Вы тут

Кінатэатры Мінска ўпершыню паказваюць стужку «З шырока заплюшчанымі вачыма»


Рыхтуйце гадзінкі свайго жыцця, каб схадзіць на класічны  фільм «З шырока заплюшчанымі вачыма» класічнага рэжысёра Стэнлі Кубрыка, што ў Беларусі на вялікім экране паказваецца ўпершыню. Супярэчлівая работа — яе, што нядзіўна, называлі і называюць то правалам, то шэдэўрам — аднаго з самых вядомых і парадаксальных кінааўтараў была адрэстаўраваная да дваццацігоддзя з выхаду на экраны. Эратычны трылер пра сямейную пару, якую сыграла тады яшчэ рэальная сямейная пара Ніколь Кідман і Том Круз, поўны Зігмунда Фрэйда, размывання мяжы паміж сном ды рэальнасцю і дзіўных маральных перыпетый. У Мінску фільм, што важна, паказваецца з субтытрамі.


Стэнлі Кубрык пайшоў з жыцця яшчэ да выхаду стужкі на экраны, Кідман з Крузам развяліся ўжо хутка пасля завяршэння гэтай гісторыі, адкрыта эратычныя сцэны выклікалі цэнзураванне, і нават праз дваццаць гадоў карціна застаецца вартай трох гадзін нашага жыцця. Паказы суправаджаюцца кароткім фільмам пра фільм «Не проста сон: Стэнлі Кубрык з шырока заплюшчанымі вачыма», дзе пра работу над апошняй стужкай рэжысёра расказваюць яго калегі і дачка.

У цэнтры сюжэта сямейная пара Біл і Эліс Харфарды, калі іх шлюб ужо знаходзіцца ў стадыі стомы і звычкі. Яны ідуць на вечарыну да багатага кліента Біла, які з'явіцца таксама ў канцы, каб сыграць важную для гледача ролю тлумачальніка, але, чаго і варта было чакаць ад Кубрыка, пакіне столькі ж пытанняў, колькі адказаў. Карціна ў цэлым не дае дакладных дэфініцый і дазваляе падладжваць падзеі пад свае інтэрпрэтацыі, а таксама гуляць з перасоўваннем мяжы паміж рэальным і тым, што прымроілася.

Відавочны эратычны падтэкст праяўляе сябе ўжо на вечарыне, хоць яму і далёка да оргіі, што будзе мець месца пазней. І Біл, і Эліс, і іх шлюб павінны прайсці праз пэўныя выпрабаванні, якія пачнуцца з маленькага бунту жонкі супраць становішча ледзь не безаблічнага набытку і шакіруючага мужа прызнання. Ну а потым мы сканцэнтруемся на падсвядомым доктара.

Я хацела назваць «З шырока заплюшчанымі вачыма» адным з самых вядомых фільмаў Кубрыка, але падумала, што гэта як праўда, так і няпраўда адначасова, бо Кубрык, надзвычай «розны» аўтар, мае цэлы шэраг «самых вядомых» сваіх работ. Між іншым, усё экранізацый — «Лаліта», «Доктар Стрэйнджлаў, альбо Як я перастаў баяцца і палюбіў бомбу», «Касмічная адысея 2001 года», «Завадны апельсін», «Бары Ліндан», «Ззянне», «Цэльнаметалічная абалонка», нарэшце, «З шырока заплюшчанымі вачыма». Якую з гэтых назваў вы не ведаеце? Думаю, чулі прынамсі большасць.

Калі вы знаёмыя з сімпатычнымі чуткамі аб тым, што высадка амерыканцаў на Месяц была насамрэч знятая штучна, то Кубрык — якраз той рэжысёр, які па версіі скептыкаў гэта зрабіў. Маўляў, калі ён мог стварыць «Касмічную адысею 2001 года», а гэта надзвычай вынаходлівая стужка, то і адлюстраванне касмічных інтэрвенцый яму пад сілу.

Я ўжо агаварылася, што Стэнлі Кубрык — надзвычай розны, хоць бы павярхоўна па жанрах: вось вам сатырычная камедыя пра крохкасць свету ў часы халоднай вайны, вось вам філасофская фантастыка пра чалавека ў космасе, вось вам фільм жахаў, тое-сёе, нарэшце эратычны трылер.

«З шырока заплюшчанымі вачыма» зняты па аповесці «Навела аб снах» Артура Шніцлера, які, у сваю чаргу, сябраваў з Зігмундам Фрэйдам. Уласна, творчасць Фрэйда вам і спатрэбіцца, каб зразумець блуканні доктара Біла Харфарда, героя Тома Круза, па начным Нью-Ёрку (здымаўся ў Лондане).

У Мінску фільм паказваецца ў кінатэатрах Sіlvеr Sсrееn і Fаlсоn Сlub Буцік Кіно, і знайсці яго ў афішы можна да 2 студзеня. А паколькі дзеянне фільма адбываецца напярэдадні Каляд, «З шырока заплюшчанымі вачыма» ў пракаце прыходзіцца якраз дарэчы.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Не прайшло і дваццаці гадоў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.