Вы тут

Прэзідэнт разгледзеў кадравыя пытанні


Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне 12 кандыдатур на пасады кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.


На пасаду першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама ўзгоднена кандыдатура Ігара Часнака, на пасаду намесніка Гродзенскага аблвыканкама — Віктара Пранюка.

Ігар Марковіч узначаліць Полацкі райвыканкам, Васіль Шылаў — Верхнядзвінскі, Алег Лындзін — Талачынскі, Сяргей Дылюк — Нараўлянскі, Генадзь Шатуеў — Карэліцкі, Уладзіслаў Гершгорын — Ашмянскі, Аляксандр Гарбачэўскі — Касцюковіцкі, Сяргей Шацкі — Крычаўскі, Аляксандр Сівакоў узначаліць адміністрацыю Чыгуначнага раёна Гомеля, Пётр Салаўёў — адміністрацыю Кастрычніцкага раёна Магілёва.

Людзі, эканоміка і прафесіяналізм

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння яму прадстаўлены кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта кандыдатуры ва ўсе рэгіёны краіны.

«Хачу вас перш за ўсё падзякаваць, усіх, хто меў дачыненне да апошніх палітычных падзей. Перш за ўсё — выбараў у Палату прадстаўнікоў. Я надаю вельмі вялікую увагу, як вы заўважылі, гэтаму факту, бо гэта паказчык эфектыўнасці работы нашых органаў улады, яе вертыкалі, гэта паказчык стойкасці і мужнасці тых людзей, якія былі задзейнічаныя ў гэтых выбарах. Але, зноў жа, расслабляцца ні ў якім выпадку нельга. Гэта была рэпетыцыя, асноўная дзея нас чакае наперадзе», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да будучых новых кіраўнікоў рэгіёнаў.

Прэзідэнт дадаў, што размова не пра надзвычайную праверку, але выклікаў для маладой суверэннай дзяржавы сёння шмат, і ніхто зараз дакладна не скажа, што нас чакае наперадзе. «Таму мы заўсёды павінны працаваць па максімуме», — рэзюмаваў ён.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заклікаў ставіцца да людзей з шанаваннем і ўвагай. «Паўсюль ёсць людзі, якія патрабуюць, часам, тое, чым дзяржава ўвогуле не павінна займацца, але гэта натуральна. Таму патрэбна мець цярпенне. Без падтрымкі людзей мы не вырашым ніводнае пытанне ў будучыні. Галоўная, як я заўсёды кажу, пагроза, калі яна ёсць, — гэта пагроза ў нас саміх, у эканоміцы. А эканоміка залежыць ад нас, ад кіраўнікоў. Будзем эфектыўна кіраваць працэсам, краіна не абваліцца. І мы можам вырашыць любую праблему ў Беларусі», — акцэнтаваў Прэзідэнт.

Эканоміка — галоўны клопат для ўсіх кіраўнікоў, у тым ліку новапрызначаных. «Пасля неўраджаю некалькіх гадоў мы выправіліся, выйшлі на пэўны ўзровень, добра, што не дапусцілі спад сельскагаспадарчай вытворчасці — за гэта дзякуй усім вяскоўцам. Тым не менш, расслабляцца, зноў жа, нельга. Цяпершняе надвор’е негатыўна адаб’ецца на азімых культурах, таму трэба быць гатовымі своечасова падкарміць іх, каб атрымаць адпаведны ўраджай», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

«Таму — людзі, эканоміка і прафесіяналізм — па ўсіх кірунках, якія будуць уваходзіць у сферу вашай дзейнасці», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт анансаваў візіт у Віцебскую вобласць пасля навагодніх святаў, каб прыняць канчатковае рашэнне па развіцці гэтага рэгіёну. «Упэўнены, ва ўсіх абласцях гэты вопыт будзе запатрабаваны», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы паўтарыў, што зона адказнасці старшынь райвыканкамаў ляжыць, перш за ўсё, у сферы дзейнасці і інтарэсах стратных прадпрыемстваў. За такія гаспадаркі кіраўнікі раёнаў, уключаючы намеснікаў старшыні, адказваюць персанальна.

* * *

Аляксандр Лукашэнка таксама ўзгадніў прызначэнне Анатоля Бубена на пасаду старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці «Белдзяржхарчпрам», Ігара Шустава — на пасаду генеральнага дырэктара Адкрытага акцыянернага таварыства «МІНСК КРЫШТАЛЬ» — кіруючая кампанія холдынга «МІНСК КРЫШТАЛЬ ГРУП».

Анатоль Бубен працаваў у канцэрне «Белдзяржхарчпрам» на пасадзе генеральнага дырэктара Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода 13 гадоў з 1999 года. Пасля гэтага ўзначальваў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна Гродна.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў яго ўвагу на важнасць прадухілення карупцыі ў канцэрне, і падкрэсліў, што калі ў ёй аказваюцца вінаватыя падначаленыя, то цень падае і на кіраўніка.

«Нас чакаюць няпростыя часы ў вашай сферы ў сувязі з тым, што магчыма, зменіцца структура кіравання галіной, якая вырабляе і прадае моцныя алкагольныя напоі, але мы павінны захаваць найлепшыя якасці (калі на гэта пойдзем) старой нашай сістэмы, — дадаў Прэзідэнт. — Дзяржава ні ў якім разе не можа сысці з гэтай сферы. Крый божа, аслабім кантроль, людзей пачнуць спайваць „палёнай“ гарэлкай, і людзі пачнуць гінуць як у некаторых суседніх дзяржавах».

Выраб і продаж алкаголю і тытуню на рынкавых умовах усё роўна павінны заставацца пад строгім кантролем дзяржавы, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што рынак у гэтую галіну рана ці позна прыйдзе, бо гэтага патрабуюць абодва інтэграцыйныя аб’яднанні, членамі якіх мы з’яўляемся, — і ЕАЭС, і Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі. «Але трэба знайсці новую эфектыўную форму кантролю, каб людзі, калі яны спажываюць, спажывалі прадукты беларускай вытворчасці, — запатрабаваў Прэзідэнт. — Хоць людзі разумеюць, што ў нас няма „заразы“ ў гэтым плане. У нас гэта выключана, паколькі была манаполія нашай дзяржавы. Людзям трэба прапанаваць нармальны напой, і дзяржава павінна несці за гэта адказнасць».

 * * *

У працоўным парадку на пасаду першага намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя кіраўнік дзяржавы ўзгадніў прызначэнне Баляслава Пірштука, на пасаду першага намесніка міністра прамысловасці — Сяргея Гунько, на пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў Міністэрства юстыцыі — Наталлю Філіпаву; на пасаду старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці — Аксану Цылько; на пасаду генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі — Дзмітрыя Комлача; на пасаду члена Віцебскага аблвыканкама — Вячаслава Хрола.

Кіраўнік дзяржавы прызначыў Сяргея Цярэнцьева, які ўзначальвае дыпламатычную місію Беларусі ў Егіпце, Судане і Султанаце Аман, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспубліцы па сумяшчальніцтву. На пасаду Генеральнага консула Беларусі ў Шанхаі Прэзідэнт узгадніў кандыдатуру Андрэя Андрэева. На пасаду Пастаяннага паўнамоцнага прадстаўніка Беларусі пры статутных органах Садружнасці Незалежных Дзяржаў прызначана Марына Даўгаполава.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».