Вы тут

Якія адкрыцці зрабіў карэспандэнт «Звязды» на Іўеўшчыне


Беларусь яшчэ хавае мноства сакрэтаў. Трэба толькі навучыцца іх заўважаць. Часам мясцовыя жыхары могуць здзівіцца: чаго гэта вучоныя людзі з Мінска цягнуцца, каб паглядзець на валун, што валяецца ў чыстым полі? І што яны шукаюць каля крыніцы? А чаго бадзяюцца па старых могілках? Чаму так радуюцца, калі ім баюць старыя казкі?

Калі выбіраешся ў вандроўкі з этнагістарычным цэнтрам «Явар», вучышся шукаць кавалачкі старажытнасці, спасцігаць светапогляд продкаў, здзіўляцца іх мудрасці і фантазіі, а, магчыма, і больш любіць сваю зямлю. Бо ёсць чым ганарыцца. У нас столькі захавалася паданняў, казак, павер'яў, звычаяў, абрадаў! Не кожны народ можа сёння пахваліцца такой памяццю!


Магіла ахвяры маланкі.

«Явар» аб'ядноўвае навукоўцаў і аматараў. За дваццаць гадоў, як існуе аб'яднанне, здзейснена ўжо больш за сотню вандровак. У падарожжах па розных рэгіёнах Беларусі даследчыкі (археолагі і гісторыкі) збіраюць каштоўную інфармацыю, распытваюць, запісваюць, правяраюць, ці захаваліся пэўныя легенды, звязаныя з рознымі сакральнымі аб'ектамі беларусаў: крыніцамі, камянямі, узгоркамі. Кожны маршрут распрацоўваецца загадзя, яму папярэднічае работа ў архівах і бібліятэках. Робіць гэта звычайна кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Інстытута гісторыі НАНБ Людміла Дучыц. Многа падказак даюць краязнаўцы. Калі назбіраецца звестак пра некалькі розных аб'ектаў, што знаходзяцца ў пэўным рэгіёне, вандроўнікі скідваюцца на арэнду аўтобуса. Разам з навукоўцамі на пошукі духоўных скарбаў выбіраюцца пісьменнікі, настаўнікі, мастакі, журналісты, наогул, далучыцца можа любы ахвочы. Дарэчы, шыкоўны «лайфхак» для іншых навукоўцаў, дзе ўзяць сродкі, каб правесці «палявыя» даследаванні: дастаткова проста знайсці людзей, якім будзе цікава назіраць за вашай работай.

Падчас вандровак з «Яварам» ёсць магчымасць патрапіць у невялікія вёсачкі, а часам і глухія куточкі. Тут чуеш легенды, некаторым з якіх сотні гадоў. Даведваешся, што пакланіцца пэўнаму каменю ці крыніцы людзі хадзілі з паганскіх часоў. Дзякуючы фантазіі продкаў камяні маглі «расці», ажываць ці нагадваць, што раней яны былі людзьмі ці жывёламі, якія скамянелі за тое, што парушылі пэўныя правілы...

Побач з багамі

Менавіта камяні распавядаюць, што багі жылі побач з беларусамі, не строілі з сябе невядома каго (Бог мог паўстаць перад людзьмі ў выглядзе жабрака). Ды хадзілі яны па зямлі. І нават у некаторых месцах яшчэ засталіся іх сляды. Такі камень-следавік ёсць і ў Іўеўскім раёне. І ніколі б даследчыкам з «Явара» не адшукаць камень, які нашы продкі прызналі асаблівым, відаць, яшчэ ў дахрысціянскія часы, калі б не мясцовы краязнавец, настаўнік гісторыі Лелюкінскай школы Андрэй Ваўчок.

Валун у вёсцы Каўшары яшчэ і цяпер завуць каменем Дзевы Марыі. Кажуць, што на ім адбіўся яе слядок.

— Неяк у нас у школе зайшла гаворка пра камяні, адна з вучаніц паведаміла, што ў мясцінах, дзе жыве яе бабуля, быў валун з легендай, — расказвае краязнавец.

Дзеці разам з настаўнікам узялі «шэфства» над каменем, ачысцілі яго ад моху, распыталі мясцовых жыхароў пра легенды, з імі звязаныя. На жаль, следавік быў ссунуты з месца падчас меліярацыйных работ, а раней, сталыя людзі расказвалі, насупраць яго ляжаў яшчэ адзін валун, па форме падобны на крэсла. Раней дзятва бавілася тым, што хтосьці з малых уладкоўваўся ў такое каменнае ложа, выцягваў нагу, каб ступнёй патрапіць у слядок-адбітак, які пакінула Божая Маці.

Таксама краязнавец паказаў нам яшчэ адзін камень — Баранішкінскі, але ўжо з больш маладым паданнем — тут, кажуць, у Паўночную вайну спыніліся шведы і рэзалі бараноў (часам людзі скажаюць паданне і выдаюць новую версію — бараноў смажылі ўжо немцы).

Кавалак каменнай сякеры.

Адна паездка — дзве сенсацыі

Але найбольш даследчыкаў зацікавіла кропельніца — невялікі талеркападобны камень, у паглыбленні якога можа змясціцца каля двух вёдзер вады. Такія «вырабы» вельмі архаічныя, па камені відаць, што над ім у старажытнасці пачаравалі людзі. Аказалася, што каменьчык прыглянуўся аднаму мясцоваму жыхару (ён натрапіў на яго ў лесе, калі збіраў грыбы) і той вырашыў перацягнуць яго на свой
участак.

— Гэта ўнікальная знаходка, такіх адзінкі. Пакуль вядомы толькі два месцы, — радуецца Людміла Дучыц, робячы замеры каменнай кропельніцы.

Але ў той дзень Андрэй Ваўчок падрыхтаваў даследчыкам яшчэ адзін сюрпрыз — у бібліятэцы аграгарадка Морына захоўваецца човен, якому не менш за 300 гадоў. Яго паднялі са дна Нёмана яшчэ ў 70-я гады, пэўны час знаходка прасушвалася проста ў хляве.

Бібліятэкар Таццяна Карэнда расказвае, як даўней лавілі рыбу. Каб загнаць яе на мелкаводдзе, патрэбна было некалькі лодак. Рыбачылі ўначы, рыбіны сплываліся на святло ад смалякоў ці лучыны. «Сёння такая рыбалка лічылася б браканьерствам, хоць насамрэч яна даволі экалагічная. Восцямі можна забіць толькі старую рыбу, што павольна плавае», — заўважае Таццяна Яўгенаўна.

У краязнаўчым кутку ў бібліятэцы таксама заўважаем акамянеласці, якія знайшлі ў Нёмане. І адкуль у рацэ ўзяліся марскія трылабіты? А таксама Таццяна Яўгенаўна паказвае нам кавалак каменнай сякеры, яе знайшлі ў дубе: «Некалі па беразе Нёмана былі цэлыя бары. Дрэвы падалі ў ваду, а людзі з цягам часу выцягвалі іх і нарыхтоўвалі мораны (чорны) дуб. Адзін такі пачалі рэзаць пілой і наткнуліся на камень. Відаць, з дрэвам нейкі старажытны дрывасек не змог саўладаць, зламаў сваю сякеру»...

Напэўна, ваенным гісторыкам будзе цікава яшчэ знаходка Андрэя Ваўчка — магіла 1916 года, дзе пахаваны вайсковец, што ў гады Першай сусветнай вайны загінуў ад... удару маланкі.

Вясковыя святыні

Мы проста заехалі паглядзець на каменную кропельніцу, што захоўваецца ў касцёле ў вёсцы Лаздуны, а ад ксяндза Анджэя Бурака даведаліся і пра гісторыю і традыцыі гэтага куточка, і зноў жа пачулі цікавую легенду, што раней храм стаяў у суседняй вёсцы, за пяць кіламетраў ад гэтага месца. Быў ён драўляны. Наляцела бура, раскідала храм, а дах перанесла сюды.

У вёсцы Урцішкі знаёмімся з Марыяй Дзядуль, яна адкрывае нам мясцовую капліцу, за якой глядзяць, аздабляюць, скідваюцца на рамонт самі вяскоўцы. У 80-х гадах кабеты нават па зямлі на каленях поўзалі, толькі б у іх гэты будынак пад клуб не забралі.

З капліцай таксама звязана легенда. Раней тут стаяла толькі фігура Маткі Боскай. Але неяк сасніў жыхар з іншай вёскі, што плача фігура, бо ненакрытая, прыскакаў на кані, расказаў свой сон, яшчэ і грошай на ахвяру даў. Было гэта перад вайной. Будавалі капліцу ў 1926 годзе ўсёй вёскай, пан даў лесу, на астаняе скідваліся...

«У нас бальдах ёсць, красівыя вельмі харонгі стаяць, а насіць няма каму. Раней на фэсты за сотню людзей прыходзіла. Хадзілі кругом каплічкі. Як стала мала людзей, дзяцей ужо няма, няма каму цвяты пасыпаць. Як хто ўжо памрэ, мы ад гэтуль хаваем, з капліцы сваей. Тут хрысцяць. І шлюбаў шмат бралі маладыя. Многа было народу па хатах, па 15—20 чалавек. Вёска была вельмі рэлігійная, а пеўчая... То гэта не знаем, дзе артысты такія ёсць. А тады, як адкрыла савецкая ўлада гарады, усе схлынулі, толькі гэта стар'ё дажываць пакінулі. Многа нашых у Вільнюсе, Лідзе, Мінску, параз'язджаўшыся па гарадах»...

На жаль, цемра перашкаджае далей працягваць пошукі... Але як многа ўражанняў і адкрыцяў падарыла Іўеўшчына ўсяго толькі за адзін дзень! І як прызнаюцца сябры «Явара», з такімі ўражаннямі яны вяртаюцца з кожнай вандроўкі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: «Нераскручаны» човен

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.