Вы тут

Сваё месца ў крымскай супольнасці


Старшыня мясцовай беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Крым — Беларусь” горада Еўпаторыі Дзіна Шаўчэнка прэзентавала ў Сімферопалі сваю фотавыставу, прысвечаную 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў


У Дзіны Шаўчэнкі — вялікае кола сяброў, яны прыйшлі на фотавернісаж

Прадстаўнікі самых розных народаў жывуць на крымскай зямлі. А якіх? Безумоўна, чытачы “Голасу Радзімы” без роздумаў скажуць пра беларусаў (бо й мы пра іх пішам), рускіх, украінцаў. Нядаўна ў допісе ў рэдакцыю Дзіна Шаўчэнка паведаміла, што на паўвостраве ёсць Дзяржкамітэт па справах міжнацыянальных адносін і дэпартаваных грамадзян Рэспублікі Крым. Там дзейнічаюць рэгіянальныя нацыянальна-культурныя аўтаноміі азербайджанцаў, армян, асецін, балгар, беларусаў, грэкаў, немцаў, караімаў, крымчакоў, чэхаў, украінцаў, яўрэяў. І кожны з народаў прыўносіць свой каларыт у шматнацыянальнае жыццё.

Мы ж яшчэ пры тым удакладнім: галоўныя кірункі ў дзейнасці нацыянальных суполак у немалой ступені вызначаюцца тымі асобамі, што іх узначальваюць. Гэта значыць: папярэднім жыццёвым досведам, цяперашнім “вектарам сацыяльнага руху” лідараў, а таксама й светапоглядам іншых актывістаў, што ўкладваюць свае сілы ў грамадскую дзейнасць.

Яскравы прыклад таму — з Гомельшчыны родам, журналістка па адукацыі, дачка франтавіка Дзіна Шаўчэнка. Усе гэтыя вызначэнні зладжана “працуюць” у яе крымскім лёсе, нібы нейкія нябачныя спружынкі, скіроўваючы вялікую жыццёвую энергію таленавітай асобы ў пэўнае рэчышча. Магчыма, не ўсе ведаюць, але стварала спадарыня Дзіна ў Еўпаторыі грамадскую суполку “Крым — Беларусь” менавіта з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ну а хто такія франтавікі — дзяўчынкай яшчэ ведала, з дзяцінства. Яна ж 19 гадоў таму распачала выданне часопіса “Крым — Беларусь”: спрацавала “журналісцкая спружынка”. Тады жыццёвыя, сямейныя абставіны крымскай беларускі склаліся так, што даводзілася ёй жыць, як кажуць, на два гарады: паміж Еўпаторыяй і Гомелем. І вось гэткім чынам, праз паяднальны працяжнік злучаныя словы можна ўспрымаць і як надпіс на вагоне. Як назву цягніка ў чыгуначным раскладзе, што “злучае” два яе дамы… Часопіс нямала паспрыяў дружалюбным стасункам паміж людзьмі, арганізацыямі дзвюх рэспублік. Цяпер, паведаміла калега, рыхтуецца новы яго выпуск: на першы квартал 2020 года.

У падарунак Дзіне Шаўчэнцы ад мітрапаліта Сімферопальскага і Крымскага Лазара ікону святога Лукі перадае пратаіерэй Аляксандр Алашын

Пра тое, што грамадская праца спадарыні Дзіны з ветэранамі разгарнулася ў тыя гады належным чынам, сведчыць такі факт: па запрашэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі група ветэранаў суполкі “Крым — Беларусь” з 2 па 4 ліпеня 2007 года паўдзельнічала ў святочных імпрэзах, прысвечаных 63‑й гадавіне Вызвалення. Ветэраны наведалі гістарычныя мясціны Мінска, Курган Славы, мемарыял “Хатынь”, гістарычна-культурны комплекс “Лінія Сталіна” пад Мінскам, былі на святочным парадзе ў беларускай сталіцы. У часе той памятнай паездкі ў Беларусь журналістка Дзіна Шаўчэнка зрабіла шмат цікавых рэпартажных здымкаў, прычым добрай фотатэхнікай.

І вось яна непарыўная, заканамерная “лінія лёсу”! Якраз тыя здымкі з Бацькаўшчыны, з ветэранамі, якія вызвалялі Беларусь (прынеслі з сабою свята на акупаваныя ворагам тэрыторыі) застаюцца вельмі актуальнымі й сёння, калі краіна адзначыла 75‑годдзе Вызвалення. Здымкі й склалі аснову фотавыставы Дзіны Шаўчэнкі “Крым — Беларусь”, прысвечанай юбілею. Разгарнулася экспазіцыя ў Крымскай рэспубліканскай універсальнай навуковай бібліятэцы імя Івана Франка.

Абмен падарункамі з зямлячкай Аленай Яўменаўнай

Пра тое, як у сярэдзіне лістапада ў Сімферопалі праходзіла ўрачыстае адкрыццё фотавыставы, зняты відэафільм (аўтары: Валянціна Лаўрэнка ды Аляксей Гладкоў) — яго можна паглядзець на інтэрнэт-партале “Евпаторийское время” http://evpatorіatіme.com. Гасцямі на вернісажы былі прадстаўнікі ўлады, грамадскасці, духавенства Крыма, актывісты розных нацыянальна-культурных аўтаномій ды таварыстваў паўвострава, чытачы бібліятэкі. Фотапраект, дарэчы, праходзіць пад патранатам Мінкультуры Рэспублікі Крым, пры падтрымцы камітэта Дзяржсавета РК па міжнацыянальных адносінах і народнай дыпламатыі. Старшыня камітэта Юрый Гемпель на адкрыцці выставы гаварыў пра Дзіну Рыгораўну як чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Таму добра ведаюць яе не толькі ў Еўпаторыі — ва ўсім Крыме.

Сваю калегу з персанальнай фотавыставай павіншавалі кіраўнікі грамадскіх суполак: рэгіянальнай Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Крыма” Раман Чагрынец ды Украінскай грамады Крыма Анастасія Грыдчына. Цікавы момант: у часе ўрачыстасці спадарыня Дзіна, бачна ў відэафільме, штосьці дорыць пажылой жанчыне. “Я ўвогуле падарункі люблю рабіць! — патлумачыла зямлячка ў пісьме ў рэдакцыю. — На гэты раз адорваю Алену Кірыенку, старэйшую сяброўку-беларуску, якая нарадзілася ў 1934 годзе ў вёсцы Гута Клімавіцкага раёна Магілёўшчыны. Алена Яўменаўна, ведаю, даўно марыць мець нацыянальны беларускі касцюм. Яна ж актывістка дыяспары! Я падарыла ёй тканіны на сукенку, фартух і на цёплую світку. А світка спадарыні Алене патрэбна, бо як ладзіць дзе свае імпрэзы Севастопальская беларуская суполка “Землякі”, то яна вітае гасцей каля беларускага стала з сувенірамі, вышыўкамі, расказвае цікаўным пра беларускія звычаі, абрады. Дарэчы, мне на вернісажы Алена Яўменаўна падарыла — тое бачна і ў фільме — прыгожыя хрызантэмы, якія сама вырасціла”.

Іншым гасцям Дзіна Шаўчэнка ўручала нумары культурна-асветніцкага часопіса “Крым — Беларусь”. Дарэчы, на ўрачыстасці згадалі: калі праект распачынаўся, то яна як галоўны рэдактар атрымала благаславенне ад мітрапаліта Сімферопальскага і Крымскага Лазара на паспяховае развіццё часопіса. А на гэты раз протаіерэй Аляксандр Алашын, клірык кафедральнага сабора Аляксандра Неўскага, перадаў Дзіне Рыгораўне найлепшыя пажаданні ды памятны падарунак ад мітрапаліта: абраз святога Лукі. У святога, дарэчы, родавыя карані былі з Беларусі: з вёскі Ясянец, што цяпер у Баранавіцкім раёне.

Аўтарку фотавыставы павіншавалі Аляксандр Шамрук (палкоўнік, актывіст суполкі “Беларусы Крыма”, Халідзя Ахмеджакава (кіруе Міжнацыянальным цэнтрам культуры й творчасці “Жанчыны Крыма”), Аляксандр Сандрыгайла (намеснік старшыні беларускай суполкі “Землякі” з Сімферопаля), Людміла Айзенштэйн і Тамара Пухальская (сябры праўлення суполкі “Беларусы Крыма”), Віталь Бартохаў (кіраўнік беларускай суполкі “Сябрына” з Алушты) ды многія іншыя. Каларытнай госцяй імпрэзы была Аліфе-ханум Яшлаўская з Еўпаторыі: кандыдат сацыялагічных навук, захавальніца старажытнага манастыра “Текие дервишей” — адзінага, які захаваўся ў Еўропе.

Увогуле ж у імпрэзе пераважаў беларускі складнік. Вершы пра любоў да Бацькаўшчыны, прыгожыя пачуцці прачыталі беларускі паэт Ігар Класоўскі (сябар праўлення суполкі “Беларусы Крыма”), Міхаіл Краснікаў з Бахчысараю, Галіна Баранава з Сак. Прыгожыя песні спявалі артысты з гуртоў “Поющие сердца” (кіраўнік Аляксандр Дудараў, Цэнтр эстраднага мастацтва, Сімферопаль) і “Родныя напевы” (кіраўніца Вольга Рудэнка, намесніца старшыні аўтаноміі “Беларусы Крыма”, саліст Уладзімір Цітавец).

Госці фотавыставы паўдзельнічалі ў складанні “Букета памяці”, згадваючы загінулых у Вялікай Айчыннай вайне. Тыя кветкі Дзіна Шаўчэнка перадала потым у кафедральны сабор Аляксандра Неўскага. Закончыўся беларускі вернісаж — за агульным сталом, з чаяваннем ды адметным частаваннем. Сто дранікаў для гасцей фотавыставы даслаў у падарунак даўні сябар суполкі “Крым — Беларусь”, дырэктар еўпатарыйскага санаторыя “Орен-Крым” Анатоль Арыстаў. Які, дарэчы, заўсёды падтрымлівае правядзенне імпрэзаў з удзелам ветэранаў. Менавіта ў той здраўніцы 2 красавіка, у Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі, упершыню адкрылася, прайшла паспяховае грамадскае выпрабаванне фотавыстава Дзіны Шаўчэнкі. То, будзем спадзявацца, і сімферопальскі яе адрас — не апошні.

Іван Ждановіч

Дарэчы. На пачатку лістапада ў крымскім Парламенце была ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання прадстаўнікоў дыяспар, прымеркаваная да Дня народнага адзінства. За значны асабісты ўнёсак у адраджэнне й развіццё беларускай нацыянальнай культуры ў Рэспубліцы Крым, плённую грамадскую дзейнасць, добрасумленную працу й высокі прафесіяналізм адзначаны сярод іншых граматай, падзякамі старшыні Дзяржсавета РК Уладзіміра Канстанцінава тры актывісты Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Крыма”. Гэта настаўніца Вольга Рудэнка (родам з вёскі Пеніца Калінкавіцкага раёна Гомельшчыны), інжынер Аляксандр Сандрыгайла (нарадзіўся ў 1952 годзе ў вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёна Магілёўшчыны) і журналістка Дзіна Шаўчэнка (нарадзілася ў вёсцы Рыжкоў Брагінскага раёна Гомельшчыны ў сям’і настаўнікаў).

Віншуем, сябры! Плёну вам у далейшай працы на карысць Бацькаўшчыны!

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.