Вы тут

Не забытыя вы, “Незабудкі”!


У Мінскім аэраклубе імя С. І. Грыцаўца, што месціцца цяпер на аэрадроме Ліпкі, прама ў ангары прэзентавалі гістарычна-дакументальны фільм “Незабудки. Бессмертный полк” вядомага тэлевядучага, сцэнарыста, пісьменніка, прадзюсара Леаніда Якубовіча


Легендарны самалёт По-2

Легендарны самалёт У‑2, пазней перайменаваны ў самалёт По‑2, вы напэўна калі-небудзь бачылі, хай сабе і ў кінахроніцы. Гэта з такіх у Вялікую Айчынную вайну скідвалі лёгкія бомбы на пазіцыі ворага лётчыцы 46‑га гвардзейскага начнога бамбардзіровачнага авіяцыйнага Таманскага Чырванасцяжнага і ордэна Суворава палка. Гэта быў жаночы авіяполк, а лётчыц ворагі называлі: “начныя ведзьмы”. Дык вось, тыя самалёты сталі ўжо гісторыяй. Адзін з адноўленых По‑2 для здымак свайго фільма Леанід Якубовіч змог знайсці ў Мінскім аэраклубе імя Сяргея Грыцаўца.

Чым быў унікальны авіяполк? У ім ляталі толькі жанчыны. Учарашнія школьніцы й студэнткі ад 16 да 25 гадоў ставілі рэкорды на фронце па колькасці баявых вылетаў. Авіяполк удзельнічаў у вызваленні Беларусі, Крыма, Польшчы… Дзяўчаты грамілі ворага на яго тэрыторыі — у Германіі. А ляталі ж — на “швейнай машынцы”, “этажэрцы”, “ціхаходзе”, як жартам празвалі ў вайну самалёт У‑2. Пазней, у хрушчоўскую пару, яго назва была — “кукурузнік”. Любы авіятар-мужчына, пэўна, палічыў бы за абразу, калі б яму прапанавалі ваяваць на гэтай “несур’ёзнай” машыне: хуткасць каля 100 км/г, невялікая вышыня, маламагутны рухавік, адкрытая кабіна без бронеспінак, няма рацыі, а драўляныя крылы абцягнуты паркалем. На такім добра лятаць у бясхмарным небе ды ўлетку, пад павевы цёплага ветрыку. А вайна — гэта зусім іншы “фармат”… “Дунькін полк”, — кпілі часам з іх чырвонаармейцы. Так празвалі яны дзяўчат па імені кампалка Еўдакіі Бяршанскай, якой часам даводзілася быць для тых і замест маці.

Сапраўды, самалёт У‑2 (По‑2) савецкі авіяканструктар Мікалай Палікарпаў распрацаваў не для ваенных дзеянняў. Біплан прызначаўся для навучання й трэніровак курсантаў. Аднак у вайну дзяўчаты авіяпалка пасля 7 месяцаў засваення тэорыі й практыкі лётнай справы адразу выходзілі на ім у бой. Падымаліся ў неба ў любую непагадзь, дождж, зімовую сцюжу, 30‑градусны мароз. І гэта — у адкрытай кабіне, без рацыі, нават без парашутаў (яны былі выдадзены лётчыцам недзе на другім годзе службы), з грузам бомбаў пад крыламі да 500 кілаграмаў. І гэта па 10–18 разоў за адну ноч. Абмаражэнні, недасыпанне, пастаянныя фізічныя ды эмацыйныя перагрузкі, палаючыя самалёты сябровак… А яны ўсё роўна ляталі!

Нязручная для паветраных баёў машына стала незаменнай ноччу ў ваенны час. Кволыя жанчыны зрабілі тое, на што не рашыўся ніводзін мужчына: яны пераўтварылі недахопы вучэбнага самалёта на вайне ў яго перавагі. Бо заўважылі: невялікія хуткасць і вышыня палёту У‑2 у параўнанні з самалётамі, якія мелі бамбардзіровачныя прыцэлы, павышалі дакладнасць бомбамятання і без тых. Да ўсяго на малой вышыні “швейная машынка” з’яўлялася ў небе нечакана, і зенітчыкі не паспявалі адрэагаваць. Хуткасныя ж самалёты-знішчальнікі праляталі міма над “ціхаходам”, губляючы яго як цэль. Драўляныя крылы з паркалем планіравалі на зямлю нават і з дзіркамі ад куль. Слабае стракатанне маламагутнага рухавіка дазваляла бясшумна й незаўважна даставіць смяротны груз углыб варожых пазіцый.

230 дзяўчат-незабудак за тры гады вайны больш за 24 тысяч разоў падымаліся ў начное неба, каб ляцець насустрач смяротнай небяспецы і скінуць бомбы на ворага. Яны знішчылі й пашкодзілі 17 перапраў, 9 цягнікоў, 176 аўтамабіляў, 86 агнявых кропак. Усяго не пералічыць… Таму, хто саб’е У‑2, гітлераўскія камандзіры абяцалі жалезны крыж. А лётчыц ворагі называлі між сабой “начнымі ведзьмамі”: вельмі ж яны іх непакоілі. Чырвонаармейцы пачалі з цёплынёй зваць дзяўчат з “Дунькінага палка” “Сястрычкамі”,”Чайкамі” (па іх пазыўных), “Незабудкамі” (з‑за вышытых кветак на іх парцянках-анучах). У фільме “Незабудки. Бессмертный полк” ролі бясстрашных лётчыц выконваюць мінскія гімназісткі.

Каб зразумець сакрэт іх мужнасці, Леанід Якубовіч сам падняўся ў неба на легендарным У‑2 (По‑2). Ён зрабіў на “кукурузніку” экстрэмальны ўзлёт, правёў тэст на яго жывучасць, апрабаваў ранейшы спосаб бомбамятання над гістарычна-культурным комплексам “Лінія Сталіна” пад Мінскам. На прэзентацыі кінастужкі пра “Незабудак” Леанід Якубовіч выступаў перад курсантамі Беларускай акадэміі авіацыі ды лётнага факультэта Ваеннай акадэміі як бывалы пілот. Вядомы многім па расійскай тэлеперадачы “Поле чудес” тэлевядучы — за штурвалам 20 год. Ён закончыў Калужскае авіяцыйнае лётна-тэхнічнае вучылішча ў 2002 годзе, мае 1870 гадзін налётаў, ведае 8 тыпаў лятальных апаратаў. У Мінскім аэраклубе Леанід Якубовіч асвоіў самалёт Ан‑2 і верталёт Мі-2. Спецыяльна для здымак у фільме навучыўся лятаць на легендарным По‑2.

Такіх машын было выпушчана каля 30 тысяч, на сённяшні дзень ацалела толькі дзве, адна з іх ёсць у авіяпарку Мінскага аэраклуба. Яго начальнік Мікалай Мачанскі прызнаўся, што займець По-2 там хацелі заўсёды. На легендарным У‑2 курсанты аэраклуба пачыналі лятальную падрыхтоўку яшчэ ў 1934‑м. Дарэчы, той самалёт быў набыты на членскія ўзносы піянераў і падараваны аэраклубу ў дзень яго адкрыцця. Новенькі По‑2 з арыгінальным рухавіком былых часоў, сабраны на Харкаўскім авіязаводзе, выкупіў нядаўна ўладальнік групы кампаній “А‑100” Аляксандр Цэнцер і падараваў аэраклубу (якому сёлета 85 гадоў!). (Дарэчы, Аляксандр і сам пілот, прычым актыўна лятае. А ў жніўні-верасні 2018‑га на лёгкім аднаматорным вінтавым самалёце Cessna 182T пілоты Аляксандр Цэнцер і Андрэй Барысавец здзейснілі першы беларускі кругасветны пералёт. Стартаваўшы 18 жніўня, яны былі ў палёце амаль месяц — прызямліліся на аэрадроме Ліпкі 15 верасня. Праляцелі 30000 кіламетраў, былі ў паветры 145 гадзін. Падрабязней — тут: http://letіm.by/ — Рэд.)

Леанід Якубовіч і Мікалай Мачанскі​

Апошнім часам, пасля пераезду ў Ліпкі, Мінскі аэраклуб мае адзін з найлепшых авіякомплексаў у Еўропе. У яго авіяпарку акрамя По‑2 ёсць самалёты Ан‑2 і ТВС‑2 МС, а таксама спартыўныя Як‑52, верталёты Мі-2 і Robіnson R44. У здымках фільма былі задзейнічаны, акрамя По‑2, самалёты Як‑52 і верталёт Мі-2. Плануецца, што ў хуткім часе ў Ліпкі з аэрадрома Баравая пераедзе й Музей авіяцыйнай тэхнікі: на новай пляцоўцы размесцяцца 45 рарытэтных лятальных машын.

Леанід Якубовіч любіць лятаць з аэрадрома ў Ліпках. У 2016‑м пабываў на авіяфестывалі ў Шчучыне: там адрадзілі закінуты аэрадром. А летась быў ганаровым госцем на фестывалі “Пронебо” і чэмпіянаце свету па верталётным спорце на аэрадроме Баравая. Шукае ў Беларусі продкаў па бацькоўскай лініі. Некалькі гадоў таму наведаўся ў вёску Якубовічы, што на Гродзеншчыне, у Шчучынскім раёне. Вёска з такой назвай ёсць і ў Мінскім раёне. Хто ведае, можа з часам і там здыме свае фільмы?.. Бо, прызнаўся на сустрэчы ў Мінскім аэраклубе, яму вельмі “баліць вайна”.

Ганна Лагун

Фота аўтара

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.