Вы тут

Магілёў — яго радзіма


Вядомы ў свой час у эмігранцкім асяроддзі рускай інтэлігенцыі Міхаіл Навумавіч Паўлоўскі (нарадзіўся ў 1885 годзе ў Магілёве) у 1920-1930-я гады жыў у Кітаі.


Збіраючы матэрыялы для кнігі «Дарогі да Паднябеснай» (выйшла ў Мінску напрыканцы 2019 года), прысвечанай усемагчымым фактам яднання Беларусі ды Кітая, я абмінуў такога чалавека, як Міхаіл Навумавіч Паўлоўскі. А між тым, дарэмна...

З біяграфіі нашага суродзіча

Бацька Міхаіла — Навум Паўлоўскі меў урачэбную практыку ў Магілёве. Хаця і была за плячыма ўсяго толькі фельдшарская адукацыя. Сын з юнацтва захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі, быў актыўным удзельнікам партыі эсэраў. Маладога чалавека выслалі ў Сібір, адкуль ён здолеў у 1911 годзе ўцячы. Патрапіў у Францыю. Атрымаў вышэйшую інжэнерную адукацыю. Па адных дадзеных — у Льежэ (Бельгія), па другіх — у Францыі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі Міхаіл Паўлоўскі вярнуўся ў Расію.

Служыў перакладчыкам пры французкім міністры Альбесце Томе, які быў камандзіраваны з Парыжа для перамоў з Часовым урадам. Пасля наш зямляк узначаліў Вышэйшы савет забеспячэння саюзных армій пры Часовым Сібірскім урадзе. 29 лістапада 1918 года экстранным цягніком генерала Болдырава адправіўся з Омска на ўсход. У канцы лістапада 1918 года па загаду адмірала Калчака быў арыштаваны. Пасля вызвалення, 6 сакавіка 1919 года, выехаў ва Уладзівасток. Увайшоў у склад рэдакцыйнай калегіі пазапартыйнай штодзённай дэмакратычнай газеты «Вечер».

Пасля ліквідацыі Далёкаўсходняй рэспублікі эміграваў у Кітай. Жыў у Шанхаі. Займаўся прадпрымальніцтвам. Пастаўляў у Кітай чыгуначнае абсталяванне і тэхніку. У кнізе эмігранта Марка Вішняка наш суайчыннік згадваецца як ініцыятар усталявання помніка А. С. Пушкіну ў Кітаі. Вось што ён піша (назва кнігі — «Гады эміграцыі. 1919–1969»): «Вымушаны адысці ад палітычнай дзейнасці, ён не згубіў цікаўнасці да палітыкі, але стаў займацца ў асноўным грамадскімі ды філантрапічнымі справамі і набыў надзвычайную папулярнасць сярод «рускіх кітайцаў» у звязку, у прыватнасці, з усталяваннем помніка Пушкіну ў 1937 годзе». Размова — пра помнік класіку рускай паэзіі, які ўсталяваны ў Шанхаі ў 1937 годзе.

У 1930-я гады Міхаіл Навумавіч пераязджае ў Францыю. У 1937–1939 гг. выдае часопіс «Русскія записки». Праўда, рэдагуюць яго іншыя дзеячы эміграцыі. У выхадных дадзеных чамусьці пазначана: «Парыж–Шанхай». Той самы Марк Вішняк сведчыць, што Паўлоўскі быў ініцыятарам і выдаўцом часопіса, але забараняў на вокладцы, у выхадных дадзеных ставіць яго прозвішча. Міхаіл Паўлоўскі таксама паспрыяў выданню кніг некаторых рускіх эміграцыйных пісьменнікаў — у прыватнасці, Надзеі Тэфі, Барыса Зайцава. Дарэчы, цікавым падаецца і такі факт: у 1890-я гады Надзея Тэфі жыла са сваім першым мужам у маёнтку пад Магілёвам. Сярод яе твораў ёсць верш «З Міцкевіча».

Помнік А.С. Пушкіну ў Шанха

У 1949 годзе Міхаіл Паўлоўскі выдаў манаграфію «Кітайска-рускія адносіны». Вядома, што працу над творам ён пачаў яшчэ ў час жыцця ў Кітаі. Памёр Міхаіл Навумавіч у 1963 годзе.

Алесь Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.