Вы тут

Пастырскае пасланне архіепіскапа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2019 года


Дарагія браты і сёстры, суайчыннікі!

«Хрыстус нарадзіўся, Бог аб'явіўся».

Гэтымі словамі мы абвяшчаем радасць свята Божага Нараджэння, якое найперш павінна насіць духоўны характар, бо Бог у вобразе чалавека ўвайшоў у наша жыццё.

Аднак у апошнія часы ўсё часцей праяўляецца тэндэнцыя вонкавай падрыхтоўкі да яго і святкавання паводле воклічу старажытных рымлян: «Хлеба і відовішчаў». Вірус спажывальніцтва і задавальненняў разбурае наша маральнае жыццё і хрысціянскія традыцыі. Мы не дазваляем Езусу сваёй ласкай нарадзіцца ў нашых душах, і Ён не прысутнічае ў нашым жыцці.

У той жа час Бог прапануе значна большую перспектыву, чым супермаркет, матэрыяльныя каштоўнасці ці задавальненні. А менавіта — вечнасць, да якой нас вядзе Езус, чыё нараджэнне святкуем.

Фота БелТА.

Нягледзячы на працэсы секулярызацыі, чалавецтва адзначае свята Божага Нараджэння. Сведчаць пра гэта летазлічэнне, якое бярэ свой пачатак ад нараджэння Езуса, папулярныя калядныя канікулы і канцэрты, практыка святочных віншаванняў і да т. п.

Евангельскі аповед пра нараджэнне Хрыста ўжо дваццаць стагоддзяў зачароўвае сэрцы людзей. Яслі з Немаўляткам Езусам, Марыяй, Юзафам і хатнімі жывёламі; пастушкі, анёльскія хоры і бэтлеемская зорка. Гэта ўсё так прыгожа і так захапляе, што мы становімся падобныя да дзяцей. Таму з радасцю паўтараем словы Евангелля: «Нарадзіўся сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан».

Езус збавіў нас ад граху. Але ці на гэтым Яго заданне завяршылася? У наш час шматлікіх крызісаў мы ўсё больш пераконваемся, што без Божага ўмяшання не зможам вырашыць нашых праблем.

А іх шмат. Найперш гэта крызіс сям'і, якая з'яўляецца падмуркам грамадства. Большасць сем'яў знаходзіцца ў разводзе. Таму падмурак нашага грамадства нетрывалы, што не абяцае яму добрай будучыні, бо дзеці застаюцца без належнай апекі і выхавання абодвух бацькоў. Хто іх выхоўвае? Не сям'я, а вуліца і сродкі масавай камунікацыі. У выніку дзеці ізалююцца і становяцца залежныя ад сучасных тэхналогій і амаральных звычак.

Завоблачныя лічбы падае статыстыка абортаў. Мы павінны шанаваць жывёл і добра ставіцца да іх. Але ці не здзіўляе нас тое, што за забойства сабакі нас могуць пакараць, а забойства дзіцяці ва ўлонні маці дазволена? Сям'я, якая павінна быць «санктуарыем жыцця», ператвараецца ў месца самагенацыду нацыі.

Амаральная сексуальная адукацыя ўсімі праўдамі і няпраўдамі прасоўваецца ў навучальныя ўстановы і грамадства. Адкідваецца традыцыйная мадэль сям'і, і прапагандуюцца аднаполыя саюзы.

Такая і падобная практыка сучаснага жыцця вядзе ў бездань. А свет без Бога з'яўляецца светам згубленага чалавецтва, як кажа Папа Бенедыкт ХVІ. Таму мы павінны сказаць нашае рашучае «не» антыхрысціянскім тэндэнцыям!

У ноч Божага Нараджэння анёл сказаў пастушкам: «Не бойцеся!». Гэтыя словы адрасаваны таксама і людзям нашага часу, як дваццаць стагоддзяў таму яны былі скіраваны да пастушкоў. Мы атрымалі Збаўцу, які не пакідае нас адных і заўсёды бароніць. Гэта самая вялікая радасць і адзінае вырашэнне ўсіх нашых праблем.

Езус кажа: «Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку». А калі Ён з намі, то і мы павінны быць з Ім, бо ў Яго былі ўключаны ў сакраманце хросту. Калі Бог з намі, то хто супраць нас?

У сучасным свеце абарона праўды і барацьба за хрысціянскія каштоўнасці патрабуюць надзвычайнага гераізму. Дзякуй Богу, у нас скончыўся час ганенняў на веру. Аднак настае час ганенняў «у белых пальчатках». Дэмакратычным спосабам прымаюцца нязгодныя з Божым правам законы, вера спіхваецца на перыферыю жыцця і высмейваецца, адбываюцца акты блюзнерства, прафанацыі і знішчэння рэлігійных сімвалаў. Чыніцца ўсё гэта найчасцей на падставе правоў чалавека на абсалютную свабоду і талерантнасць без маральнай адказнасці.

Фота Анатоля Клешчука.

Цыцэрон казаў, што вяршыня закону з'яўляецца вяршыняй беззаконня. Таму самая вялікая талерантнасць становіцца вяршыняй неталерантнасці. Разбураецца ўстаноўлены Богам маральны парадак. Прапагандаваць амаральныя справы становіцца нормай, а маральныя — праблемай. У выніку настае сістэматычная маральная дэградацыя чалавека, сям'і і цэлых народаў.

Касцёл атрымаў ад Езуса місію абвяшчэння Евангелля ўсяму чалавецтву, і ніхто, таксама і людзі нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, не можа быць пазбаўлены магчымасці пачуць Добрую Навіну. Аднак у імя вернасці сваёй місіі Касцёл павінен абвяшчаць поўнае Евангелле — не выключаючы яго патрабаванняў. Павага да асоб нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі не можа весці да прыняцця ідэалогій, якія імкнуцца перавярнуць традыцыйныя хрысціянскія звычаі з ног на галаву і ўчыніць рэвалюцыю ў галіне маральнасці, што вядзе да духоўнага спусташэння, кажа папа Францішак.

У наш час супрацьстаяння Божай праўды з неаязычніцтвам мы становімся перад неабходнасцю радыкальнага этычна-рэлігійнага выбару: захаваць вернасць вучэнню Хрыста ці ігнараваць яго.

Праз служэнне Касцёла Хрыстус прыходзіць да нас, таксама як дваццаць стагоддзяў таму прыйшоў у Бэтлееме. Ён нічога не адбірае, а толькі ўзбагачае духам мудрасці і любові, міласэрнасці і трываласці, а таксама адорвае супакоем, радасцю, шчасцем і новай надзеяй.

Таму неабходна адчыніць дзверы Хрысту, бо толькі ў Ім мы зможам пазнаць саміх сябе, як заклікае святы Ян Павел ІІ, якому прысвечаны наступны Пастырскі год у Касцёле на Беларусі.

Віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстовага!

Віншую хрысціян, якія разам з намі яго адзначаюць!

Са словамі віншаванняў звяртаюся да нашых братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз два тыдні будуць адзначаць свята Божага Нараджэння!

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Сын Божы стаўся чалавекам, каб мы ў вымярэнні Божай ласкі сталіся
багамі. Таму не будзьма баяцца ў мітусні сучаснага свету і святочных клопатаў знайсці час для Езуса! Не будзьма баяцца прыняць Яго ў нашыя сэрцы! Не будзьма баяцца, бо святло бэтлеемскай зоркі дае нам новую надзею, нават насуперак надзеі!

Са святам Нараджэння Хрыстовага і надыходзячым Новым годам!

Даручаючы ўсіх вас апецы Багародзіцы, якая нарадзіла свету Збаўцу, свае святочныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў у Беларусі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.