Вы тут

Доктар Дзяніс Мазынскі: Хадзіце ў радасці!


Ён — з тых, хто першым пачаў праводзіць у Беларусі малатраўматычныя і без болю, на мове медыкаў — інвазіўныя, аперацыі па выдаленні хворых вен: лазерам. А яшчэ ён — адзіны на сённяшні дзень спецыяліст у краіне, які лечыць менавіта дзяцей з дыягназам «варыкознае пашырэнне вен». Пра сваіх пацыентаў, пра жыццё па-за медкабінетам і пра замежныя спецыялізаваныя паездкі — сёння наша з доктарам размова.


Усё будзе добра

Страх, трывогу, хваляванне, няўпэўненасць — цэлы спектр эмоцый, як правіла, пражывае пацыент перад аперацыяй. Ад яго ў бліжэйшы час мала што залежыць, і доктар у гэты момант становіцца самым блізкім чалавекам. Бадзёрым крокам ён уваходзіць у аперацыйную, надзеўшы смешную рознакаляровую шапачку хірурга, і звяртаецца да пацыента: «Ну, як у нас справы? Усё будзе добра!» А потым гасцінным жэстам запрашае «адпачыць» на аперацыйны стол і дадае: «Прашу вас, уладкоўвайцеся!». І ніхто не задумваецца пра тое, колькі гадзін адпачываў напярэдадні сам доктар, які дзяжурыў суткі, скажам, у аддзяленні экстранай хірургіі. Тут і цяпер галоўны — пацыент: ляжыць на стале ў аднаразовым халаце і ўжо ўсміхаецца, адчуваючы падтрымку… Такім запомнілася мне наша першае знаёмства з доктарам Мазынскім.

Па той бок шырмы

Памятаю, падчас лазернай аперацыі, без наркозу, пад мясцовым абязбольваннем, пакуль "чаравалі" над венай, увесь час хацелася адсунуць белую шырму, якая не давала назіраць сам працэс. Майго твару, зразумела, таксама хірургу не было відаць. Таму ён увесь час размаўляў, задаваў разнастайныя пытанні: такім чынам кантраляваў мой настрой. Здавалася, за нядоўгія трыццаць мінут мы з Дзянісам Віктаравічам сталі амаль сябрамі. Ну, а потым я бадзёра ўстала, амаль скокнула з аперацыйнага стала і пайшла ў бліжэйшую кавярню піць каву — хваляванні засталіся ў мінулым.

Тым не менш, пра тую белую перагародку, якая аддзяляла мяне ад доктара, я не магла забыцца. Яна нібы куліса, што прыкрывае сапраўднае жыццё медыкаў. Вельмі хацелася даведацца: як яны жывуць, пра што думаюць? Якія, калі час прыёму заканчваецца? І ці заўсёды доктару ўдаецца захоўваць унутраны спакой, пазітыўны настрой і прыязнае стаўленне да людзей? Бо менавіта такім здаўся мне Дзяніс Мазынскі.

Сустрэцца для інтэрв’ю мы дамовіліся на пачатку лета. Ды не атрымалася: Дзяніс Віктаравіч паляцеў на канферэнцыю ў Швецыю. У ліпені таксама прыйшлося перанесці сустрэчу. А ў жніўні ён быў ужо ў Санкт-Пецярбурзе на майстар-класах. У верасні — у Казахстане: там адкрылася новая клініка, трэба было правесці семінар для мясцовых дактароў, а затым і майстар-клас. Потым доктар і сам апынуўся на аперацыйным стале: арганізм не вытрымаў звышнагрузкі... Але, як кажуць, цуды здараюцца пад Новы год: мы сустрэліся зноў, але ўжо за межамі медцэнтра — у адной з кавярняў.

Рэкі, вены, ручайкі…

«Я вылецеў з жыцця амаль на тры месяцы!» — адразу пачаў Дзяніс Віктаравіч, нібы просячы прабачэння за тое, што апошнюю сустрэчу прыйшлося зноў перанесці на нявызначаны тэрмін. Прызнацца, нязвыкла было бачыць яго апранутым у паўсядзённае ды не ў сценах кабінета. Бар’ер, які звычайна адчуваецца паміж доктарам і пацыентам, адразу знік.

— Дзяніс Віктаравіч, думаю, размоў пра хваробы вам хапае і на працы. Таму разлічваю на гаворку пра ўсё. А на пачатку прашу растлумачыць: чым адрозніваецца флеболаг ад ангіахірурга і сасудзістага хірурга? Вось вы, напрыклад, сябе пазіцыянуеце як флеболаг і ангіахірург...

— «Ангіа» перакладаецца з грэчаскай як «сасуд», гэта значыць ангіахірургія — гэта і ёсць «сасудзістая хірургія». Так называецца раздзел медыцыны, які займаецца вянознымі, артэрыяльнымі ды лімфатычнымі сасудамі. А флебалогія — гэта вузкі напрамак ангіалоіі, вывучае толькі вены.

— Лячыць якія, мы цяпер ведаем, можна сёння амбулаторна, без стацыянара…

Падчас майстар-курса Балтыйскага таварыства флебалогіі

— Менавіта так! І, па-мойму, гэта цудоўна. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць прыйсці на прыём, зрабіць аперацыю ды пайсці далей займацца сваімі справамі. Усё, як у стаматолага.

— А як выйшлі вы на тэму дзіцячай флебалогіі?

— Усё пачыналася на асабістым энтузіязме. Бо першапачаткова я ж дзіцячы хірург, закончыў педыятрычнае аддзяленне ў Белдзяржмедуніверсітэце ў 2005‑м, затым прайшоў першасную падрыхтоўку па сасудзістай хірургіі. Шмат гадоў займаўся флебалогіяй. Паступова стаў разумець, што ў дзяцей ды падлеткаў ёсць такія ж праблемы, як і ў дарослых. Але да 18 гадоў іх у нас не прынята абследаваць! А, як вядома, калі ёсць праблема, то з цягам часу яна ўзмацняецца. Дык чаго тады чакаем?.. Варыкоз можа пачацца і ў 10 гадоў.

— Цяпер я разумею, што вы — першы, хто на гэта звярнуў увагу...

— І пакуль адзіны. У нас тэма флебалогіі толькі пачынае «раскручвацца», я не падзяляю яе на дзіцячую ці дарослую. Так, хваробы вен былі вывучаны даўно, але метады лячэння кардынальна змяніліся, а ў нашым грамадстве і па гэты час мала пра тое ведаюць. Ёсць стэрэатыпы, ілжывыя меркаванні. Напрыклад, многія медыкі, а ўжо тым больш пацыенты, лічаць, што калі выдаліць хворую вену, то стан другой абавязкова пачне пагаршацца. Мала хто сочыць за станам сваіх вонкава здаровых ног. Лічаць: не баліць — і добра. Таму мы, флеболагі, з дапамогай СМІ, на кансультацыях увесь час акцэнтуем увагу на гігіене ног.

— У чым яна заключаецца?

— Вы чысціце зубы двойчы на дзень? Чаму? Бо гэта прафілактыка карыесу, перш за ўсё. Дакладна такую ж прафілактыку трэба праводзіць і з нагамі. Тут няма нічога цяжкага, пра гэта ўсюды гавораць і пішуць. Напрыклад, пры пералётах, калі ногі доўга знаходзяцца ў нерухомым становішчы, апранайце кампрэсійныя панчохі ці калготкі. Не трэба хадзіць падоўгу і на абцасах, варта даваць нагам фізічную нагрузку… Ну, і наведваць перыядычна флеболага неабходна. Вядомая ісціна: хваробу лягчэй папярэдзіць, чым потым лячыць.

— Вы ўжо некалькі разоў параўналі флебалогію з стаматалогіяй. У іх ёсць і штосьці агульнае?

— Гэта я так, для разумення: падключаю ваша вобразнае мысленне. Да стаматолага хадзілі ўсё. Пра зубы — гэта зразумела. Яшчэ рэкі, бывае, малюю пацыентам, ручаі… І лес побач дамалюю (смяецца). Тады чалавеку становіцца больш зразумела, што адкуль «цячэ» і куды «выцякае». Ён пачынае разумець прычыны і наступствы.

— Як у Заходняй Еўропе ідуць справы з дзіцячай флебалогіяй?

— Шчыра кажучы, мне пакуль самому не зразумела. Нейкіх глабальных даследаванняў на гэтую тэму няма, публікацый таксама. Мала клінік, можа пара-тройка на ўсю Заходнюю Еўропу. Але пры іх ёсць дзіцячыя сасудзістыя аддзяленні.

— А калі параўноўваць якасць лячэння той жа варыкознай хваробы ў нас і за мяжой?..

— Вынікі прыкладна такія ж, калі ў нас не лепш. Бо мы выкарыстоўваем самае сучаснае абсталяванне.

— Калі ласка, удакладніце: мы — гэта хто?

— Я ды мае сябры-флеболагі: Павел Гаўрын і Сяргей Карніевіч. З нас усё і пачалося ў годзе 2007–2008-м.

Калегі-флеболагі: Павел Гаўрын (злева ад Дзянiса Мазынскага), Сяргей Карніевіч і Вольга Пазнякова

Тры таварышы

— Пасля вучобы я быў размеркаваны ў 19-ю дзіцячую паліклініку ў Мінску. А побач там будынак 19‑й раённай «дарослай». Там хірургічнае аддзяленне ўзначальваў Павел Гаўрын. А я ж прыйшоў маладым спецыялістам тады, адзін быў на ўсю дзіцячую паліклініку. Ну і бегаў перыядычна да Паўла Юр’евіча: раіўся, падвучваўся. Увогуле, стаў ён маім таварышам, а потым і лепшым сябрам. А Сяргей Карніевіч з Паўлам аднакурснікі, яны сябравалі. Сяргей Мікалаевіч тады працаваў урачом у Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Увогуле, я ў іх кампанію ўпісаўся. Сталі мы «ГАМАК» — нас калегі так празвалі: склалі ініцыялы нашых прозвішчаў. Адна медсястра часта жартавала: куды ні кінь, усюды альбо Мазынскі, альбо Карніевіч ці Гаўрын. Дык вось, неяк сабраліся мы разам і падумалі, што пара нам заняцца флебалогіяй на якасна новым узроўні. З’ездзіў Сяргей Карніевіч у Рыгу, паглядзеў, як можна праводзіць аперацыі камфортна і для пацыента, і для хірурга — з дапамогай лазера. Памятаю, першая аперацыя ў Паўла ды Сяргея доўжылася дзве гадзіны. Мяне, маладога, тады не паклікалі, самі яшчэ хваляваліся. А цяпер такая працэдура па часе займае хвілін трыццаць, разам з усімі падрыхтоўкамі.

— А чаму Сяргей Карніевіч тады паехаў менавіта ў Рыгу?

— Там ёсць Балтыйскае таварыства флеболагаў, прэзідэнт якой — доктар медыцыны Улдзіс Маурыньш. У яго свая клініка, куды мы часта ездзім, павышаем кваліфікацыю. Туды запрашаюць спецыялістаў з Англіі, Бразіліі… Потым Карніевіч стаў віцэ-прэзідэнтам гэтай супольнасці ў Беларусі.

— Звернемся да вас: можа навуковую працу пішаце на тэму дзіцячай флебалогіі?

— Усе кажуць: пішы! Бо гэты кірунак трэба развіваць. Я пакуль думаю над гэтым, разважаю. На канферэнцыях вучуся, на майстар-класах. Кожны раз пра нешта новае даведваюся. Вось, напрыклад, у Піцеры ў рэжыме анлайн паказвалі нам, расказвалі пра розныя нюансы ў ходзе аперацыі. Напрыклад, як іголка павінна ўваходзіць у вену: дзірачкай уверх, уніз ці ў бок…

Чалавечы фактар

— Пра тое, як выбудоўваць дыялог з пацыентам, на майстар-класах таксама расказваюць?

— Гэтаму яшчэ ў вузе вучаць. Дысцыпліна тая называецца «Этыка і дэанталогія».

— Але, тым не менш, сама не раз чула, здараюцца канфлікты з пацыентамі…

— Ведаеце, у нас кажуць: усе медыкі падзяляюцца на тры катэгорыі: не дай Бог, дай Бог і ад Бога. Хто кім стане — тое невядома. Але іншы раз дактароў у такія рамкі заганяюць!.. Напрыклад, калі я працаваў у 19 дзіцячай паліклініцы, паралельна яшчэ адседжваў змену ў другой — мінскай 11‑й дзіцячай. У мяне атрымлівалася дзве змены ў дзень: з 8.00 да 16.00 у адным месцы, потым з 17.00 да 20.00 — у іншым. За змену праходзіла да 120 чалавек: адзін хірург на ўсю паліклініку! Пасля сотага пацыента пачынаеш ужо выгараць, а там жа яшчэ бабулі сядзяць, дзядулі ды бацькі, якія забываюць пра тое, што і доктар — чалавек, стаміцца можа… Шчыра кажучы, не надта прыемна бывае назіраць адкрыта спажывецкае стаўленне да нас. Асабліва ў платных медцэнтрах. І адмовіць не можаш, ба адкрытага ж хамства няма. Але адчуваеш: ставяцца да цябе як да абслуговага персаналу. Таму пасля сямі гадзін мне працаваць ужо маральна цяжка. Наогул, медыцынскай культуры, скажам так, ніхто не навучыць. Як цябе бацькі ў дзяцінстве выхавалі, такі з цябе доктар і атрымаўся.

— Можа, у выпадку поўнага выгарання трэба проста сысці з прафесіі?

— Справа ў іншым. Я лічу, што перш чым браць любога чалавека на любую працу, яго трэба пратэставаць або накіраваць да псіхатэрапеўта. Ёсць розныя тэмпераменты: камусьці не падыходзіць калектыўная праца, напрыклад. І перад паступленнем у Медуніверсітэт можна было б нешта падобнае праходзіць абітурыентам. У нас жа ёсць уступныя экзамены? А чаму б асаблівасці характару не праверыць? Я калі ў Рэспубліканскім атрадзе спецпрызначэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях служыў (гэта было ў 2009–2011 гадах, працаваў у выязной медбрыгадзе), пры паступленні праходзіў псіхалагічныя тэсты. Гэта нармальна, я лічу. А ў дактароў такога няма. Не ўсе ж прыдатныя, на самай справе. Паўтаруся, у абсалютна любой прафесіі важная псіхалагічная прафпрыдатнасць.

Вось так праходзяць майстар-класы ў флеболагаў

І ў агонь, і ў ваду

— Калі ў МНС служылі, каго ратавалі?

— Усялякіх… Кожны выезд — экстраны. Інакш не выклікалі б, правільна? Але спачатку мы спецпадрыхтоўку праходзілі. У нас была матацыклетна-выязная група — каб аператыўна рэагаваць на выклік. Селі на матацыклы і паляцелі. Яшчэ з парашутамі з верталёта скакалі. 11 скачкоў у мяне. Усё самі рабілі: скокнулі, парашут хутка згарнулі ды зноў у верталёт — каб скокнуць яшчэ раз. Мне потым старэйшага лейтэнанта далі.

— З якой вышыні скакалі?

— Ды розная бывала. На самай справе, чым ніжэй — тым больш страху адчуваеш. Калі высока, ёсць час па баках паглядзець, з духам сабрацца. А тут не паспеў падумаць — ужо ўніз. Дарэчы, яшчэ ў МНС супрацьгазы вучыліся выкарыстоўваць. Медыкі павінны заходзіць у будынак, які гарыць, і аказаць дапамогу, калі яна патрэбная на месцы.

— Былі такія выпадкі?

— Хапала… Дзесьці на раёне, нават не памятаю…

— Як можна пра такое не памятаць? Альбо гэтага было зашмат?

— Дык штосьці дзесьці ўвесь час адбываецца! Схема аднолькавая: байцы ацэньваюць абстаноўку, потым ты заходзіш у дом, калі пацярпелых нельга вынесці. А бывае і такое: напрыклад, мужчына рабіў рамонт у кватэры: выразаў перагародку паміж туалетам і ваннай, ды раптам — арматурай заваліла. Мы даставалі яго, памятаю, як з шампура. Ці вось яшчэ выпадак: люты, мінус 20. Траса на Віцебск, 5 км ад Мінска. Лабавое сутыкненне аўтамабіляў: адзін разарвала напалову, другі — проста ўсмятку. Шмат загінулых: двое ў адной машыне, пяць — у іншай, і на дарозе — яшчэ адзін. Ды за рулём — цяжарная жанчына, прычым на познім тэрміне. Яна жывая, але заціснутая, ног не выняць: моцна дэфармаваны кузаў. На месцы прама паставілі ёй кропельніцу, не вымаючы.

— Вы яшчэ і ў мінскім Дзіцячым хірургічным цэнтры ў той час працавалі…

Лазерная аперацыя доўжыцца паўгадзіны

— І цяпер працую — дзяжурантам.

— У чым сутнасць гэтай працы?

— Звычайны доктар прыходзіць а восьмай раніцы і сыходзіць у тры, а суткі, з дзевяці раніцы да дзевяці вечара, і ў выхадныя нясуць вахту — дзяжуранты. Прымаем пацыентаў, экстрана аперуем, калі трэба.

— Асаблівыя выпадкі ў ДХЦ таксама не хочаце ўспамінаць?

— Для вас гэта, магчыма, цікава. А для нас — руціна, увесь час адно і тое ж. Працуеш і працуеш. Стараешся быць максімальна эфектыўным і ўсё. Я люблю сваю справу. Атрымліваю задавальненне ад таго, што камусьці дапамогу аказаў, калі ёсць станоўчы вынік — пацыент ачуняў. Для мяне гэта больш важна.

— Страчвалі пацыентаў?

— Усялякае бывала… Але і ратавалі, дзякуй Богу, нямала. Асабліва небяспечныя веласіпедныя траўмы летам: разрывы селязёнкі, печані, унутраны крывацёк… Бо калі дзіця падае, руль часцей за ўсё ўдарае яго ў жывот. Атрымліваецца моцны і глыбокі ўдар.

— Дзіця — складаны пацыент?

— Так, бо ён не можа гаварыць, і за яго ніхто не скажа. Па сімптомах даводзіцца вызначаць, па аналізах, што здарылася.

— А калі маленькі пацыент ужо можа размаўляць? Ды баіцца…

— Ці дарослы не баіцца?

— Дарослы свае эмоцыі кантралюе…

— Дарослы прыходзіць адзін. А з дзіцем заўсёды «світа». І з імі цяжэй, чым з ім. Ёсць узнятая мама, якая «пяты кут не знаходзіць», нервовы тата. А потым падцягваюцца бабуля з дзядулем. І больш працаваць даводзіцца з імі. Бывае, трэба тэрмінова вырашыць пытанне пра аперацыю, час ідзе, а ты стаіш і спрабуеш данесці да бацькоў, што ў дзіцяці пытанне жыцця ды смерці. Зразумела, аперацыя — гэта моцны стрэс, але калі яна неабходная?! Шмат часу сыходзіць на тое, каб даказаць бацькам, што ты — не ідыёт. Потым ты выжаты эмацыйна. Пачынаеш па-іншаму зносіцца з бацькамі. Вось мы і вярнуліся да пытання пра культуру ўзаемаадносін і выгарання на рабоце. Не, сыходзіць з прафесіі не трэба. Трэба проста ўмець эмацыйна разгружацца.

— І як вы эмацыйна разгружаецеся?

Сяргей Карніевіч — доктар вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, віцэ-прэзідэнт Балтыйскага таварыства па флебалогіі ў Беларусі

— На матацыклах катаюся са сваімі сябрамі. Тымі самымі, што ўваходзяць у наш «ГАМАК». Але без фанатызму, я ў клубы не ўваходжу. Цяпер у мяне чопер. Магу на ім на працу прыехаць. Бывае, ад’язджаю з сябрамі на пару дзён. Без тэлефонаў, без радыё, ад свету адрэзаны — ідэальна!

— А з парашутам яшчэ скачаце?

— Ужо не. Мне неяк страшна было. Падчас вольнага палёту кожны раз пераглядаў жыццё нанова. А цяпер, калі я «выйшаў са строю» на некалькі месяцаў, — асабліва. Усё ж такі ў мяне сям’я, дзеці. Іх яшчэ падтрымліваць трэба. У сквош пагуляць люблю. На з’езды, міжнародныя канферэнцыі езджу — таксама добрая перазагрузка: новыя зносіны, новая інфармацыя.

— Куды ўжо з’ездзілі?

— У Швецыю, Прагу, краіны Прыбалтыкі, Казахстан, Піцер… У Англіі хачу пабываць. І ў ЗША. Але гэта затратна. У Бостане канферэнцыя мне абыдзецца прыкладна ў 5 тысяч долараў. Я ж сам сябе фінансую. Але без такіх паездак на міжнародны ўзровень не выйдзеш.

— У спартзалу ходзіце?

— А як жа! Там я рэлаксую. Пацягаў жалеза — выціснуў з сябе негатыў. Выходжу спустошаны, лёгкі такі. Добра, што ў нас ёсць залы, якія працуюць 24 гадзіны ў суткі! Дарэчы, у спартзале часта бачу праблемныя ногі. Так і падмывае часам падысці, даць візітоўку.

Побач з дзіцячым ангіахірургам — прафесар Улдзіс Маурыньш

— Калі ж вы спіце? Ды наогул — ці спіце?

— Вядома, спаць трэба! Дзе працую, там і сплю (смяецца).

— А выхадныя ў вас ёсць?

— Ужо часцей. У нядзелю — адпачынак з сям’ёю. А ўсе хобі — пасля працы. Дарэчы, у мяне сабака яшчэ ёсць, чорны лабрадор. Яго, вы ж разумееце, выгульваць трэба раніцай і ўвечары. Яшчэ фільмы паглядзець люблю, у кінатэатры пахадзіць… На жаль, часу на ўсё не хапае.

Зваротная сувязь

— Кажуць, урачы хварэюць хваробамі сваіх пацыентаў...

— Не, у мяне з гэтым усё ў парадку! Мы, флеболагі, займаемся прафілактыкай: носім час ад часу кампрэсійны трыкатаж, сочым за станам ног.

— Усе хваробы ад нерваў?

— Абсалютна! Ад псіхаэмацыйнага стану. Ёсць фактары, якія схіляюць да хваробы — гэта гены. А ёсць тыя, што яе правакуюць — псіхасаматыка.

— Тады ўзнікае пытанне: наколькі глыбока вы цікавіцеся асабістым жыццём сваіх пацыентаў, калі ўвогуле цікавіцеся?

— Вы разумееце, у мяне з імі зносіны не аднаразовыя. Яны ж прыходзяць спачатку на кансультацыю, потым — каб замацаваць вынікі, мы ўжо на іншым узроўні маем зносіны. Пэўную дыстанцыю, вядома, захоўваю, але, у цэлым, чалавека ўжо добра разумею, адчуваю. Напрыклад, прыйшоў інтраверт: увесь у сабе, і педант да таго ж. Прыдумаў сабе неіснуючыя праблемы. Пачынаю тлумачыць, што з ім усё добра, і ногі ў яго ці ў яе прыгожыя. А яна ці ён не чуюць…

— І як тады быць? Што робіце?

— Працягваю размову, пераконваю… Мінут сорак, замест вызначаных дваццаці.

— Неяк на адным з прыёмаў вы мне мімаходзь сказалі, што ўсё трэба рабіць сумленна. Але ж паняцце сумлення цяпер у кожнага сваё…

— Не згодны: сумленне адзінае на ўсіх! (Смяецца.) З іншымі абыходжуся так, як абыходзіўся б сам з сабой. Без падману. Калі што сказаў — зрабіў. Паабяцаў нешта, нават калі ў шкоду ці страту для сябе, — стрымай слова.

— А на якія ахвяры ў працы вы здольныя пайсці?

— Ды я ж пастаянна іду, бо ўвесь час даводзіцца падладжвацца: разумею, у кожнага пацыента свой рытм, уваходжу ў становішча. Прыйшла неяк бабуля да мяне наогул не па профілю, гадзіну часу заняла. Я ёй не дапамог. Таму і грошы з яе не ўзяў.

— Ці ёсць у вас жыццёвае крэда?

— Я лічу, што фармуляваць такія дэвізы — глупства. Гэта ўсё ўмоўна і знаходзіцца ва ўладзе пэўнай эмацыйнай атмасферы вакол цябе ў нейкі момант часу. На сённяшні дзень у мяне такі настрой, у другі — іншы… Зразумела, што трэба, паўтаруся, паступаць па сумленні. Трэба старацца, трэба дапамагаць іншым. Каб у канцы жыцця не прыйшлося шкадаваць пра тое, што чагосьці не паспеў.

— Да чаго імкнецеся ў жыцці?

— Да камфортнага існавання. Можа, вам падалося, што я гавару пра грошы? Так, грошы — як паветра. Гэта не сэнс жыцця, але сродак існавання. На жаль, часта яны ствараюць заганны круг. Але я не пра грошы. Камфортнае існаванне — гэта стан, калі ты задаволены сабой і тым, што робіш. Калі адчуваеш аддачу. Сям’я, бацькі, праца — усё ў гэтае паняцце ўключаецца. Хачу працягваць рабіць сваю справу і каб, усе мае пацыенты хадзілі ў радасці.

— Марыце, каб дзеці пайшлі па вашых слядах?

— Пасля нядаўніх падзей у маім жыцці яшчэ раз пераканаўся, што нельга шмат загадваць наперад. Трэба жыць тут і цяпер. Вы ўпэўненая, што ваша заўтра наступіць?

З сяброўкай па жыцці – жонкай Вольгай і сынамі Аляксеем (злева) і Фёдарам

— Як кажуць, няма ніякіх гарантый…

— І я не ўпэўнены. Тады навошта пра гэта думаць? Я хацеў бы, каб дзеці мае былі шчаслівыя. Хоць у кожнага сваё паняцце шчасця…

Гутарыла Аліса Гюнгер

Фота з асабістага архіва Дзяніса Мазынскага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?