Вы тут

Ёсць падмурак, бачыцца перспектыва


Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам пацвярджае сваю прыхільнасць да развіцця двухбаковых адносін з Рэспублікай Беларусь. У апошні час гэтыя адносіны прыкметна актывізаваліся. Але партнёры лічаць, што патэнцыял супрацоўніцтва, асабліва ў гандлёва-эканамічнай сферы, яшчэ вялікі. Нездарма на гэтых акалічнасцях стасункаў рабіўся акцэнт падчас нядаўняга візіту ў Мінск парламенцкай дэлегацыі на чале са старшынёй Нацыянальнага сходу В’етнама Нгуен Тхі Кім Нган.


Што да эканомікі, то дзве краіны ўжо даўно супрацоўнічаюць у многіх галінах. Беларусь моцная ў такіх сферах, як машынабудаванне, адукацыя і камунікацыі, у той час як В’етнам мае перавагі ў рабочай сіле, тут багатыя прыродныя рэсурсы, выгаднае месцазнаходжанне. Зрэшты, лічаць эксперты, спалучаючы гэтыя ды іншыя ўзаемныя перавагі, можна атрымаць адчувальную выгаду для абедзвух дзяржаў. Аднак велізарны патэнцыял в’етнама-беларускага супрацоўніцтва, сапраўды, яшчэ выкарыстоўваецца не на поўную моц. Вось і на сустрэчы ў Мінску, прымаючы гасцей на чале са старшынёй Нацыянальнага сходу В’етнама Нгуен Тхі Кім Нган, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў:

— У нас вельмі добрыя сувязі. Яны заснаваныя на гісторыі нашых дзяржаў. Добрай гісторыі, якая можа быць гонарам любых дзяржаў і базай для развіцця адносін… За апошні час мы шмат зрабілі для таго, каб нашы гандлёва-эканамічныя адносіны развіваліся больш паспяхова. Я б вельмі хацеў, каб ваш візіт у Беларусь надаў дадатковы імпульс нашаму супрацоўніцтву па ўсіх напрамках.

Мінск ужо заяўляў пра неабходнасць рэарганізаваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Прэзідэнтам і Урадам прынята рашэнне пераходзіць ад простага экспарту-імпарту на сумесную вытворчасць, перш за ўсё, на в’етнамскай тэрыторыі. Больш за тое, беларускія прадпрыемствы маюць значныя магчымасці і жаданне больш актыўна ўдзельнічаць у інфраструктурных, энергетычных ды іншых праектах, якія рэалізуюцца ў В’етнаме.

Дарэчы, у адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі паміж прэзідэнтамі В’етнама і Беларусі і выкладзенымі ў сумеснай заяве па выніках візіту Кіраўніка в’етнамскай дзяржавы ў Беларусь у чэрвені 2017 года, гандлёва-прамысловыя палаты дзвюх краін сфармавалі В’етнама-Беларускі дзелавы савет. Мэта яго стварэння заключаецца ў тым, каб пашырыць стасункі ў галіне інвестыцый, навукі, тэхналогій, турызму. Савет павінен стаць эфектыўным механізмам дыялогу дзелавых колаў з урадамі абедзвюх краін. Акрамя таго, гэты орган дапаможа вырашаць пытанні, якія перашкаджаюць гандлю В’етнама і Беларусі, будзе садзейнічаць ліквідацыі тых праблем, з якімі сутыкаюцца прадпрыемствы дзвюх краін.

Больш за тое, не спыняючыся на двухбаковым супрацоўніцтве, В’етнам і Беларусь могуць служыць плацдармам для выхаду сваіх прадпрыемстваў, а таксама партнёраў з трэціх краін, на рынкі АСЕАН і Еўразійскага эканамічнага саюза. Спецыялісты заўважаюць, што на фоне глабалізацыі і ўступлення ў сілу шматлікіх пагадненняў аб свабодным гандлі, В’етнам і Беларусь стаяць перад тварам вялікіх магчымасцяў. Так, яны маюць добры шанец, каб умацаваць двухбаковыя адносіны ў гандлёва-эканамічнай сферы. У працэсе інтэграцыі В’етнам і Беларусь могуць актывізаваць узаемасувязі паміж дзелавымі коламі, што не толькі прынясе ім значную выгаду, але і адкрые доступ на рынкі трэціх краін. Так, беларускія прадпрыемствы здольныя выйсці на рынак АСЕАН і ўсяго рэгіёну праз В’етнам, у той час як з падпісаннем пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж В’етнамам і Еўразійскім эканамічным саюзам в’етнамскія прадпрыемствы могуць выйсці на гэты велізарны рынак праз Беларусь.

Між тым, за дзевяць месяцаў гэтага года ўзаемны гандаль Беларусі ды В’етнама перавысіў 153 мільёны долараў супраць 115 мільёнаў за 2018‑ы. І ўсё ж краінам ёсць да чаго імкнуцца. Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Ляшэнка стрымліваючым фактарам назваў мытныя пошліны ў Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, удзельнікам якой з’яўляецца і В’етнам. Да прыкладу, па лёгкай прамысловасці і электратэхніцы пошліны даходзяць да 50%. Ва ўрадах працуюць над вырашэннем гэтага пытання.

Дарэчы, у верасні ў В’етнаме адкрылі зборачную вытворчасць грузавікоў МАЗ. У будучым годзе прадпрыемства паставіць сюды буйную партыю тэхнікі ў так званым трапічным выкананні. У перспектыве мадэльны шэраг будзе пашырацца з улікам патрэбаў рынку. Акрамя таго, на в’етнамскіх кар’ерах завяршаюцца выпрабаванні самазвалаў БелАЗ.

Яшчэ адным пунктам росту можа стаць сельская гаспадарка. У кожнай краіны свае перавагі. У В’етнама гэта мора і морапрадукты, у Беларусі — лясы, азёры і развітая вытворчасць мясных, малочных прадуктаў. У наступным годзе на в’етнамскім рынку пачнуць перапрацоўваць сухое малако з Беларусі. Акрамя таго, в’етнамскі бок зацікаўлены ў стварэнні новых матэрыялаў, актывізацыі супрацоўніцтва ў сферы турызму, ва ўзаемных студэнцкіх абменах.

Так, сёння В’етнам і Беларусь імкнуцца канкрэтызаваць дасягнутыя дамоўленасці пра ўзаемасувязі. Каб стварыць трывалую аснову для эканамічнага супрацоўніцтва, краіны актыўна развіваюць адносіны ў галіне культуры, адукацыі, народнай дыпламатыі і, вядома ж, парламентарызму. Дасягнутыя вынікі ў двухбаковых адносінах кажуць пра тое, што В’етнам і Беларусь рухаюцца ў напрамку рэальнага і эфектыўнага супрацоўніцтва ў многіх сферах.

Старшыня Нацыянальнага сходу В’етнама Нгуен Тхі Кім Нган у Мінску была не ўпершыню. На гэты раз яна перадала Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку прывітанне ад Прэзідэнта В’етнама Нгуен Фу Чонга і запрашэнне наведаць В’етнам у зручны час.

Развіццё ж міжпарламенцкага супрацоўніцтва Нгуен Тхі Кім Нган абмеркавала на перамовах са спікерамі абедзвюх палат беларускага парламента Наталляй Качанавай і Уладзімірам Андрэйчанкам. Зрэшты, і на гэтых сустрэчах гаворка ішла пра эканоміку. «Беларусь разглядае В’етнам у якасці адпраўнага пункта для нарошчвання эканамічнай прысутнасці ў рэгіёне Паўднёва-Усходняй Азіі. Аднак узровень узаемнага таваразвароту паміж краінамі не адпавядае існуючаму патэнцыялу. Неабходна развіваць гандаль паміж нашымі краінамі і даводзіць эканамічнае супрацоўніцтва да ўзроўню палітычнага супрацоўніцтва», — сказала, у прыватнасці, Наталля Качанава.

Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што Беларусь і В’етнам звязваюць гады сяброўства і ўзаемнай падтрымкі. «Сёння прынцыпова важна, каб добры дыялог, які развіваецца ў нас усе апошнія гады, працягваўся, каб мы надавалі яму дадатковы імпульс», — сказаў ён. Вялікую працу ў гэтым плане павінны праводзіць і парламентарыі, лічыць спікер. Так, паводле яго слоў, бакі зацікаўлены больш увагі надаваць гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву, у тым ліку на рынках АСЕАН і ЕАЭС, узаемадзеянню на міжпарламенцкіх пляцоўках. «Нам трэба шукаць новыя формы ўзаемадзеяння, якія будуць дазваляць развівацца нашым эканомікам, развіваць наша супрацоўніцтва па ўсіх напрамках», — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.

Нгуен Тхі Кім Нган падзякавала беларускаму боку за цёплы прыём. Яна адзначыла, што мэта яе візіту — развіццё і паглыбленне традыцыйнай дружбы, шматпланавага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і В’етнамам.

Уладзімір Хромаў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?