Вы тут

У Клімавічах распрацоўваюць унікальны прыродны турыстычны маршрут


Мелавыя кар'еры ў Клімавічах — і сёння адно з самых найлепшых месцаў адпачынку. Вада ў іх незвычайнага блакітна-смарагдавага колеру. Ды і рэльеф цудоўны. Лес, азёры, выспы — глядзіш і дух захоплівае. У інтэрнэце клімавіцкія кар'еры пазіцыянуюцца як адзін з пяці найпрыгажэйшых прыродных аб'ектаў Беларусі. На жаль, месца пакуль не «раскручанае». Але, як расказалі карэспандэнту «МС» у Клімавіцкім райвыканкаме, усё яшчэ наперадзе.


Ра­віль СА­БІ­РАЎ дэ­ман­струе клі­ма­віц­кія Маль­ды­вы.

Знаходзяцца гэтыя прыгожыя мясціны за некалькі кіламетраў ад горада: выязджаеш і пайшла чарада кар'ераў — чатыры вялікія азёры і шмат маленькіх. Пры жаданні пабываць там можна без праблем. Для гэтага ёсць прыватны грамадскі транспарт.

— Раней у кар'ерах здабывалі для сваіх патрэб пясок і мел вапнавы і цагельны заводы, а калі прадпрыемствы закрыліся, гэтыя месцы адкарэктавала прырода. Грунтовыя воды падняліся, і ўтварылася ўся гэтая прыгажосць. Там ёсць і пясчаныя кар'еры, і мелавыя, — кажа загадчык сектара спорту і турызму Клімавіцкага райвыканкама Равіль САБІРАЎ.

— Гэта нашы клімавіцкія Мальдывы, можаце мне паверыць, — запэўнівае галоўны спецыяліст сектара Аляксандр ЧАБАН. — Я быў на сапраўдных Мальдывах і кажу з поўнай адказнасцю: нашы нічым не горшыя — такія ж белыя горы, блакітная вада. Спалучэнне наогул незвычайнае. Засталося знайсці спонсара, які надасць гэтаму дыяменту годную агранку. Месца проста шыкоўнае.

Пакуль ідэя толькі прапрацоўваецца, шукаюцца крыніцы фінансавання. Перш за ўсё спатрэбіцца зрабіць там зону адпачынку, праверыць дно кар'ераў. Дарэчы, глыбіня іх да 15 метраў. Купацца там забаронена. Самастойна райвыканкаму такія маштабы не пацягнуць, таму інфармацыя ўкладваецца ў вушы прадпрымальных людзей. Пакуль безвынікова.

— Калі знойдуцца ахвотныя прыехаць паглядзець на гэтую прыгажосць летам, наш Цэнтр здароўя можа даць палатку, спальны мяшок, іншую амуніцыю, — кажа загадчык сектара. — Гэта самае малое, што мы пакуль можам прапанаваць. Хацелася б, каб месца стала больш даступнае не толькі для жыхароў Клімаўшчыны, але і для ўсіх. Нават на карцінках яно выглядае чароўна. А ўяўляеце, як прыгожа на месцы? Можна было б наогул зрабіць цікавы водны маршрут — аб'яднаць клімавіцкія кар'еры з крычаўскімі, да якіх недзе 30 кіламетраў.

Сёння можна камфортна адпачыць у Доме паляўнічага каля вёскі Бліунг. Ад Клімавіч гэта кіламетраў сем. Там ёсць сцежка здароўя, сажалка, альтанкі, масток, які вядзе ўглыб возера.

Дарэчы, месца гэтае з цікавай гісторыяй. Калісьці тут быў Свірэльскі маёнтак і фальварак багатага яўрэя Блеўна. У часы Кацярыны Вялікай гаспадар быў сасланы, а маёнтак перайшоў пану Шацкаму. Пасля рэвалюцыі тут была створана камуна, але назва Бліунг захавалася. Маёнтка больш няма, але мясціны выдатныя.

— Тут вельмі любяць адпачываць расіяне, — кажа Равіль Сабіраў. — Хутка зноў да нас прыедуць, будуць тут паляваць. Наогул паляўнічы турызм развіты ў нас вельмі добра. Гэта і грошы для раёна, і імідж для краіны.

Клімавічы ведаюць таксама і як сталіцу міжнароднага дзіцячага фестывалю «Залатая пчолка». На свята, якое праводзіцца ў Міжнародны дзень абароны дзяцей, з'язджаецца шмат народу, у тым ліку з блізкіх раёнаў Расіі — Шумяцкага і Рослаўльскага. Дарэчы, Клімавічы — адзін з нямногіх райцэнтраў, якія могуць пахваліцца сапраўды камфортнай гасцініцай у цэнтры горада.

Але мала хто ведае, што Клімавічы калісьці былі яшчэ і лыжнай сталіцай. І сектар спорту і турызму марыць адрадзіць гэтыя традыцыі. Тым больш што гэта ў міжнародных інтарэсах.

— Мы вельмі добра супрацоўнічаем з Расійскай Федэрацыяй, — расказвае Аляксандр Чабан.— Запрашаем іх да сябе ў госці, самі ездзім. З нашымі лыжнікамі займаецца заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Віктар Шапораў. Нам не хапае спартыўнага комплексу. Мы марым пра лыжаролерную трасу, хоць невялічкую — як зрабілі ў расійскім гарадку Прудок Рослаўльскага раёна. У нас адораных дзяцей хапае — у Клімавічах ганарацца сваімі спартыўнымі зоркамі. У іх ліку сярэбраны прызёр чэмпіянату свету Юрый Астапенка, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў па біятлоне Вячаслаў Талкачоў. Але вельмі складана трэніраваць будучых зорак, калі няма ўмоў. Дзіцячая спартыўная школа мае толькі адзін стадыён — там табе і валейбольнае поле, і баскетбольнае, і турнікі. А быў бы спартыўны комплекс, можна было б расіян запрашаць, валюту зарабляць. Трэнерскія кадры ў нас моцныя, і вынікі ёсць. Можна было б і іншыя віды спорту культываваць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Едзем на клімавіцкія Мальдывы!

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.