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі

Загаловак у газеце: Святы на парозе

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.