Вы тут

Ад аўтэнтыкі да эстрады


Сям’я ў любым выпадку павінна быць вялікай агульнай працай, людзі ўнутры яе натхняюць і падтрымліваюць адно аднаго. Часта творчыя калектывы становяцца сапраўднымі сем’ямі, але ў нашым выпадку сям’я стала творчым калектывам. Нядаўна народнаму сямейнаму ансамблю «Жывіца» споўнілася 25 гадоў. Аб тым, як калектыў ствараўся і жыве цяпер, распавядае яго кіраўнік Юрый Крывашэй.


Фота Наталлі Пархомічык

— Раскажыце пра гісторыю стварэння калектыву.

— У нас у Пухавіцкім раёне ёсць Борскі сельскі Дом культуры, які раней называўся клубам. У 1993 годзе працаваць сюды прыйшлі мая цётка Таццяна і бацька Юрый. У канцы года яны разам з маёй бабуляй Зінаідай стварылі фальклорны ансамбль, у які ўваходзілі людзі розных прафесій. У 1994 годзе ансамбль даў першы канцэрт. Пасля гэтага пачалася гастрольная дзейнасць: выязджалі ў розныя вёскі, суседнія раёны. Спявалі акапэльна. Потым прыйшла працаваць мая маці Наталля. Да 2010 года гэты ансамбль існаваў, хоць удзельнікаў станавілася менш.

І ў 2010 годзе так атрымалася, што сярод удзельнікаў калектыву засталася толькі наша сям’я — бацькі, цётка, дзядзька і бабуля. І нам прапанавалі з’ездзіць на абласны фестываль сямейнай творчасці «У родзе ўсё ў згодзе» ў Салігорску. Пасля гэтага фестывалю нам прысвоілі статус сямейнага ансамбля. Пачалася актыўная гастрольная дзейнасць, з 2013 года сталі выязджаць за мяжу. Мы спявалі, як цяпер кажуць, пад мінус. А ў 2016-м нам прапанавалі ўзяць планку вышэй і атрымаць званне «Народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». У лютым 2016 года гэтае званне атрымалі. У канцы 2016 — пачатку 2017 года ансамбль пашырыўся: уключылася інструментальная група.

— Атрымліваецца, што вы выраслі разам з гэтым ансамблем. У які момант вырашылі працягваць справу сваёй сям’і?

— З самага дзяцінства. Заўсёды было вельмі цікава, калі ўсе збіраліся на канцэрты. Я на сцэне з чатырох гадоў. Мяне аддалі ў музычную школу па класе баяна, потым пайшоў вучыцца ў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў на аддзяленне народных інструментаў. Спецыфіка ў тым, што там атрымліваеш адукацыю не толькі як музыкант, але і як арганізатар сацыякультурнай дзейнасці. Вучыўся спачатку як баяніст, потым пачаў асвойваць іншыя інструменты: і народныя духавыя, і некаторыя струнныя. Пасля паступіў ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў на кафедру духавой музыкі, бо зацікавіўся менавіта беларускімі духавымі інструментамі. За гэты час я навучыўся рабіць апрацоўкі, стаў прымаць удзел не толькі ў сваім сямейным ансамблі, але і ў многіх іншых фальклорных групах. Падчас вучобы трапіў у капэлу беларускіх народных духавых інструментаў «Гуды» пад кіраўніцтвам Ігара Мангушава. Граў з народным ансамблем «Харошкі», з аркестрам Жыновіча, было вельмі шмат паездак і канцэртаў, але гэта ўсё не перашкаджае мне займацца маім сямейным калектывам. Пасля ўніверсітэта пачаў працаваць там афіцыйна.

— Чаму менавіта вы сталі кіраўніком ансамбля, а не хто-небудзь са старэйшых сваякоў?

— Кіраўніком стаў я, таму што толькі ў мяне ў сям’і ёсць профільная музычная адукацыя.

— А ў пастаноўках нумароў, канцэртаў вы займаеце месца рэжысёра ці ўсё робіцца разам з калектывам?

— Заўсёды ўсё робім разам: усе прапануюць розныя ідэі, якія ўплятаюцца ў адну канву. Можна сказаць, што асноўная частка ідэй ідзе ад мяне, таму што я знаходжу нейкія песні, раблю іх апрацоўкі. Кожны ж калектыў павінен мець свой твар, а не спяваць аднолькавыя песні пад капірку. З маёй падачы рэпертуар пашырыўся — у нас з’явіліся яўрэйскія, украінскія, рускія кампазіцыі. Рэпертуар наш наогул вельмі разнастайны: ад аўтэнтычных абрадавых песень да эстрадных.

— Як калектыў уплывае на адносіны ўнутры сям’і?

— Гэта вельмі моцна згуртоўвае. Мы, атрымліваецца, маем зносіны паміж сабой у іншым амплуа: не толькі сям’я, але і калегі. Размовы часта круцяцца вакол калектыву: што зрабіць, як зрабіць. Канцэрты таксама моцна ўплываюць на гэта. За год у нас праходзіць каля 80 канцэртаў — прычым сольных, па гадзіне або больш. Бывалі моманты, калі ў дзень у нас было па тры або чатыры канцэрты. Некаторыя доўжыліся пяць гадзін.

— Чым вас прыцягвае народная музыка?

— У мяне з дзяцінства ўкладалася, што менавіта з дапамогай народнай музыкі мы ўяўляем Беларусь. Праз народную музыку на самай справе вельмі шмат чаго праходзіць. Шмат аспектаў жыцця. У гэтых песнях адлюстравана ўсё: і каханне, і праца, і многае іншае. Гэтыя песні дазваляюць зазірнуць у сутнасць жыцця.

— Што для вас прынцыповае ў працы?

— У першую чаргу захаванне лакальнай культуры на нашай тэрыторыі. Некаторыя калектывы бяруць усё і адусюль і не заўсёды захоўваюць тыя вакальныя асаблівасці мясцовасці, перарабляюць нават словы, што для нас недапушчальна. Мы стараемся гэта захаваць, хоць і падаём шырокаму гледачу ў трохі іншым амплуа, але асноўны пласт застаецца нязменны.

Асаблівасць нашага калектыву — гэта яшчэ маёй бабуляй закладзеная традыцыя: мы ніколі не развучваем партыі. Кожны спявае так, як чуе, і ўсе галасы зліваюцца. У нашай вакальнай групе прафесійных музыкаў няма. Але інструментальная група ўся складаецца з прафесіяналаў, больш за тое, амаль усе яны мультыінструменталісты.

— Падзяліцеся планамі на будучыню.

— Планаў шмат. У гэтым годзе мы прымалі ўдзел у святкаванні Дня незалежнасці ў Палацы Рэспублікі, у адкрыцці II Еўрапейскіх гульняў, удзельнічалі ў галоўным абласным фестывалі «Напеў зямлі маёй», у якім наш сумесны з ансамблем «Крыніца» нумар заняў другое месца. У планах, вядома ж, захаваць гэты ўзровень. З часу, як калектыў стаў яшчэ і інструментальным, рэпертуар пашырыўся, і сам ансамбль стаў больш прафесійны. У нас ёсць задумка паспрабаваць рабіць каверы, як цяпер папулярна. Ёсць ідэя зрабіць, напрыклад, канцэрт рэтра пад народныя інструменты.

Нядаўна паспяхова прайшоў наш юбілейны канцэрт. У нашым раёне даволі складана сабраць залу (выступалі ў Пухавіцкім раённым цэнтры культуры). Але да нас прыйшло шмат людзей, і гэта было вельмі прыемна. Адразу пасля канцэрта прадстаўнікі абласнога цэнтра народнай творчасці сказалі нам: «Вы граеце 19 снежня на юбілеі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур у Нацыянальнай бібліятэцы». Мы будзем прадстаўляць Рэспубліку Беларусь. Планы пачынаюць рэалізоўвацца.

 Гутарыла Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.