Вы тут

На сучасныя выклікі і пагрозы варта рэагаваць адказна


У Бішкеку прайшла сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. Прэзідэнты Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, а таксама Прэм’ер-міністр Арменіі абмеркавалі актуальныя пытанні ўдасканалення дзейнасці арганізацыі. Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на саміце агучыў ініцыятывы беларускага боку па развіцці і ўмацаванні як міжнароднай, так і рэгіянальнай бяспекі.


Фота БЕЛТА

Абмеркаванне тэмы бяспекі лідары краін АДКБ пачалі яшчэ да афіцыйнай сустрэчы на саміце. Прэзідэнт Кыргызстана запрасіў сваіх калег на нефармальную вячэру ў дзяржаўнай рэзідэнцыі «Ала-Арча». Такія размовы — добрая магчымасць загадзя намацаць рашэнні па многіх пытаннях. Для Беларусі гэта было важна яшчэ і таму, што па рэгламенце з 1 студзеня 2020 года пасаду генеральнага сакратара АДКБ на трохгадовы тэрмін зойме Дзяржсакратар Савета Бяспекі Беларусі Станіслаў Зась.

Варта адзначыць, што асноўныя намаганні АДКБ сёлета былі сканцэнтраваны на пытаннях процідзеяння выклікам і пагрозам бяспекі дзяржаў, якія ўваходзяць у арганізацыю. Ад эфектыўнасці вырашэння гэтай задачы шмат у чым залежыць іх суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць, выжывальнасць у сучасным свеце. На чарговай сесіі ў Бішкеку былі дадзены падрабязныя ацэнкі міжнароднай абстаноўкі з боку кіраўнікоў дзяржаў, міністраў замежных спраў і сакратароў саветаў бяспекі дзяржаў — членаў АДКБ. На думку экспертаў, сёння гэтая арганізацыя мае неабходны набор сіл і сродкаў для прадухілення і адбіцця знешняй агрэсіі, а таксама процідзеяння сучасным пагрозам і выклікам бяспекі сваіх дзяржаў. У арсенале маюцца эфектыўныя палітычна-дыпламатычныя рычагі ўплыву на працэсы, якія адбываюцца ў свеце і асабліва ў рэгіёнах, размешчаных у непасрэднай блізкасці ад знешніх межаў дзяржаў АДКБ.

У самітаў, падобных таму, што адбыўся ў Бішкеку, ёсць адна асаблівасць. Праходзяць яны большай часткай у закрытым для прэсы рэжыме. Бо ў парадку дня — вельмі тонкія і далікатныя тэмы: супрацоўніцтва ў сферы дыпламатыі, абароны і бяспекі. Сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у сталіцы Кыргызстана не была выключэннем. Прэзідэнты Беларусі, Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Прэм’ер-міністр Арменіі спачатку ў вузкім, а потым у пашыраным складзе абмеркавалі самыя надзённыя пытанні. У сваім выступленні Прэзідэнт Беларусі асабліва спыніўся на тых аспектах, якія актуальныя для краіны. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прадставіў канкрэтныя прапановы па ўмацаванні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. Пасля саміту беларускі лідар у кароткай гутарцы з журналістамі падкрэсліў, што бачыць у АДКБ патэнцыял для садзеяння стабілізацыі сітуацыі ў свеце:

— Бурны наш свет. Таму чым больш арганізацый, якія стрымліваюць гэты бурны паток, тым лепш. АДКБ — адна з сур’ёзных арганізацый, якая будзе спрыяць стабілізацыі сітуацыі ў свеце ўсялякімі метадамі — інфармацыйнымі, палітычнымі, дыпламатычнымі, вайсковымі.

На пытанне пра тое, што «калі, не дай бог, ірване, ці будзе АДКБ як адзіны кулак», Прэзідэнт Беларусі адказаў так:

— У кожнага — свая зона адказнасці. Але калі ірване там, дзе ў нас сканцэнтраваны ўсе інтарэсы, значыць, мы будзем змагацца з гэтымі выбухамі разам. Гэта адназначна. Дарэчы, лейтматыў саміту ў Бішкеку быў менавіта такі — што мы павінны быць і самі бліжэй, і заяўляць на міжнароднай арэне, што мы разам і будзем рэагаваць на гэтыя рэчы разам.

Перамовы лідараў краін АДКБ у вузкім складзе працягваліся ледзь ці не ўдвая даўжэй запланаванага часу. І гэта лішні раз падкрэслівае, наколькі няпроста даецца вырашэнне актуальных пытанняў у галіне бяспекі. Дарэчы, Прэзідэнты запрасілі да ўдзелу ў перамовах і Дзяржсакратара Савета Бяспекі Беларусі Станіслава Зася, які фактычна ўжо без пяці хвілін — генеральны сакратар АДКБ. Працы на новай пасадзе ў яго будзе не шмат, а вельмі шмат. Бо ваенна-палітычнае становішча ў зоне адказнасці АДКБ і па перыметры межаў арганізацыі складаецца няпростае. І выклікана гэта нарастаннем глабальнага супрацьстаяння паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі. Такі расклад вядзе да дэградацыі ўсёй сістэмы міжнароднага права. Прэзідэнт Беларусі звярнуў на гэты момант асаблівую ўвагу, назваўшы спыненне дзеяння Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці неапраўданым і небяспечным. Менавіта таму Беларусь выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. Зразумела, што без аднаўлення даверу паміж дзяржавамі ні адну глабальную праблему вырашыць немагчыма. Прэзідэнт Беларусі з гэтай нагоды сказаў:

— З улікам горкіх урокаў гісторыі Беларусі мы таксама заклікаем аднавіць шырокі дыялог па пытаннях міжнароднай бяспекі па аналогіі з Хельсінкскім працэсам. Накіраваць яго на пераадоленне існуючых супярэчнасцяў ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на агульнай прасторы ў Еўраатлантыцы і Еўразіі.

Гэтыя ініцыятывы асабліва актуальныя сёння, на фоне разбурэння механізмаў кантролю над узбраеннямі, адзначыў Кіраўнік дзяржавы:

— Мы фіксуем паэтапнае нарошчванне ваенных патэнцыялаў, пашырэнне ваеннай інфраструктуры ў Еўрапейскім рэгіёне. Па сутнасці, гаворка ідзе пра адкрытую, а галоўнае — беспадстаўную мілітарызацыю заходніх межаў зоны адказнасці АДКБ.

Яшчэ адна тэндэнцыя сучаснага свету — рост пратэстнага руху і масавых беспарадкаў у шэрагу краін. Прычым, нават у тых з іх, якія лічацца паспяховымі. Часта гэта становіцца вынікам умяшання знешніх сіл ці санкцыённай палітыкі, якая праводзіцца на шкоду міжнароднаму праву. Пазіцыя беларускага боку заключаецца ў тым, што толькі прэвентыўныя меры могуць папярэдзіць дэстабілізацыю абстаноўкі ў асобных краінах і ў цэлым па перыметры зоны адказнасці АДКБ.

У гэтым кантэксце Аляксандр Лукашэнка спыніўся на сітуацыі ва Украіне, дзе на ўсходзе ўжо пяты год працягваецца ўзброенае супрацьстаянне. Наступствы канфлікту даўно выйшлі за межы гэтай краіны. Менавіта таму Беларусь вітае прагрэс, што намеціўся ў пытаннях выканання мінскіх пагадненняў і пачатак канструктыўнага дыялогу ў рамках трохбаковай кантактнай групы.

Да выклікаў ў ваеннай і эканамічнай сферах апошнім часам дадаліся пагрозы ў кіберпрасторы. А гэта патрабуе новых падыходаў да супрацоўніцтва ў галіне інфармацыйнай бяспекі. Адсюль і ініцыятыва Беларусі па фармаванні «пояса лічбавага добрасуседства». Яна скіравана на разрадку напружанасці ў інфармацыйнай сферы, усталяванне агульных правілаў адказных паводзін бакоў у віртуальнай прасторы.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся за ўмацаванне міжнароднага аўтарытэту АДКБ, пашырэнне яе ўзаемадзеяння з іншымі арганізацыямі:

— Сітуацыя вакол зоны адказнасці АДКБ і на планеце ў цэлым істотна відазмяняецца. Перакананы, што наша арганізацыя павінна адэкватна і своечасова рэагаваць на новыя выклікі і пагрозы, дэталёва і комплексна аналізаваць становішча, выпрацоўваць адпаведныя прапановы ды ініцыятывы. З’яўляючыся важным механізмам забеспячэння бяспекі ў Еўразійскім рэгіёне, АДКБ павінна паступальна пашыраць знешнепалітычны кірунак, умацоўваць свой міжнародны аўтарытэт.

Разам з тым, узмацненню міжнародных пазіцый будзе садзейнічаць рэалізацыя прынятага па ініцыятыве Беларусі рашэння аб юрыдычным афармленні статуса «Партнёра» арганізацыі, а таксама «Назіральніка» пры АДКБ. Паводле меркавання экспертаў, цяпер важна прыцягнуць да дзейнасці арганізацыі надзейных саюзнікаў. Перш за ўсё для барацьбы з тэрарызмам, наркапагрозай, забеспячэння ваеннай бяспекі.

Між іншым, Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што для забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржаў-членаў АДКБ разам з планамерным развіццём ваеннага сегмента арганізацыі захоўваецца актуальнасць выхаду на прамы і раўнапраўны дыялог з Паўночнаатлантычным альянсам. Такі дыялог існуе, напрыклад, паміж АДКБ і АБСЕ. Калі ўлічыць, што АДКБ і НАТА адказваюць за забеспячэнне бяспекі на прасторы ад Ванкувера да Уладзівастока, было б няправільна адмаўляць кантакты паміж імі. Акрамя таго, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, неабходна больш шчыльна працаваць з ААН і нарошчваць антытэрарыстычны патэнцыял АДКБ.

Па выніках саміту ў Бішкеку быў прыняты шэраг важных дакументаў у сферы бяспекі. Падпісаны, у прыватнасці, План калектыўных дзеянняў дзяржаў — членаў АДКБ па рэалізацыі Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН да 2021 года. Прыняты пералік дадатковых мер, накіраваных на зніжэнне напружанасці ў таджыкска-афганскім прыграніччы. Спецыялісты адзначаюць, што асноўныя пагрозы для бяспекі краін АДКБ зыходзяць з паўночных правінцый Афганістана, дзе назіраецца актывізацыя тэрарыстычных бандфармаванняў. Да гэтых рэалій трэба быць гатовымі.

Сярод падпісаных дакументаў — сумесная Заява кіраўнікоў дзяржаў арганізацыі, рашэнне Савета калектыўнай бяспекі аб плане мерапрыемстваў па святкаванні 75‑годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Васіль Харытонаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.