Вы тут

Як набыць чырвоную ікру і не расчаравацца


Днямі ў нашу суседскую суполку ў «Вайберы» «пастукаліся» пастаўшчыкі чырвонай ікры. Прапанавалі ікру фарэлі з Карэліі па 115 рублёў за кілаграм і ікру кеты з Сахаліна за 120 рублёў, расфасаваную па 250 грамаў у пластыкавыя кантэйнеры. Суседзі ажывіліся: хочацца ж паласавацца ікрой на Новы год і Каляды. На фота ікра выглядала вельмі апетытна, але калі набылі кантэйнер ікры фарэлі на пробу, то аказалася, што яна не вельмі якасная. Ікра была больш падобная... на паштэт — цэлых ікрынак працэнтаў дзесяць.Тыя, хто набыў, былі расчараваныя, маўляў, смачна, канешне, але такое на стол не падасі. Мне таксама захацелася набыць ікру, але, каб не быць падманутай, вырашыла падрыхтавацца да пакупкі.


Такую ікру абяцалі...

А такую прапанавалі.

Першае, аб чым я даведалася, — цяпер бессэнсоўна падманваць пакупніка, прапануючы альгінавую ікру (гэта ікра з марскіх водарасцяў) замест натуральнай. Яна на смак увогуле не падобна на сапраўдную. Магчыма, на такі падман можа папасціся чалавек, які ні разу ў сваім жыцці не каштаваў гэты прадукт. Мне нават не ўдалося падмануць сваіх дзяцей: яны хутка мяне «раскусілі» і прысаромілі. Мае здагадкі пацвердзіла начальнік Рэспубліканскага кантрольна-выпрабавальнага комплексу па якасці і бяспецы прадуктаў харчавання РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні», кандыдат сельскагаспадарчых навук Ірына ПАЧЫЦКАЯ:

— Паколькі ікра з'яўляецца дарагім далікатэсам і яе набываюць перад святамі, то і пік зваротаў у нашу лабараторыю прыпадае прыкладна на гэты перыяд. І на самай справе часцей за ўсё прэтэнзіі звязаны не з «сапраўднасцю» ікры, а з якасцю.

Мае суседзі наглядзеліся ролікаў на «Ютубе», дзе давалі некалькі парад, як праверыць ікру на «натуральнасць», і таксама вырашылі паспрабаваць даведацца. Для гэтага неабходна было апусціць некалькі ікрынак на лыжцы ў гарачую ваду, і калі на ёй з'явілася каламутнае бялёсае адценне, то, маўляў, ікра сапраўдная. Але мяне гэты тэст не пераканаў. Такую рэакцыю дае бялок, які ўтрымліваецца ў чырвонай ікры. Але некаторыя нядобрасумленныя вытворцы могуць дадаць у сапраўдную ікру альгінавую і трошкі яечнага бялку, тады гэты тэст наўрад ці выявіць падман. Сёння вытворцы могуць падрабіць не толькі колер ікры, але нават так званыя вочкі (зародкі) на кожнай ікрынцы. Так, напрыклад, у ікры з рыбінага тлушчу таксама ёсць «вочкі», вельмі падобныя на сапраўдныя. Ікрынку з таго ж рыбінага тлушчу расціснуць таксама лёгка, як і натуральную, праўда, з распаўсюджанай альгінавай гэта зрабіць адразу не атрымаецца.

— Згодна з тэхнічнымі ўмовамі ікру падзяляюць на першы і другі гатункі, — дапамагае разабрацца Ірына Пачыцкая. — Ідэальная чырвоная ікра павінна адпавядаць патрабаванням ДАСТ 18173. Яна мае наступныя характарыстыкі: па вонкавым выглядзе ікра павінна быць аднаго віду рыб. Ікрынкі чыстыя, аднародныя па колеры, без плёнак і згусткаў крыві. Па кансістэнцыі і стане — ікрынкі пругкія, з лёгкай вільготнай або сухой паверхняй, рассыпістыя — павінны аддзяляцца адна ад адной. На пах і смак падобныя на свежую ікру гэтага віду, без чужароднага паху і смаку. Для другога гатунку ікры дапускаецца наяўнасць слабых вільготных ікрынак.

Дарэчы, ікра чырвоная можа належаць розным відам рыб, і кожная з іх мае некаторыя адрозненні. Напрыклад, самая распаўсюджаная ў крамах — ікра гарбушы. Яна часцей за ўсё сустракаецца ў продажы. У яе ўніверсальны смак, знаёмы амаль кожнаму, ярка-аранжавы колер і сярэдняга памеру ікрынкі з тонкай абалонкай. Буйныя ікрынкі гарбушы сведчаць аб нізкай якасці прадукту. Гэта пераспелая ікра з тоўстай абалонкай.

Ікра фарэлі таксама не лічыцца дэфіцытам. Ікрынкі ў гэтай рыбы дробныя і часта маюць выгляд зліплых, таму нярэдка выкарыстоўваюцца пры ўпрыгожванні канапэ і бутэрбродаў. Колер вар'іруецца ад цёмна-жоўтага да барвовага. У смаку прысутнічае прыкметная гарчынка.

Ікра кеты сярод іншых лічыцца далікатэсам і па праве з'яўляецца адным з эталонаў смаку зярністага прадукту. Ікра гэтай рыбы мае буйны памер, светла-аранжавы насычаны колер і пяшчотны сметанковы смак. Адметнай асаблівасцю ікры кеты з'яўляецца эфект раставання ў роце з-за тонкай абалонкі, якая лопаецца пры лёгкім націску на яе языком. Смак універсальны, без гарчынкі і рыбнага паху.

А вось ікру неркі можа ацаніць толькі сапраўдны знаток з-за дастаткова насычанага пікантнага смаку з вельмі ўлоўнай гарчынкай. Ікрынкі дробныя, падобныя на ікру фарэлі, аднак маюць больш насычаны чырвоны колер.

Ікра серабрыстага ласося (кіжуча) мае досыць дробную структуру і гаркаваты прысмак, часцей за ўсё цёмна-чырвоная. Аднак, дзякуючы высокаму ўтрыманню вітамінаў і мінералаў, ікру кіжуча лічаць найбольш карыснай. Праўда, серабрысты ласось не здабываецца ў прамысловых маштабах, таму лічыцца каштоўнай рыбай.

Ёсць яшчэ ікра чавычы, або каралеўскага ласося, самага рэдкага прадстаўніка гэтага сямейства рыб. Ікра рыбы буйная і далікатная на смак з ледзь прыкметнай гарчынкай. Структура ікры аднародная, ікрынкі не зліплыя і лёгка аддзяляюцца адна ад адной.

Звычайна добрасумленныя вытворцы ўказваюць, чыя ікра выкарыстоўвалася пры вытворчасці. Нават на тым пластыкавым кантэйнеры, якую набылі мае суседзі, гэта было пазначана. Але, каб не падмануцца і не набыць няякасную ікру, Ірына Пачыцкая раіць набываць яе толькі ў крамах, якія маюць сертыфікаты і дазвол на гандаль.

— Купляючы ікру з рук, спажывец не застрахаваны ад фальсіфікаванага тавару, — гаворыць спецыяліст. — Набываючы ікру, перш за ўсё варта звярнуць увагу на кошт прадукту. Танная ікра можа быць няякасная або несапраўдная. Неабходна вывучыць інфармацыю на бляшанцы ці этыкетцы. Павінны быць указаны назва, вытворца, ДАСТ або ТУ на прадукцыю, дата вырабу ці ўпакоўкі, умовы захоўвання, тэрмін прыгоднасці, код завода-вытворцы, склад прадукту. Згодна з ДАСТ 18173, вытворцы таксама абавязаны нанесці дадатковую маркіроўку з указаннем віду рыбы, з якой выраблена ікра, а для ікры, фасаванай з бочак, павінна быць пазначана дата вырабу бочкавай ікры.

Я вырашыла не рызыкаваць і не набываць ікру праз нашу суседскую суполку ў «Вайберы». Тым больш што сёння часта можна знайсці далікатэс са зніжкай у крамах. Думаю, гэта не люкс будзе, але ўсё ж і не ікраны паштэт.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Каму Ікраны паштэт

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.