Вы тут

Канстанцін Селіханаў: Сучаснае мастацтва — складанае па азначэнні, яно не з'яўляецца крыніцай радасці


Праект, што прадстаўляў Беларусь на сёлетняй Венецыянскай біенале — найпрэстыжнейшай міжнароднай выстаўцы сучаснага мастацтва, — з 18 снежня можна ўбачыць у Мінску. Беларускі адказ на дэвіз выстаўкі, якім гэтым разам стала пажаданне «Каб вы жылі ў цікавыя часы», паказвае Цэнтр сучасных мастацтваў. Конкурсам у Міністэрстве культуры, што вызначае будучага ўдзельніка біенале, была абраная канцэпцыя куратара Вольгі Рыбчынскай і мастака і скульптара Канстанціна Селіханава. Некалькі кампазіцый, дзе фігуры чалавека стасуюцца з пэўным атрыбутам — тэлевізарам, альбо шклянкамі з малаком на падносе, альбо нечым іншым, — падпарадкоўваюцца агульнай ідэі, і ўсё гэта — «Ехіt», альбо «Выхад», альбо нават «Выйсце». Міжнародны агляд мастацтва адгрымеў — «венецыянская» экспазіцыя прыехала ў Мінск, з нагоды чаго мы зайшлі да Канстанціна Селіханава і даведаліся пра эканоміку і практыку падрыхтоўкі да біенале, на якія з'явы рэчаіснасці адказвае яго праект і ў чым заключаецца беларуская трывога.


— Вы ўдзельнічалі ў Венецыянскай біенале двойчы, толькі гэтым разам — у якасці адзінага мастака-аўтара. Ці былі адрозненні сёлетняй падрыхтоўкі ад падрыхтоўкі ў 2009-м?

— Тэхнічна ўсё было прыкладна гэтаксама, то-бок складана. Удзел у Венецыянскай біенале патрабуе намаганняў не толькі мастака — павінен існаваць асобны аддзел, які б займаўся выключна выстаўкай. Да буйнога мерапрыемства па сучасным мастацтве, як і ў сферах кіно ці класічнай музыкі, патрэбна сур'ёзная падрыхтоўка, гэта не так проста, як мяркуюць: «Ну што такое зрабіць выстаўку? — падумаеш, павесіць дзесяць карцін, сказаць нейкую прамову». Свет даўно праехаў гэты этап, апошні раз такі падыход меў месца ў канцы 1940-х, з тых часоў галіна мастацтва хутка развіваецца, але інерцыя дзе-нідзе захоўваецца дагэтуль. Праўда, і ў нас нешта мяняецца, асабліва ў форме, хоць і не вельмі — у ідэях. Каб фармуляваць ідэі, трэба, каб грамадства стала больш складанае, каб мы гаварылі не толькі пра забаву і прапагандавалі не толькі фестываль народнага танца альбо эстрадны канцэрт, для якіх грошы знаходзяцца адразу. Сучаснае мастацтва — складанае па азначэнні, яно не з'яўляецца крыніцай радасці. Дык вось і тады, і цяпер падрыхтоўка да біенале была няпростая, але мне здалося, што сёлета Міністэрства культуры было больш зацікаўленае і адкрытае, то-бок пазітыўныя перамены ўсё ж ёсць.

— Вы сказалі, што павінен існаваць асобны аддзел, які б займаўся падрыхтоўкай да біенале. Што мы страчваем з-за яго адсутнасці?

— Мы заўсёды крыху спазняемся. Падрыхтоўка да біенале мае на ўвазе не толькі стварэнне твора, але і, напрыклад, пошук прыдатнага памяшкання, прыцягненне спонсараў, страхаванне і гэтак далей. Вялікая работа патрабуецца яшчэ да таго, як за справу бярэцца мастак. Праект выбіраецца праз конкурс: яго варта было б арганізоўваць раней, тады ў аўтара было б больш часу, каб выбудаваць экспазіцыю і трансфармаваць ідэю з улікам павільёна. У Францыі, Расіі альбо Венесуэлы пастаянныя павільёны: аўтары ведаюць, якой прасторай валодаюць, — адпаведна, ім значна прасцей рыхтавацца. Я кажу пра тэхнічны працэс, таму што мастаку часта даводзіцца займацца не ўласцівымі яму функцыямі, працэнтаў сорак часу мы робім тое, што не павінны.

— Як дорага краіне абыходзіцца ўдзел у Венецыянскай біенале?

— Дакладна я не ведаю, прыкладна 50 тысяч еўра — гэта гучыць грозна, але насамрэч з'яўляецца даволі сярэдняй лічбай, тыя ж літоўцы выдаткоўваюць на свой удзел у два разы больш.

— Пляцоўкай праекта «Выхад» у Мінску стаў Цэнтр сучасных мастацтваў: наколькі яго антураж адпавядае антуражу, у якім экспазіцыя была прадстаўлена на Венецыянскай біенале?

— Канешне, «Выхад» у Венецыі адрозніваецца ад «Выхаду» ў Мінску, хоць і нязначна. Любая экспазіцыя мяркуе нейкі кантэкст, таму пры яе падрыхтоўцы ўлічваеш наваколле, у якое яе «пагружаеш». Пры мантажы гэтай выстаўкі мы мусілі «змагацца з прасторай», бо яна нам не зусім падыходзіла і першапачаткова праект рабіўся менавіта пад памяшканне, якое мы знайшлі ў Венецыі, — не сказаць, каб цясніну, але нешта выцягнутае і замкнутае. Да таго ж гэта была прастора, у якую ты трапляеш адразу з вуліцы, чаму добра адпавядала слова «выхад». У Мінску з праектам адбылася пэўная трансфармацыя, і адрозненне, у першую чаргу, у маштабе: мы павінны былі ўлічваць, што гэта Цэнтр сучасных мастацтваў з яго сістэмай калідораў і былымі майстэрнямі, таму захапілі частку калідора з намёкам на тое, што гісторыя гэтага памяшкання іншая. Але па вялікім рахунку мы зараз гаворым пра дэкаратыўныя рэчы, якія не ўплываюць на сутнасць.

— А як вы знайшлі і па якіх крытэрыях выбралі памяшканне ў Венецыі?

— Усё вельмі проста: па выключна грашовым фактары. Выбар быў вельмі невялікі, а цэны вельмі высокія, мы заняліся пошукам позна, дакладней, пазнавата, і памяшканні, што нам падабаліся, былі дарагія, а бюджэт — абмежаваны. У выніку з лакацыяй усё атрымалася нядрэнна, нават вельмі сімпатычна: мы аказаліся акурат паміж дзвюма галоўнымі пляцоўкамі — садамі Джардзіні і Арсеналам, дарога паміж імі праходзіла праз наш павільён, таму ў нас было шмат наведвальнікаў і адмыслова займацца рэкламай не было неабходнасці.

— Атрыбуты, якія суправаджаюць чалавека ў праекце «Выхад», больш-менш універсальныя, то-бок іх нельга аднесці да канкрэтнага стылю альбо культуры, апроч аднаго — гранёнай шклянкі. Чаму менавіта яна?

— Калі казаць проста, гэтым праектам я ў першую чаргу расказваю пра сябе — а мая асабістая гісторыя ёсць гісторыя краіны, — і тое пракляцце «жыць у цікавыя часы»: я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, перажыў перабудову і распад СССР, я служыў у савецкім войску, помню Чарнобыль і падзенне Берлінскай сцяны. Мы гэтыя цікавыя часы працягваем пражываць, то-бок дагэтуль не вярнуліся да дабратворнага спакою і знаходзімся ў стане пошуку выхаду, да чаго і адсылае назва экспазіцыі. А праз гранёныя шклянкі мы ўспамінаем падвячоркі ў дзяцінстве і абсалютна высакародныя спробы ўсіх накарміць і з адной каструлі размеркаваць аднолькавыя порцыі. У кожнай з аб'яднаных у праекце работ, між іншым, ёсць свая назва. Тыя скрыні — гэта «Пасылка», а ў стане пасылкі, быццам некуды трэба з'язджаць, а прыехаўшы, усё роўна не знайсці жаданага, сёння знаходзяцца многія з нас. Альбо, напрыклад, «Малітва» — чалавек глядзіць на неонавы надпіс быццам у іншы цудоўны свет, але не бачыць яго, таму што свет гэты — так сабе, падмена рэальнасці, наша любімая «невыносная лёгкасць быцця». І святло неону падмяняе нейкае іншае важнае святло.

— Гэта нагадала мне некаторыя сучасныя кітайскія фільмы, дзе на фоне святлівых, яскравых, забаўляльных рэчаў і пад адпаведныя гукі цацак і ігральных аўтаматаў адбываюцца трагедыі.

— Магчыма, я думаў і пра гэта, пра ілюзію таго, што ўсё цудоўна, пра падманлівы свет, якому людзі моляцца. Я цудоўна памятаю які-небудзь 1988 год, калі ўсе думалі, што Захад сустрэне нас ззяннем і вызваліць ад таго, чым мы былі звязаныя. Кніга на твары чалавека, які глядзіць на неонавы надпіс, — гэта татальны тэкст, што нас не адпускае, твор Карла Маркса гэта ці нешта іншае. Для праекта я выкарыстаў вырваную з кантэкста цытату з «Капітала» як сімвал глабальнага лозунга, што працягвае з намі жыць і, як высвятляецца, не тужыць. І, калі вы звярнулі ўвагу, у кампазіцыі ёсць спроба з ім пазмагацца: тэкст раптам выходзіць у прастору, а на яго месцы аказваецца пустэча, проста шум.

— У анатацыі да вашага праекта сказана пра «крызіс самавыяўлення і няздольнасць стабілізаваць стан трывогі». Ці адчуваеце вы, што сучаснае беларускае грамадства хварэе на трывогу?

— Па-мойму, яна лунае ў паветры, мы вельмі напружаны і гэтае напружанне прысутнічае паўсюль ды толькі ўзмацняецца, ідзе па нарастаючай. Вымушаны канстатаваць, што, калі я пасля часовай адсутнасці вяртаюся дадому, адчуваю ў прасторы чаканне нечага.

— Чым гэтыя напружанне і чаканне выкліканы?

— Тым, што мы не дасягнулі стану, калі проста жывеш, а не думаеш, як выжыць, бо зразумела, калі адчуваеш сябе добра, ты асабліва нікуды не імкнешся, апроч таго, каб з'ездзіць пакатацца на лыжах.

— Некалькі разоў натыкалася на каментарыі заходніх еўрапейцаў аб тым, як яны прыязджалі ў Савецкі Саюз у яго апошнія дзесяцігоддзі і бачылі, што людзі свабодныя, нягледзячы на матэрыяльныя нягоды. Чаму сёння выжыванне магло запаланіць усё іншае?

— Адкрылася скрыня Пандоры, альбо спакус, і мы даведаліся, як увогуле жыве свет. У часы майго дзяцінства не было нават спроб прааналізаваць сацыяльна-палітычную абстаноўку ў краіне, усё ўспрымалася як належнае, ёсць як ёсць. Мы знаходзіліся ў стане вечнасці, дзе нічога не мяняецца, а год праходзіць што секунда. Мы з аптымізмам глядзелі ў будучыню, таму што яна, як і сучаснасць, нам нічога не абяцала. Цяпер свет развіваецца значна хутчэй, гэта відавочна, да таго ж граніцы адкрытыя і мы можам параўноўваць сябе з іншымі і рабіць высновы. Так, у нечым мы адчуваем сябе лепш, напрыклад, трывога ва Украіне адрозніваецца ад нашай. Зразумела, што сучасны свет таксама ў цэлым неспакойны, але не будзем хаваць, што ў Савецкім Саюзе нам папросту хлусілі, мы жылі ў шчаслівай хлусні, а цяпер, калі ў нас ёсць рознабаковыя крыніцы інфармацыі і шанц атрымаць аб'ектыўную карціну свету, мы хоць разумеем, што нешта не так.

— На Венецыянскай біенале вы ацанілі іншыя нацыянальныя павільёны: ці паспявае беларускае сучаснае мастацтва за сусветным?

— Беларускае мастацтва, якое развіваецца нягледзячы ні на што, — гэта ключавы момант, — абсалютна слушнае ў міжнародным кантэксце. Я не казаў бы пра яго шчырасць, бо гэта не тое слова, чалавек можа напісаць нейкую недарэчнасць і зрабіць гэта шчыра, але адзначыў бы жаданне нашых аўтараў казаць пра важныя рэчы. Праз тое, што мы сталі больш адкрытыя, праз мастакоў, якія глядзяць далей свайго носа, праз адукацыю і самаадукацыю мы цалкам слушныя, я кажу гэта абсалютна спакойна. Але сусветная арэна дастаткова кансерватыўная і жорсткая: трэба быць вельмі таленавітым чалавекам, каб цябе заўважылі. Беларусь, давайце будзем шчырымі, не тая краіна, на якую позірк падае ў першую чаргу. Ёсць Расія — вялікая нацыя і гісторыя, ёсць Афрыка, Азія альбо Лацінская Амерыка, хай іх прадстаўляюць невялікія краіны з такімі ж невялікімі гісторыямі мастацтва. Мы, на жаль, усё яшчэ знаходзімся на перыферыі сусветнага руху, у цені Вялікага Брата, хоць нават апошнія з тых, хто сумняваўся, разумеюць, што мы павінны быць самадастатковыя і размаўляць са светам на ўласнай мове, у якой будзе прапанавана палітра ўсяго, што ў нас адбываецца. Таму ўсё ў парадку, нам толькі трэба аб'яднаць два нашыя мастацкія светы, бо некаторыя аўтары моцна не давяраюць дзяржаўным інстытуцыям, якія, у сваю чаргу, арганізуюць рэчы кшталту ўдзелу ў Венецыянскай біенале. У краіне няма рынку, на якім, калі дзяржава нечага не разумее, можна знайсці падтрымку ў іншых інстытуцыях альбо спонсараў. Аб'ектыўныя фактары не дазваляюць нам раздыхацца на ўсю сілу, але шэраг пытанняў мог бы вырашацца куды хутчэй, калі б існаваў нармальны дыялог унутры культурнай суполкі, бо калі мы не будзем цікавыя адно аднаму, то і нікому не будзем цікавыя.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?