Вы тут

Асалода? Безнадзейнасць?


На свеце існуе вялікае мноства падыходаў да чытання, за кошт якіх можна выцягнуць з кнігі нашмат больш інфармацыі, чым падчас класічнага паглыблення ў змест. Але не заўсёды веданне гэтых методык прыводзіць да нейкіх адкрыццяў.


Фота Кастуся Дробава.

Таму часам даводзіцца карыстацца імі папросту дзеля таго, каб атрымаць хоць нейкую асалоду ад чытання кніг, бо ёсць зборнікі з падзагалоўкам «Выбранае», ад якіх заўсёды ненаўмысна (але цалкам заканамерна) чакаюць пэўны зрэз аўтарскага творчага шляху: узлёты, падзенні, стылістычная эвалюцыя ці дэградацыя (ці ўсё разам), карацей, адмысловая дынаміка.

У анатацыі да адной з такіх кніг напісана, што ў ёй змешчаны вершы «ад пачатку да сёння» і «без ніякай храналогіі па часе напісання». Гэта быццам дае падставу да канцэптуалізацыі структуры кнігі, да ўпарадкавання мастацкага багажу некалькіх дзесяцігоддзяў. Нават сам па сабе працэс такога ўпарадкавання можа быць карысны — і ўжо не для чытача, а для самога аўтара. Але наступнымі словамі пасля тых, што працытаваны вышэй, ідуць гэтыя: «Падача па раздзелах досыць умоўная». Ды як жа гэтая кніга працуе на ўзроўні структуры? І ці працуе наогул?

Калі ацэньваць па крытэрыі «змены чытацкага вопыту»  — так, безумоўна працуе. Але, на вялікі жаль, выключна ў негатыўным ключы. У кніге пяць раздзелаў, якія больш ці менш адпавядаюць наступным тэматычным блокам: прырода (пейзажная лірыка, якая ў асноўным завязана на канкрэтных порах года), радзіма (агульная  — Беларусь і канкрэтная  — Полацк), вайна і памяць (успаміны пра вайну, пераважна афганскую, пераплеценыя з успамінамі пра маці), а далей  — досыць характэрная герантычна-псіхафізіялагічная «трылогія», якая складаецца з тэм болю/знішчэння, змагання з болем/знішчэннем, а таксама творчасці. Разбіццё на раздзелы павінна было прадэманстраваць тэматычную разнастайнасць, сканцэнтраваць увагу чытачоў на пэўных звышкропках аўтарскага мастацкага погляду, але замест усяго гэтага выявіліся дзве праблемы, фатальныя для ўспрымання як адной канкрэтнай кнігі, так і ўсёй творчасці аўтара.

Праблема № 1 (прыватная): аўтар часта паўтараецца. Тое, што магло б спрацаваць на ўзроўні асобнай падборкі для якога-небудзь літаратурнага часопіса, выглядае зусім па-іншаму, калі прачытваецца ў пяты ці дзясяты раз запар. Асабліва цяжка ў гэтым плане паддаюцца чытанню першыя два раздзелы: пра прыроду і радзіму. Вершы пра прыроду (з даўгімі туды-сюдыперакатамі паміж вясной, летам, восенню і зімой) спрабуюць сакцэнтаваць змест на розніцы паміж усімі порамі года, але з-за аднолькава элегічнага падыходу чытаюцца быццам сабраныя ў адзінае відэа time-leap, у якім за некалькі секунд могуць пранесціся дні, тыдні і нават гады. І вынік у такога прагляду адзін: агульнае пачуццё кліматычнай дынамікі, але ніякіх канкрэтных запамінальных вобразных стоп-кадраў. Яшчэ цяжэйшая сітуацыя — з тэкстамі пра родны кут. Пасля шматлікіх паўтораў слова «Беларусь» перастае ўспрымацца, а тэксты ў сваю чаргу быццам ператвараюцца ў карыкатурныя агіткі, партыю якіх падчас Года малой радзімы выпусціў з канвеера Мінскі вершавыпрацоўчы завод № 19. І гэта досыць сумна, бо, хаця асобныя вартыя моманты ў кнізе ёсць, яны змешваюцца са сваімі меней удалымі копіямі і зліваюцца ў аднароднае тэкставае месіва не самай высокай якасці. У рамках кнігі на гэтым можна было б паставіць кропку, але ж калі даводзіцца працаваць з Выбраным, можна перайсці і да агульнага творчага шляху паэта, а гэта заканамерна адгукаецца наступнай праблемай.

Праблема № 2 (глабальная): аўтар часта паўтараецца на працягу ўсяго творчага шляху. Тое, што магло б не надта сапсаваць аўтарскую карму ў выпадку з адной кніжкай, спрацоўвае наадварот у сітуацыі з Выбраным. Ад першай да апошняй літары кніга вытрымана ў адным стылі: роўна плывуць мова і мастацкія сродкі ад аднаго верша да другога, ад таго да трэцяга і г. д. Некалькі дзесяцігоддзяў працы са словам і назірання за светам прыводзяць да адных і тых жа матываў, адных і тых жа сродкаў выразнасці. І гэтаму ёсць частковае тлумачэнне: аўтар пачаў пісаць толькі ў 1990-х у сталым узросце. Лічыцца, што ў адрозненне ад прозы паэзія больш чуллівая да ўнутраных зменаў, да ўсіх мімалётных хістанняў душы. Таму добры паэт — той, хто праз усю шалёную сінусоіду быцця пранёс сваё слова з сабой. Паэзія — гэта актыўны працэс, працэс пошуку адказаў на пэўныя пытанні, а ва ўзросце, калі шмат адказаў ужо ёсць, застаецца толькі, як сумленнаму аптэкару, без канца ўзважваць-пераважваць назапашаныя траўкі і парашочкі, што пад прызмай паэзіі выглядае не так цікава, як можа выглядаць пад прызмай прозы.

Няма нічога надта таемнага ў тым, што гаворка ішла пра кнігу «Мір вашаму дому» паэткі Надзеі Салодкай, якая надрукавана ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» гэтай восенню, але, зразумела, выведзеныя тэндэнцыі тычацца не толькі канкрэтнай паэткі, але і даволі шырокага пласта сучасных вершаскладальнікаў.

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.