Гэты год стаўся юбілейным для паэта, лаўрэата Рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» і Міжнароднай літаратурнай прэміі імя С. А. Ясеніна Міколы Шабовіча. У студзені ён адсвяткаваў свой 60-гадовы юбілей, у сакавіку споўнілася 40 гадоў створанаму ім літаратурнаму аб’яднанню «Крокі». Зараз Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка святкуе 105-годдзе. Менавіта ў гэтай ўстанове Мікола Шабовіч працуе ўжо 30 гадоў. Сапраўды, цудоўная нагода сустрэцца з творцам, каб пагаварыць пра жыццё, творчасць і родны ўніверсітэт.
— Мікола Віктаравіч, вы аўтар сямі паэтычных кніг. Ці не хочацца паспрабаваць сябе ў іншым напрамку? Ці мо працуеце над восьмай?
— Апошнім часам шмат займаўся перакладамі з рускай паэзіі. Класічнай і сучаснай. А таксама перакладамі з сучаснай рускамоўнай паэзіі Беларусі. Усяго пераклаў каля 500 твораў. Дасць Бог, нешта з’явіцца ў друку ў наступным годзе. Але гэта залежыць не толькі ад мяне. Стараюся не запускаць і ўласную творчасць. Дарэчы, з некаторымі новымі вершамі нядаўна знаёміліся чытачы «ЛіМа». Не ганюся за колькасцю — чакаю таго моманту, калі радкі нібы самі дыктуюцца з неба. І пакуль натхненне не пакідае, магу напісаць за адзін дзень (ці адну ноч) некалькі вершаў. Памятаю, аднойчы пайшоў у парк Чалюскінцаў і з ранку да вечара нарадзіў ажно пяць вершаў. На прыпынак ужо ішоў, як кажуць, «на аўтапілоце». Гэта ў той незабыўны дзень з’явіўся адзін з найбольш удалых твораў. «Гады, гады... Не вернуцца яны, / Хіба прысняцца толькі на хвіліну / Пад клёнаў шум, гаючы шум лясны, / Пад ветру спеў, пад посвіст салаўіны». Наогул, люблю пісаць лежачы. Паколькі я сава, то большасць вершаў створана ўсё ж ноччу. Калі не пішуцца свае вершы, то перакладаю любімыя творы іншых паэтаў. Быў час, калі я захапляўся пародыямі і эпіграмамі. Вынік такога захаплення — дзве кнігі, адна з якіх уганаравана Рэспубліканскай літаратурнай прэміяй «Залаты Купідон».
— Помніце, пра што быў ваш першы верш?
— Такое не забываецца. Мяне, васьмікласніка Дзягільскай васьмігадовай школы, адправілі на раённую алімпіяду па хіміі. Аўтобус да Мядзела прыпазніўся, і я зайшоў апошнім у памяшканне, дзе праводзілася алімпіяда. Бачылі б вы маю разгубленасць, калі я заўважыў, што ўсе месцы (за партамі сядзелі па адным) былі занятыя. Арганізатары суцяшалі, маўляў, знойдзем месца, і падсадзілі за першую парту да чароўнай бялявай дзяўчынкі, тым самым вызначыўшы ў многім мой далейшы лёс. Замест таго, каб рашаць хімічныя задачы, я думаў пра маю сімпатычную суседку, як яе завуць, з якой яна школы... Коса пазіраў у яе запісы, а яна, мабыць, думала, што хачу спісаць у яе хімію, і таму, як магла, захіналася ад мяне. Не ведаю, ці перамагла яна ў алімпіядзе. Я, канечне, не. Але ж вечарам я быў самым шчаслівым чалавекам у свеце, бо напісаўся мой першы верш. «Все оксиды, кислоты и соли / Реагируют только с тобой…». Да сённяшняга часу тэма кахання для мяне асноўная.
— Але вы працуеце і ў песенным жанры...
— І з прафесійнымі, і з самадзейнымі кампазітарамі мы напісалі каля дзвюх соцень песень, некаторыя з іх у свой час дэбютавалі на фестывалях у Маладзечне і Віцебску, а потым часта гучалі па радыё і тэлебачанні, як, напрыклад, «Залатыя арэлі сноў» у выкананні Алесі Гайдук (кампазітар Алег Елісеенкаў), «Будзь маёй» у выкананні Дзмітрыя Мінько (кампазітар Алена Атрашкевіч), «Малады казак» у выкананні Ірыны Дарафеевай (кампазітар Уладзімір Сарокін), «Люся» (кампазітар і выканаўца Алег Цівуноў). Многія творы сабраны па магнітаальбомах. Песень 40 (а мо і 50) напісаў на мае вершы кампазітар і выканаўца Алег Малашчыцкі, больш за 30 песень створана ў суаўтарстве з кампазітарам Міколам Яцковым, і гэта далёка не ўсё. Апошнім часам вельмі плённа супрацоўнічаю з таленавітым пінскім кампазітарам і спеваком Віктарам Мяцельскім, а таксама мінскім кампазітарам Аляксандрам Страцэўскім. Нашы песні вельмі цёпла прымае сталічная публіка. Хочацца падзякаваць і даўнім сябрам Дзмітрыю Пятровічу і Анатолю Міхальчэнкаву, якія напісалі музыку не толькі на многія мае лірычныя вершы, але і на пародыі. За музычную інтэрпрэтацыю маёй паэзіі я ўдзячны многім, спіс можна працягваць доўга.
— Яшчэ ў студэнцкія гады вы стварылі літаратурнае аб’яднанне «Крокі». Назавіце найбольш вядомых выпускнікоў аб’яднання. Хто ў большай ступені апраўдаў і апраўдвае вашы надзеі?
— Стварыў не толькі я, але і мае паплечнікі. Назву аб’яднанню даў мой тагачасны аднайменны верш. З таго ж верша вырас і дэвіз: «Крочыць, каб потым застаўся след!» Выпускнікамі сталі вядомыя ўжо сёння літаратары, а тады, у 1979 годзе, першакурснікі Мікола Ждановіч і Мікола Мікуліч. Зборнік вершаў выдала іх аднакурсніца Людміла Харужык (Глінская). Выпускнікі аб’яднання пазнейшых гадоў плённа працуюць у паэзіі і прозе: Дзмітрый Пятровіч, Таццяна Сівец, Сяргей Карчыцкі, Ганна Міклашэвіч, Таццяна Старасценка, Аксана ЯрашонакКамінская, Яна Явіч, Ксенія Шаржановіч, Таццяна Выскварка, Ірына Чарняўская, Вераніка Мандзік… На жаль, рана пайшла з жыцця паэтка і празаік Ганна Васільева-Давідовіч, якая падавала вельмі вялікія надзеі.
— Вы працавалі настаўнікам у школе, але пачалі выкладаць ва ўніверсітэце. Чаму?
— Усё даволі проста: падчас працы ў школе я здаваў кандыдацкі мінімум, а калі з’явілася месца ў вочнай аспірантуры, мяне паклікалі туды. І пасля заканчэння аспірантуры пакінулі на працы. Тут абараніў кандыдацкую дысертацыю, тут працую і сёння.
— Ці атрымліваеце водгукі аб сваёй творчасці ад студэнтаў?
— Стараюся на занятках сваю творчасць (маю на ўвазе паэтычную) не дэманстраваць. Выступаю толькі на літаратурных вечарах ва ўніверсітэце і паза ім: у музеях, бібліятэках. Часам такія імпрэзы наведваюць і студэнты. Бачу па вачах, што ім падабаюцца мае вершы, а таксама песні на мае словы. Бывае, што выказваюць прыхільнасць да маіх аўдыяі відэазапісаў лайкамі ў сацыяльных сетках.
— Час змяняецца. Ён накладвае свой адбітак і на мову ды літаратуру, і на падыходы да іх выкладання. Здаецца, гэта не можа не быць заўважна па моладзі, якая вучыцца ва ўніверсітэце. Ці бачыце нейкія змены ў стаўленні студэнтаў да роднай мовы?
— Асаблівых зменаў не бачу, бо заўсёды былі (ёсць і, напэўна, будуць) тыя студэнты, для якіх беларуская мова святая з малых гадоў дзякуючы бацькам, настаўнікам, сябрам, добрым кнігам добрых пісьменнікаў, як кажуць, апосталаў нацыі. А таксама былі (ёсць і, мабыць, таксама будуць) тыя, хто яшчэ да канца не зразумеў значэнне роднай мовы. Асабліва крыўдна, калі гэтага не разумее будучы выкладчык роднай мовы і літаратуры.
— У чым істотныя адрозненні цяперашніх студэнтаў ад студэнтаў, з якімі працавалі 10—15 гадоў таму?
— Істотных, бадай, няма. У кожны час ёсць тыя студэнты, якія свядома абралі прафесію і ідуць да сваёй мэты. У адных нешта атрымліваецца лепш, у іншых — горш. Для кагосьці педпрактыка — радаснае свята, а для кагосьці — экзамен на прафесійную прыдатнасць. Своеасаблівае выпрабаванне. І тады, і сёння ёсць і першыя, і другія. На жаль, апошнім часам прыходзіць усё менш абітурыентаў, якія пішуць вершы, апавяданні. І гэта мяне турбуе і непакоіць.
— Ці супадаюць вашы хваляванні як выкладчыка з трывогамі студэнтаў?
— Пра студэнцкія трывогі лепш спытаць у саміх студэнтаў. Але мяркую, што ў нас могуць быць і агульныя трывогіперажыванні. Часам на пэўныя дысцыпліны (у тым ліку і спецыяльныя) вылучаецца невялікая колькасць гадзін. Асабліва на завочным навучанні. Лічыцца, што маладыя людзі ў школе дастаткова добра засвоілі родную мову. Насамрэч гэта далёка не так. Трывожыць пэўная пасіўнасць студэнтаў, слабая арыентацыя ў сучасным літаратурным працэсе. Падчас майго студэнцкага жыцця лічылася за норму падпіска на беларускія літаратурныя часопісы, газету «Літаратура і мастацтва». Сённяшняя моладзь далёка не заўсёды знаходзіцца ў курсе літаратурнага жыцця краіны. А цяжкасці, бадай, пастаянныя. У сутках толькі 24 гадзіны. Ужо не кажучы пра канкрэтныя заняткі, абмежаваныя 45 ці 90 хвілінамі. Шмат на што не хапае часу.
— Што перш-наперш трэба выхоўваць у студэнце-філолагу? Чаго ўвогуле не хапае сённяшняй моладзі?
— Любоў да кнігі і свайго прадмета. Не абмяжоўвацца выключна заняткамі і падрыхтоўкай да іх. Вельмі карысна наведваць розныя літаратурныя вечарыны, знаёміцца з пісьменнікамі, браць у іх аўтографы, рабіць здымкі на памяць. Усё гэта спатрэбіцца падчас працы ў школе. Варта наведваць тэатры, асабліва пастаноўкі па творах школьнай праграмы. Гэта таксама будзе дапамагаць пры выкладанні прадмета, рабіць заняткі цікавымі, змястоўнымі і разнастайнымі. Безумоўна, кожны выкладчык універсітэта павінен задумвацца пра маладую змену, пра тых, хто пойдзе ў магістратуру і аспірантуру і потым стане не толькі добрым выкладчыкам, але і таленавітым навукоўцам, аўтарам падручнікаў і дапаможнікаў. А наогул, трэба выхоўваць павагу і любоў да Радзімы, да беларускай мовы і літаратуры, шчырасць, адданасць бацькоўскай зямлі. Гэтыя ж рысы варта выхоўваць не толькі ў студэнтаў-філолагаў, але і ў кожнага чалавека. Прычым з малых гадоў.
— Як творцу, як выкладчыка — што натхняе вас у вучэбным працэсе?
— Радуе магчымасць кантактаваць з маладымі людзьмі, па сутнасці, інтэлектуальнай будучыняй Беларусі, магчымасць падзяліцца сваімі ведамі, а таксама нечаму і навучыцца ў іх. Радуюць творчыя адносіны многіх студэнтаў да прадмета. Радуюць і натхняюць іх розум і малады імпэт. Прыемна пачуць ад студэнтаў словы ўдзячнасці пасля заняткаў.
— Напрыканцы традыцыйнае пытанне: што дала вам праца ў педуніверсітэце? Як ён змяняецца з цягам часу?
— 42 гады таму я паступіў вучыцца ў гэтую ўстанову адукацыі, тады яшчэ Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага. Закончыўшы яго і адпрацаваўшы 5 гадоў настаўнікам Шыпкоўскай васьмігадовай школы Вілейскага раёна, вярнуўся сюды ў аспірантуру, пасля паспяховага заканчэння якой вось ужо 30 гадоў (палову свайго жыцця!) выкладаю родную мову. Тут прайшоў шлях ад асістэнта да дацэнта, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Тут атрымалі «пасведчанні аб нараджэнні» многія мае вершы. Не на занятках, канечне. Пісаліся ў студэнцкім інтэрнаце, потым ужо ва ўласнай мінскай кватэры, у парках горада, на маёй малой радзіме… Дарэчы, там, у маіх Бадзенях, нарадзіўся цыкл вершаў «Твая прафесія Настаўнік», і нарадзіўся не проста так, а па просьбе рэктара ўніверсітэта Аляксандра Іванавіча Жука, якому я вельмі ўдзячны. Таксама я аўтар слоў гімна БДПУ, які выконваецца на розных урачыстасцях. Прыемна, што мая праца адзначана нагрудным знакам «За ўклад у развіццё БДПУ», а таксама граматамі і дыпломамі. Ці змяняецца ўніверсітэт? Канечне. І толькі ў лепшы бок. Мне падаецца, што з кожным годам ён прыгажэе і маладзее.
Гутарыла Яўгенія ШЫЦЬКА
Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.
Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
На прасторах яе вялікасці кнігі.