Вы тут

Такія прыгожыя, цёплыя дні


У пашыраным фармаце прайшлі сёлета Дні беларускай культуры ў Цюменьскай вобласці


Марыя Падкарытава, Клаўдзія Зуева, Міхаіл Ефімовіч на свяце

Штогод увосень у нашым рэгіёне — Усходняя Сібір — ладзяцца Дні беларускай культуры. Сёлета яны ўключалі шэраг розных імпрэзаў, прычым далучаны былі ў беларускі святочны карагод не толькі суполкі, творчыя гурты Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Аўтаномія Беларусь” (ёй кіруе Марыя Піскун) ды Мясцовая грамадская арганізацыя “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў горада Табольска (старшыня Уладзімір Габрусь). Важкі ўнёсак у прыгожыя, па-сяброўску цёплыя дні зрабілі й Камітэт па справах нацыянальнасцяў вобласці, абласны аддзел культуры, адміністрацыя Табольска. Можна сказаць: вялікай талакою спрацавалі ўсе структуры, якія паядноўваюць сібірскіх беларусаў, працуюць супольна з імі.

У вёсцы Ермакі, сяле Дзясятава ладзіліся этнаграфічныя выставы прадметаў беларусаў-самаходаў пад назвамі “Традиции и ремесло” ды “В поисках прошлого”. З канцэртнай праграмай у вёсцы Пляханава, прадмесці Цюмені, выступіў сямейны ансамбль “Спадчына” (кіраўніца Надзея Падкарытава), а ў цюменьскім Доме культуры “Нефтяник” — народны ансамбль “Лянок” (ім кіруе Клаўдзія Зуева). У вёсцы Кучарак выступіў фальклорны гурт “Берёзка” (кіраўнік Мікалай Сальнікаў), а канцэртную праграму “Отзовись, душа, песней звонкой!” падрыхтавала ў Цюмені Юлія Чарапанава. Да таго ж у вёсцы Пляханава паспяхова прайшла канцэртна-інфармацыйная праграма “Семья” (падрыхтавала Надзея Падкарытава). У ходзе святочных імпрэзаў гучалі беларускія песні, вершы беларускіх паэтаў, ладзіліся гульні, віктарыны. Ганаровы генеральны консул Беларусі Уладзімір Шугля сустрэўся з актывістамі, сябрамі беларускіх грамадскіх суполак, расказваў, як шматбакова развіваецца супраца між Цюменьскай вобласцю й Беларуссю. Праходзілі майстар-класы па вырабе лялек-берагінь “Сладкая парочка” і “Совет да любовь” у часе вясельнай цырымоніі. А майстэрствам дзялілася Ангеліна Падкарытава. Майстар-класы па выцінанцы з малымі дзецьмі (у вёсцы Яр) ды больш старэйшымі (у вёсцы Ямбаева) правяла Вольга Кустава.

Заключны гала-канцэрт “Сустрэчы сяброў” прайшоў у Табольскім Палацы культуры “Синтез”. Варта нагадаць, што ўсе беларусы любяць бываць у Табольску: там Уладзімір Аляксандравіч Габрусь любую імпрэзу зладзіць як мае быць. То што ўжо казаць пра Дні беларускай культуры! Праграму складалі яны разам з Марыяй Піскун. Прымалі нас цёпла й сардэчна. Табалякі перад канцэртам удзельнічалі ў майстар-класах, разглядалі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, падпявалі-прытанцоўвалі на адкрытых пляцоўках. А беларусы з сяла Арамашава падрыхтавалі сюрпрыз: дэгустацыю беларускіх страў. І ўсіх ахвочых не проста падражнілі — накармілі смачнымі дранікамі, халадцом, смажанкамі, салам… Гасцінна, ад усёй душы — па-беларуску. Тым часам у фае, глядзельнай зале пастаянна гучала беларуская музыка, і ўрэшце ў святочны настрой акунуліся ўсе. Яшчэ назіранне: прыезджых выканаўцаў, удзельнікаў гала-канцэрта хуценька размясцілі ў гасцініцах, своечасова пакармілі, падвезлі на спецаўтобусах да месца падзеі. Адвялі час для рэпетыцый. Карацей, гасціннасць Уладзіміра Аляксандравіча, яго арганізатарскія здольнасці, аўтарытэт заслугоўваюць толькі захаплення.

Добрая традыцыя ў беларусаў Цюменьшчыны: сустракацца на штогадовым свяце. У Дні беларускай культуры падводзяцца вынікі года, яны даюць магчымасць усім жыхарам вобласці акунуцца ў нашу творчасць, бліжэй пазнаёміцца з беларусамі, рысамі нацыянальнага характару. А ёсць у нашых душах любоў да свабоды, жыццёвая стойкасць, калі трэба й мужнасць. Мы жывем з верай у дабро й справядлівасць, выклікі жыццёвыя сустракаем з аптымізмам і гумарам, нас пазнаюць у свеце па шчодрасці, дабрыні. А колькі ў выступах гуртоў беларускіх творчасці душы, добрага густу, талентаў! Тое асабліва яскрава відаць у часе гала-канцэрта, які традыцыйна збірае супляменнікаў з розных раёнаў вобласці. У Табольск прыехалі госці з Вікулава, Заводаукаўска, Арамашава, Ішыма, Цюмені.

Марыя і Мікалай Піскуны

Грамаду віталі дэпутаты Цюменьскай абласной і Табольскай гарадской дум Юрый Юхневіч і Святлана Жураўлёва, начальнік аддзела Камітэта па справах нацыянальнасцяў Сяргей Яфімчык, Герой Расіі, лётчык Уладзімір Шарпатаў. Павіншавалі ўсіх са святам Марыя Піскун ды Уладзімір Габрусь. А пакуль доўжыўся канцэрт, над сцэнай плылі-расцвіталі родныя беларускія краявіды, узнікалі карцінкі з жыцця ў Беларусі. Падзячнымі лістамі губернатара вобласці ўшанаваны Марыя Піскун і Мікалай Сапега — старшыня рэгіянальнай грамадскай арганізацыі беларусаў рэгіёну.

На святочнай імпрэзе бліскуча выступілі ансамбль “Вячоркі” (кіраўніца Валянціна Міхіенка, заслужаная работніца культуры Расіі), “Лянок” (кіраўніца Клаўдзія Зуева, выдатніца народнай асветы Расіі, ветэран педагагічнай працы), “Бярозка” (кіраўніца Святлана Філюшына), “Жывіца” (кіраўніца Алена Антончанка), “Россияночка” (кіраўніца Надзея Вычужаніна) ды “Спадчына” (кіраўніца Надзея Падкарытава). Дарэчы, сям’і Падкарытавых у 2008 годзе было прысвоена званне “Сям’я года” ў горадзе Лангепасе, сёлета ж яна стала “Сям’ёй года Расіі”. Выступала і Юлія Чарапанава, якая прадаўжае традыцыі беларускай культуры ў Сібіры. Народная мудрасць гаворыць: дрэва жыве, пакуль на ім з’яўляюцца маладыя зялёныя лісточкі. Так і народная культура Беларусі квітнее, прымнажаецца, пакуль яе апяваюць ды зберагаюць у звычаях, рамёствах маладыя людзі. А спадарыня Юлія — з такіх: таленавітых ды працавітых. Помніцца яшчэ, як пранікнёна Валянціна Міхіенка чытала кранальны верш Паўла Саковіча “Не прадавайце дом бацькоўскі!”. У праграме паўдзельнічалі харэаграфічны ансамбль “Нью-Брэвис” (танцаваў “Беларускую польку”), ансамбль “Тобольские жемчужины” ды іншыя. На завяршэнне гала-канцэрта вынеслі два сцягі — Расіі ды Беларусі, а “Спадчына” выканала песню “Белая, Белая Русь”. І так гэта ўсё кранала, што людзі ў зале плакалі: ад радасці, ад захаплення, ад пражывання дзівоснага моманту нашага сяброўства.

Людміла Бакланава, г. Цюмень

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.