Вы тут

«Харошкі»: 45 гадоў узбагачаючы беларускую культуру


Адкрыць душу — як у спевах, зліцца ў руху — як у танцы… І атрымаць гэта ўсё разам. Магчыма? Вядома, калі на сцэне — Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Характары герояў абмалёўваюцца скрупулёзна, сэнс мае любы танцавальны эпізод, гармонія рухаў узнімае на крылах… Вось ужо 45 гадоў ансамбль адданы сваёй галоўнай ідэі — натхняць танцам, дорачы высокае мастацтва.


Харэаграфічная замалёўка «Пілігрымы» з праграмы «Полацкі сшытак». Фота Багдана Жоўценя.

Створаны ў 1974 годзе пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі, ансамбль паспяхова развівае найлепшыя традыцыі, дэманструючы паглыбленне ў эпоху, раскрываючы новыя гістарычныя грані. Стваральнік ансамбля, яго легендарны мастацкі кіраўнік і галоўны балетмайстар народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянціна Гаявая адмысловым творчым почыркам ператварае кожны нумар у жывы спектакль. Прыклад таму — урачысты святочны канцэрт з нагоды 45-гадовага юбілею «Харошак» у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Хтосьці мудры сказаў, што, калі малюеш галінку, трэба чуць дыханне ветру. Думаецца, каб танцаваць, трэба чуць мелодыю сэрца. Без сумненняў, гэтым вось ужо 45 гадоў кіруецца Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Выступленні ансамбля даюць імпульс, здольны зварухнуць планеты: вытанчаныя рухі ачышчаны ад усяго лішняга, выпадковага. А калі гэта яшчэ дапаўняецца вакальным суправаджэннем, усё працуе на выразную ідэю — скалыхнуць, заахвоціць да ўнутранага абуджэння.

Сёння ў «Харошках» многа моладзі, але працуюць і карыфеі калектыву  — майстры, якія стаялі каля вытокаў стварэння ансамбля, а цяпер з’яўляюцца яго гонарам. Сярод іх  — заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Фёдар Балабайка, Святлана Кашталапава-Патаповіч, Алеся Кур’ян, а таксама знаныя віртуозы Валянціна Гехт, Андрэй Асаёнак і, вядома, нязменны мастацкі кіраўнік — народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянціна Гаявая, якая сваімі творчымі знаходкамі дорыць гледачам бясконцае натхненне:

— Я іншага не ўмею: не пяю, не іграю ні на чым, а гэта — маё (шукаць і знаходзіць.  — Н.  С.),  — гаворыць Валянціна Іванаўна. — Я адчуваю любоў да людзей, да прыроды, да Беларусі — яна мне вельмі падабаецца. І гісторыя. «Полацкі сшытак» як з’явіўся? Зрабіла шмат танцаў фальклорных, задумалася, што яшчэ, — за гісторыю ўзялася. У мяне вялікі рэпертуар: толькі 65 твораў – залаты фонд. А найбольш дарагія мне «Беларусы. Поры года» — гэта вельмі цікавая праграма.

Танец перадае хваляванні сэрца, дакладней, хваляванні паўсотні сэрцаў — усіх артыстаў «Харошак», якія дораць са сцэны ўзрушальны аповед. Так сталася і на святочным канцэрце з нагоды 45-гадовага юбілею «Харошак» у Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Колеравая і ідэйная насычанасць дэкарацый у Вялікім падкрэсліла дынаміку танцаў. І дзея ператваралася ў музыку рознакаляровых фарбаў. На юбілейным канцэрце ў Вялікім тэатры Валянціна Гаявая і «Харошкі» парадавалі гледачоў прэм'ерай «Купальская сюіта» ў трох частках на музыку У. Гінько і І. Ерамяевіча. Гэты твор дэманструе пераасэнсаванне чалавечага жыцця: ад паганскіх часоў да прыняцця хрысціянства. Тут паказаны шлях душы ад жарсцяў да Усявышняга. Жаночае сола а капэла настройвала на надзею, дэкарацыі лесу — чаканне чагосьці таемнага. Адмысловае відэасуправаджэнне было ў тон рухам дзяўчын з вянкамі: як белыя птушкі надзеі ў карагодзе. «Ой рана на Івана» — дынаміка ў парах. Раптоўны звон — як напамін пра духоўнасць. Шматузроўневая кампазіцыя факусуецца на маленькім хлопчыку, які нясе фату. Незвычайная праніклівасць і глыбокі сэнс — такі падыход да працы калектыў назапашваў дзесяцігоддзямі.

Валянціна Гехт, загадчык трупы, у «Харошках» з часоў заснавання, танцавала ў адной з першых васьмі пар:

— Помню, як шукалі манеру выканання: было складана, бо новая мова, іншае выкананне, выпрацоўвалі індывідуальнасць. Мы першыя ўвялі ў сцэнічны касцюм галаўныя ўборы. З гастролямі пабывалі амаль паўсюль. Кантрастам запомніліся Індыя, Японія, Англія, Фінляндыя, Італія, Сірыя, Іарданія. Самая першая паездка была ў Данію і стала незвычайнай: паклоннікі не маглі пакінуць нас і нават праследавалі, суправаджалі з горада ў горад. Аб’ездзілі мы тады таксама ўсю Італію: за 40 дзён абагнулі ўвесь «бот».

Візітка «Харошак»  — унікальная праграма «Полацкі сшытак», грандыёзная сваёй глыбінёй, бо сягае ў гісторыю. На сцэне паўстаюць розныя слаі грамадства ВКЛ: ад беднякоў да магнатаў. Запаленыя факелы на экране, сярэднявечная музыка — найлепшая атмасфера для балю ў дарагіх касцюмах на сцэне Вялікага (танец «Вечар у замку»). Пералівы тоненькага званочка — і пары ў няспешных рухах, прысядаючы, быццам ажываюць. Лірычная музыка падкрэслівае арыстакратычнасць. Мірскі замак на экране — ва ўнісон з танцам і вытанчанымі строямі. Але хутка іх зменіць прадстаўніца іншага слою грамадства, якая працягвае кошык, каб туды кінулі манетку. Пік праніклівасці  — вакальнае сола траіх дзяўчын: «Панна Марыя, Маці, ты прыйшла з адным жаданнем  — ратаваць людзей ад пакарання». «Полацкі сшытак»  — праграма незвычайна маштабная, яна трымае гледачоў на адным дыханні ад пачатку і да канца. Вось, напрыклад, «Танец рамеснікаў» у яркіх рознакаляровых касцюмах, што зіхацяць як вясёлка. То наймацнейшая пульсацыя, то затуханне  — цымбалы: іх сола з пералівам дае разгадку: і выходзяць пары, і ступаюць велічна ў касцюмах рамеснікаў. Такім чынам, кожны танец паказвае розных прадстаўнікоў грамадства, іх характар. І канцэптуальная нагрузка тут — менавіта на касцюмах.

— Усяго ў нас 7200 адзінак касцюмаў, — заўважае загадчык касцюмернай «Харошак» Ніна Сашко. — Я танцавала ў ансамблі у 80-я, у 1989-м пайшла на пенсію. Больш за ўсё мне падабаюцца народныя касцюмы: яны блізкія па духу.

А мастак па касцюмах Аляксей Гаявы адзначае:

— Касцюмы — свята для вачэй, для гледача, — у гэтым мая задача, прынамсі так я яе разумею. Ёсць касцюм, які мне асабліва дарагі, — у нумары «Мядуначка» з праграмы «Беларусы»: ён адзін з самых простых, але шчыры і чысты, як наша Беларусь.

Незвычайная красамоўнасць танца разам з узнёсласцю мелодый і вакальных партый даюць адчуванне палёту. Артысты «Харошак» глыбока сягаюць у існасць музыкі, увасабляюць рухі не аўтаматычна, а быццам адухаўляюць. Асабліва гэта адчувалася, калі пары пад дымінуэнда цымбалаў пакідалі сцэну. Найцікавейшы сюжэт — у нумары «Сакалінае паляванне». Сакалінае паляванне — любімая забава маладых князёў. Пасля палявання ў замку пачынаецца святочны вечар. Па старадаўнім звычаі юнакі ўпершыню ўбачаць сваіх з дзяцінства нарачоных нявест, закрытых фатой. У кожнай пары свая гісторыя... Калі вочы сустрэліся, а сэрцы з’ядналіся, то сыходзяць разам. «Полацкі сшытак»  — прыклад меладычнага багацця, выразнасці і разнастайнасці. Трактоўка вобраза народа ўражвае яснасцю, відовішчнымі эфектамі, масавымі сцэнамі. Сляпы з палкай, які выстуквае рытм, акрабатычныя скокі беднякоў (замалёўка «Пілігрымы») — мелодыі ўзвышаныя, настройваюць на адкрыццё, даюць наймацнейшы зарад. Асабліва каларытнае сола баянаў.

Баяніст Мікалай Чарнамораў у калектыве ўжо 17 гадоў:

— Тут мая душа  — гэта галоўнае. Калі справа падабаецца, то адпачываеш. Люблю і рухомыя, і лірычныя кампазіцыі. З лірыкі, напрыклад,  — карагод з «Суботы»: хлопец і дзяўчына ў пары — пачуцці, каханне. Кожным разам ныраеш глыбей.

З'яўленне на сцэне манаха-гандляра індульгенцыямі, ролю якога выконвае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь непаўторны Фёдар Балабайка,  — як сонечная ўспышка. Фёдар Балабайка ў «Харошках» адзін з самых сталых удзельнікаў, працуе з моманту заснавання ансамбля:

— Сорак пяць гадоў у калектыве  — гэта пра многае гаворыць,  — заўважае Фёдар Якаўлевіч.  — Сёння я асістэнт балетмайстра. Танцаваў. У «Харошкі» трапіў з самадзейнасці. Прайшоў конкурс  — мяне ўзялі, і вось з 1974 года тут па сёння. Выдаеш свой адрэналін — і з гледачом узаемная аддача. Калі мы пачыналі, на той час у «Харошак» пераважала фальклорная праграма. Для мяне дарагія «Лянсей», «Весялуха», «Гусарыкі», «Субота», потым пайшлі іншыя нумары — «Местачковы вальс», «Пава», «Юр’еў конь», «Каляда». Мастацкі кіраўнік Валянціна Іванаўна  — наш рухавік — лакаматыў, а мы — вагончыкі.

 У харэаграфічнай замалёўцы з жыцця вандроўных жабракоў «Пілігрымы» аповед імкнецца да яркай кульмінацыі: бедняку з палкай надзяваюць на галаву карону. Каранаваны бядняк — дасягненне і недарэчнасць? «Полацкі сшытак» дае магчымасць задумацца пра многае…

Не менш насычаная беларуская сюіта ў трох частках «Субота»: у «Польцы з гармонікамі» эмоцыі здольны расквітнець надзвычай пышна. Сярод шматлікіх выяўленчых прыёмаў, якія дэманструюць чатыры пары, вылучаецца чачотка дзяўчат, феерверк народнай радасці. «Лірычны карагод» — як танцавальны эскіз для палётаў душы. У тым ліку дзякуючы вакалістам: «Няма майго міленькага, што я палюбіла…» Танец з музыкай і вакалам — паўната пачуццяў. Праніклівы завяршальны цымбальны пераліў — як абдымкі для душы.

«Скокі» — усплёск пачуццяў, экспрэсіі, калі мільгаюць чырвоныя сукенкі і белыя фартушкі. Неверагодна ўражальны танцавальны рух, калі хлопец круціць партнёршу як ваўчок: віртуознасць, запал, ураган пачуццяў.

Музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Вечар у замку» з праграмы «Полацкі сшытак». Фота Багдана Жоўценя.

— Феерверк эмоцый ад танца на сцэне дасягаецца напружанай працай,  — пераканана Святлана Кашталапава-Патаповіч, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, педагог-рэпетытар «Харошак» (працуе з першага дня заснавання калектыву, танцавала сярод першых 8 пар, была вядучай салісткай). — Энергія прыходзіць, калі аддаеш, выкладаешся. Так і Гасподзь казаў: «Каб штосьці атрымаць, аддайце». Мышцы танцуюць разам з выканаўцамі, нават калі проста назіраю за імі. Без харэаграфіі немагчыма ўявіць жыццё. Калі згадваць першыя нумары, то гэта былі «Мітусь», «Кадрыля лянсей», «Столінская пастараль», «Пастушок», «Субота».

— Усё, на што здольны, усё, што маем, аддаём са сцэны,  — дзеліцца Алеся Кур’ян, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь (у гэтым годзе 25 гадоў, як яна ў «Харошках»). — Я вельмі ўдзячна калектыву за тое, што ён даў: эмоцыі, перажыванні. Увесь прафесіяналізм мы зарабілі тут. Калектыў падарыў мне і сям’ю: тут я сустрэла мужа. Кожны нумар ты пражываеш, і кожны раз — абсалютна іншыя эмоцыі: ці то лірыка, ці то характарны энергічны нумар, дзе аддаеш тэхніку. Але ў любым выпадку на сцэну выходзіш наросхрыст.

Андрэй Асаёнак, цяпер рэпетытар «Харошак», прыйшоў у ансамбль у 1990 годзе. Валодае выдатнай тэхнікай, адметнымі акцёрскімі здольнасцямі. Усё жыццё адпрацавала ў «Харошках» артысткай балета і яго жонка Яна Асаёнак.

— Упершыню я трапіў на канцэрт «Харошак», калі яшчэ навучаўся ў вучылішчы (на той момант культпрасвет),  — успамінае Андрэй Асаёнак.  — «Харошкі» заўсёды ўражваюць тым, што з першых нот тут ствараецца абсалютна іншы свет. З тым, хто трапіў на спектакль «Харошак», здараецца нейкая метамарфоза, адбываецца своеасаблівае ачышчэнне (ад знешняга свету, дзе ўпор  — на зарабленне грошай, а шоу  — пад патрэбы гледача). Праграмы «Харошак» заўсёды адрознівала лірыка. Дзякуючы музыцы, харэаграфіі адмыслова закранаюцца струны душы з ніжняга рэгістра… Тут цябе чапляюць за самыя вытокавыя пачуцці, за базавыя адчуванні  — любоў, пяшчоту, дабрыню. Пасля добрага спектакля, як і пасля добрага фільма, чалавек становіцца чысцейшы. Так якраз павінна быць, гэта нармальная з’ява. Калі я першы раз убачыў праграму «Харошак» (канец 1980-х гадоў), зразумеў, што буду танцаваць толькі тут.

Лекаў для душы сёння шмат, але, думаецца, танец — від лекаў адзін з найлепшых. «Харошкі» — доказ гэтаму.

Наталля СВЯТЛОВА

Друкуецца ў газеце "Літаратура і мастацтва"

Загаловак у газеце: Феерверк пачуццёвасці і экспрэсіі

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.