Вы тут

Родныя людзі на Балканах


У часе візіту Прэзідэнта Беларусі ў Бялград мы чулі шмат неказённых слоў не толькі пра дзелавое партнёрства. “Мы сябры, мы проста родныя людзі. А гэта найвялікшая і шчырая аснова нашага супрацоўніцтва,” — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам.


Ёсць нейкая няўлоўная мяжа паміж ліхам і дабром — у любую пару жыцця. Нават у цяперашнім часе, віхурным свеце, калі змяшалася, здаецца, усё з усім. Нехта робіць на табе свой бізнес — а ўсміхаецца, як лепшаму сябру. Хтосьці, правёўшы перамовы, здавалася б, “у цёплай дружалюбнай атмасферы”, кідае ўслед табе, толькі прыкрыеш за сабой дзверы, раздражнёна: “Пайшоў ты!..”. Цынічны кар’ерыст, цягнучы жылы з падначаленых на шляху да ўлады, знаходзіць сабе апраўданне: “Нічога асабістага: толькі бізнес”. Эх, як хочацца тады кінуць бяздушнаму спрытнюгу, перафразуючы беларускае народнае: “Бізнес добра вАмі ўгноены — вось таму ён і расце!”.

Здзелкі па брэксіце, гандлёвыя войны, афшоры, падстаўныя фірмы, кантрафакт, чорныя рыэлтары, падпольныя цахі, ценевая эканоміка, брудная нафта, гандлёвыя санкцыі… Не хочацца доўжыць. Хочацца жыць — і не баяцца, што цябе “кінуць”. Што табе здрадзяць. Што табе “ўсунуць”. Што цябе скарыстаюць і выкінуць, як салфетку. Спішуць, выбракуюць. Ды яшчэ і ўпікнуць: “Я ж табе…” Ці ў маштабах краіны: “Ну мы ж вам, беларусам…”. Таму ўсё больш цэніш з гадамі не столькі матэрыяльны дабрабыт (важна ж не колькі маеш — важна, каб табе хапала), колькі годных людзей, хто адчувае няўлоўную мяжу паміж ліхам і дабром. І, трымаючы ўсімі сіламі раўнавагу на Тэрыторыі Дабра, ніколі мяжу тую не пераступае.

Вядома ж, у вялікай палітыцы — свае законы, піяр-хады, паліттэхналогіі. Але ж калі ёсць духоўная роднасць і шчырасць паміж людзьмі, то гэтаму верыш і без “прыпраў”. Перагледзьце фотаздымкі, відэарэпартажы з часу візіту Прэзідэнта Беларусі ў Сербію. Мяркую, шмат зразумееце, адчуеце й без слоў. А нехта, магчыма, згадае, як у 1999‑м малады Прэзідэнт маладой Рэспублікі Беларусь паляцеў у Бялград. Які тады бамбілі самалёты НАТА. “Чаго ж яго туды, у самае пекла панесла?..” — пэўна, не толькі беларускія бабулькі, памятаючы жахі Вялікай Айчыннай, так разважалі. Ды й маліліся за смельчака.

Аляксандр Вучыч, прымаючы цёзку, таксама з вялікай удзячнасцю прыгадаў той гістарычны візіт, які сербы ўспрынялі як знак братэрскай падтрымкі з боку ўсіх беларусаў. Сам Вучыч займаў тады пасаду Міністра інфармацыі, таму ведаў і разумеў: Лукашэнка рызыкаваў. Высокі госць у працяг тэмы разважаў: “Тады ніхто не думаў пра тое, што мы здзяйсняем нейкі гераічны ўчынак. Мы ехалі да сваіх братоў, да сяброў. Калі-небудзь я ў дэталях раскажу, што таму папярэднічала, што было потым. Але ж так склалася, што мы не маглі кінуць у бядзе блізкіх нам людзей. Так, мы не гіганцкая імперыя. Але мы — вашы людзі, а вы — нашы. Таму мы павінны былі быць разам. Потым было шмат адпаведных мерапрыемстваў, гуманітарных місій. Многія спрабавалі перашкодзіць нам у супрацы з вамі. Але запланаванае тады мы рэалізавалі”.

Ёсць розныя знакі павагі ў дачыненні да афіцыйнай асобы: такая мова палітыкі. Дый не толькі яе. Скажам, у Палацы Сербіі Аляксандра Лукашэнку віталі й галасамі званоў з праваслаўнага храма насупраць. Яны загаварылі, як пад’ехаў прэзідэнцкі картэж. Нібы вера сербаў пачала дыялог з роднаю — праваслаўнаю — верай прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі. Кажуць, у той знакавы момант праз шчыльныя хмары над Бялградам прабілася сонца. Потым выкананне гімнаў Беларусі ды Сербіі суправаджалі артылерыйскія залпы.

Як сведчаць рэпартажы калег, на перамовах галоўная ўвага надавалася гандлёва-эканамічнай супрацы. Сербская эканоміка на ўздыме, і сумесныя праекты з Беларуссю могуць мець узаемавыгадны плён. Дарэчы, і сербскі бізнес мае свае інтарэсы ў Беларусі. Найвядомы прыклад — кампанія “Дана Холдынгз”, якая ўзводзіць у беларускай сталіцы буйныя аб’екты “Маяк Мінска” і “Мінск Мір”.Узровень двухбаковага таваразвароту (150 мільёнаў долараў) не задавальняе абодва бакі. Казалі: трэба выходзіць на паўмільярда. Беларусам цікавае выгаднае геаграфічнае становішча Сербіі, рэжымы свабоднага гандлю краіны з ЕС, ЕАЭС, Турцыяй. Там добрыя тэмпы развіцця будаўнічай галіны, сельскай гаспадаркі. Таму нядзіўна, што наша сельгастэхніка ў Сербіі запатрабаваная. У горадзе Новы-Сад пяць гадоў працуе зборачная вытворчасць трактароў малой магутнасці, а МТЗ на бізнес-форуме заключыў новыя кантракты. Ездзяць па Бялградзе нашы тралейбусы й аўтобусы, запатрабаваныя ў Сербіі БЕЛАЗы. Усяго ж у часе беларуска-сербскага бізнес-форуму ў Бялградзе падпісаны кантракты на $100 млн.

Зрэшты, сапраўднае братэрства вымяраецца, вядома ж, не ў далярах. Аднак развіццю шматбаковых кантактаў духоўная роднасць народаў Беларусі ды Сербіі, безумоўна, вельмі спрыяе.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.