Вы тут

Паказаць беларускую жанчыну як асобу


Часопіс «Алеся» адзначыў 95-годдзе


Ігар Бузоўскі перадае віншаванне ад міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча  рэдактару «Алесі» Ларысе Ракоўскай. Фота Кастуся Дробава

Многія перыядычныя выданні Беларусі маюць даўнюю гісторыю і традыцыі. На мінулым тыдні беларускі часопіс для жанчын «Алеся» адзначыў 95-годдзе з дня выхаду. Адно з найстарэйшых беларускіх перыядычных выданняў заснавана ў 1924 годзе па ініцыятыве жаночага аддзела ЦК КПБ(б) і насіла назву «Беларуская работніца і сялянка», пазней змяніла яшчэ некалькі назваў: «Беларуская работніца і калгасніца», «Работніца і сялянка». Сённяшняе імя часопіс атрымаў у 1995 годзе.

Першым галоўным рэдактарам жаночага часопіса была Марыя Муратава, якая пасля ўступлення ў камуністычную партыю ў сямнаццацігадовым узросце актыўна займалася ліквідацыяй непісьменнасці.

Святкаванне прайшло ва ўрачыстай атмасферы — у Нацыянальным мастацкім музеі, пад гукі класічнай музыкі. Да гэтага свята музей зладзіў выстаўку твораў, аўтаркі якіх праславілі беларускае мастацтва ХХ стагоддзя. Музычнае аздабленне імпрэзы забяспечылі навучэнцы і выпускнікі Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага.

Асноўная мэта часопіса застаецца нязменнай на працягу ўсяго часу яго існавання  — паказаць беларускую жанчыну як асобу. Прывітальныя словы і віншаванні калектыву часопіса накіравалі шматлікія госці і першыя асобы рэспублікі.

«Выданне і сёння робіць важкі ўклад у стварэнне светлага і высакароднага вобраза беларускай жанчыны, выхаванне нашай моладзі і папулярызацыю сямейных каштоўнасцей. Упэўнены, што і надалей творчы калектыў часопіса будзе верны свайму прафесійнаму абавязку і добрым традыцыям»,  — адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў віншавальным адрасе, які зачытаў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч.

Віншаванні ад міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча разам з падзякай калектыву часопіса перадаў намеснік міністра Ігар Бузоўскі. Па яго меркаванні, разам з юбілеем часопіса грамадства адзначыла ролю жанчыны як у жыцці дзяржавы, так і ў жыцці кожнага асобнага мужчыны. «Сёння “Алеся” робіць важкі ўклад у рэалізацыю ў грамадстве ролі жанчын, распавядаючы сваім чытачам аб сямейных каштоўнасцях, раўнапраўі, сацыяльнай падтрымцы і дасягненнях жанчын»,  — сцвердзіў у прывітальным адрасе міністр інфармацыі.

Таксама з віншаваннямі да калектыву часопіса звярнуліся Марыяна Шчоткіна, старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын», нязменнага партнёра «Алесі»; Павел Сухарукаў, дырэктар РВУ «Выдавецкі дом “Звязда”», пад крылом якога цяпер знаходзіцца часопіс; Таццяна Філімонава, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, Аляксандр Пятровіч, дырэктар Вялікага тэатра оперы і балета, прадстаўнікі Нацыянальнага мастацкага музея і іншыя госці.

На святкаванні, якое прайшло пад назвай «Жанчына  — трапяткі сусвет», шмат размаўлялі пра мінулае, пра гісторыю часопіса, пра неўтаймаваную энергію жанчын, якія стваралі яго 95 гадоў таму і падтрымлівалі яго існаванне і актыўнае жыццё. Асаблівым момантам мерапрыемства стала запрашэнне да мікрафона траіх былых галоўных рэдактараў  — Марыю Карпенка, Раісу Баравікову і Тамару Бунту. Напрыканцы свайго выступлення Марыя Карпенка прамовіла: «У мяне адна просьба  — запрасіце на 100-годдзе!» Думка пра імклівае набліжэнне стогадовага юбілею часопіса лунала ў паветры на працягу ўсяго мерапрыемства. Атрымліваецца, што б ні адзначалі разам з юбілеем часопіса  — ці трываласць і шматгадовую гісторыю беларускіх перыядычных выданняў, ці ролю і значнасць жанчын у грамадстве і ва ўсіх аспектах жыцця — галоўнае — тое, што калектыў выдання працягвае глядзець наперад, у будучыню, таму яго праца патрэбная і актуальная.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.