Вы тут

Лукашэнка адзначае каласальны прагрэс у развіцці супрацоўніцтва з Расіяй


У горадзе на Няве сёння прайшоў чарговы раўнд перагавораў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на прадмет вырашэння пытанняў у сферы беларуска-расійскіх адносін. Таксама адбыліся пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і нефармальны саміт кіраўнікоў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. 


Лідары краін ЕАЭС падвядуць вынікі інтэграцыйнага ўзаемадзеяння і абмяркуюць перспектывы работы на будучы год, калі старшынства зойме Беларусь, у вузкім і пашыраным складах. У парадку дня пытанні стратэгічных напрамкаў эканамічнай інтэграцыі, назначэнне старшыні і персанальнага складу Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

«Аляксандр Лукашэнка таксама прыме ўдзел у нефармальным саміце кіраўнікоў дзяржаў СНД, у ходзе якога будзе магчымасць абмеркаваць актуальны парадак дня ў дзейнасці Садружнасці. Традыцыйна на пляцоўках самітаў чакаюцца сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з замежнымі калегамі па тэматыцы двухбаковага супрацоўніцтва», — перадае прэс-служба Прэзідэнта Беларусі.


Аляксандр Лукашэнка адзначае каласальны прагрэс у развіцці супрацоўніцтва з Расіяй, у тым ліку па лініі саюзнага будаўніцтва.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што значныя дасягненні ёсць як у сацыяльнай сферы, так і ў эканамічным узаемадзеянні.

Папярэдні раз Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін праводзілі перагаворы ў Сочы 7 снежня. Тады сустрэча прадаўжалася амаль пяць з паловай гадзін. Па яе выніках міністр эканамічнага развіцця Расіі Максім Арэшкін паведаміў журналістам, што бакі вельмі плённа папрацавалі па шэрагу напрамкаў. «Па сельскай гаспадарцы, сувязі, па мытні, рэгуляванні нафтавага рынку. Дасягнулі вельмі сур’ёзнага прагрэсу, нават па пытанні нафты і газу пазіцыі былі вельмі сур’ёзна збліжаны», — сказаў міністр.

Пасля пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка таксама раскрыў некаторыя падрабязнасці аб дасягнутых дамоўленасцях на вышэйшым і ўрадавым узроўнях. Так, бакі поўнасцю ўзгаднілі праекты інтэграцыйных дарожных карт па электраэнергетыцы і пытаннях супрацоўніцтва мытных службаў, знойдзены падыходы да вырашэння пытання кампенсацыі беларускаму боку выдаткаў з-за праводзімага ў Расіі падатковага манеўру ў нафтавай сферы. Бакі таксама знайшлі неабходныя развязкі па пытаннях, якія датычацца зняцця абмежаванняў на пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання ў Расію. Чакалася, што ў хуткім часе павінна быць узгоднена пытанне аб цане паставак расійскага газу ў Беларусь. Акрамя таго, краіна разлічвае на кампенсацыю ў памеры каля $70 млн з-за інцыдэнту, звязанага з пастаўкамі забруджанай хлорарганікай расійскай нафты.

Аляксандр Лукашэнка 10 снежня правёў тэлефонную размову са старшынёй урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Мядзведзевым. Бакі ў тым ліку абмеркавалі вынікі беларуска-расійскіх перагавораў у Сочы, далейшую работу па напаўненні інтэграцыйнага парадку дня, развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, зняцці праблемных пытанняў у гэтай сферы.

У наступныя дні адбыліся кантакты як на ўзроўні прэм’ер-міністраў, так і ў фармаце сустрэчы кіраўнікоў рабочай групы па выпрацоўцы прапаноў аб далейшым развіцці беларуска-расійскай інтэграцыі. Па ініцыятыве беларускага боку 18 снежня адбылася тэлефонная размова прэм’ер-міністра Сяргея Румаса з Дзмітрыем Мядзведзевым. Кіраўнікі ўрадаў дамовіліся праінфармаваць кіраўнікоў дзяржаў да сённяшняй сустрэчы аб выніках дамоўленасцей, дасягнутых у рамках перагавораў кіраўнікоў рабочай групы Дзмітрыя Крутога і Максіма Арэшкіна.

У пачатку верасня на ўзроўні прэм’ер-міністраў Беларусі і Расіі былі ўзгоднены праект праграмы дзеянняў па выкананні саюзнага дагавора і пералік дарожных карт. Бакі дамовіліся аб распрацоўцы 31 дарожнай карты для рэалізацыі гэтай праграмы. Пакуль яшчэ некалькі з іх застаюцца няўзгодненымі.

Аляксандр Лукашэнка не выключаў яшчэ некалькіх раўндаў перагавораў з Расіяй. «20-га на саміце ў Санкт-Пецярбургу. Затым, магчыма, чакаецца яшчэ некалькі раўндаў перагавораў з Расійскай Федэрацыяй па балючых пытаннях», — сказаў кіраўнік дзяржавы 13 снежня на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі медуніверсітэтаў.


Пад старшынствам Беларусі

Падчас пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета лідары краін афіцыйна прынялі рашэнне аб старшынстве Беларусі ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2020 годзе. З 1 студзеня Беларусь будзе старшынстваваць у Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце, Еўразійскім міжурадавым савеце і Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Размеркавалі пасады і ў новым складзе Калегіі ЕЭК. «Аб персанальным складзе калегіі мы толькі што дамовіліся: блок гандлю пакідае за сабой Расійская Федэрацыя. У нас
застаюцца тэхнічнае рэгуляванне. Агракамісію, прамысловую мы перадаём Арменіі. І за намі старшынства. Таму ўсе гэтыя пытанні вырашаны», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі зацверджаны Міхаіл Мясніковіч. Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян прапанаваў падпісаць рашэнне без абмеркавання, бо пытанне ўжо ўзгоднена. Але Прэзідэнт Беларусі настаяў на тым, каб яно не прымалася фармальна.

Міхаіл Мясніковіч сваёй галоўнай задачай назваў забеспячэнне рэалізацыі ўсіх дакументаў і палітычнай волі лідараў ЕАЭС. «Я выдатна разумею, што будзе шмат патрэбнай, але руціннай работы, якая датычыцца ўзгадненняў, выпрацоўкі ўзаемапрымальных рашэнняў. Думаю, багаж ведаў і вопыт, якія я маю, будуць спрыяць таму, каб гэта рэалізаваць», — сказаў ён. Да сваёй работы на новай пасадзе Міхаіл Мясніковіч прыступіць з 1 лютага 2020 года.

На саміце абмеркавалі прынцыповыя пытанні аб стратэгічных кірунках развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года, падпісалі пагадненне аб пенсійным забеспячэнні працоўных у ЕАЭС, разгледзелі пытанне аб рабоце па ўстараненні дзяржавамі бар'ераў у рамках функцыянавання ўнутранага рынку саюза.

***

Фактычна адразу пасля пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета пачаўся нефармальны саміт лідараў краін СНД. На ім абмяркоўвалі захаванне гістарычнай праўды аб Другой сусветнай вайне, аб ролі краін СНД і Перамозе.

Па матэрыялах БЕЛТА

Фота, відэа БЕЛТА

Загаловак у газеце: Саміт і перагаворы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.