Вы тут

Акцыя «Нашы дзеці»: дайджэст з рэгіёнаў


Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» патрэбна як дзецям, так і дарослым. Апошнім важна ў сваіх штодзённых клопатах памятаць пра тых, каму неабходныя дапамога і падтрымка.


Фота БЕЛТА

Такую думку выказала журналістам старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава пасля навагодняга свята, якое стала часткай рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наваполацка, паведамляе БелТА.

Спікер верхняй палаты парламента адзначыла важнасць такой акцыі. «У гэтыя святочныя дні мы традыцыйна сустракаемся з дзецьмі. Падобныя акцыі, мерапрыемствы патрэбныя як малым, так і дарослым, таму што ў такіх тэрытарыяльных цэнтрах сапраўднае жыццё, тут мы адчуваем наш клопат пра дзяцей», — сказала старшыня Савета Рэспублікі.

«З вялікай радасцю знаходжуся сёння ў гэтым тэрытарыяльным цэнтры, які ў свой час стваралі. Убачыла знаёмых дзяцей, іх дасягненні. З імі цікава мець зносіны, іх рэакцыя шчырая і непадкупная. Яны мяне заўсёды віншуюць з Новым годам і перадаюць сувеніры, якія зрабілі сваімі рукамі», — адзначыла спікер верхняй палаты.

У цэнтры некалькі гадоў таму па ініцыятыве Наталлі Качанавай (тады яна ўзначальвала мясцовы гарвыканкам) былі створаны мэтавыя групы, куды бацькі на час работы маглі прывесці сваіх дзяцей з асаблівасцямі. Гэтая ідэя аказалася запатрабаванай. «Я рада, што працуючы, бацькі могуць рэалізаваць свае магчымасці, бо няпроста пакінуць такое дзіця дома», — дадала яна.

У ТЦСАН Наваполацка дзейнічаюць шэсць аддзяленняў, у тым ліку для дзённага знаходжання інвалідаў. Сёлета яму споўнілася 10 гадоў. У аддзяленні займаюцца 53 чалавекі. Тут для іх арганізаваны гурткі па дэкаратыўнай творчасці, рухальнай рэабілітацыі, навучанню камп'ютарнай адукаванасці, музычна-тэатральны гурток. Ёсць у цэнтры магчымасць прайсці колерамузычную тэрапію, таксама інваліды ў якасці валанцёраў бываюць у прытулку для жывёл, для іх гэта яшчэ і рэабілітацыя.

Дарэчы, навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» будзе доўжыцца да 10 студзеня. Дабрачынны марафон праходзіць пад патранатам Аляксандра Лукашэнкі. Падчас акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых органаў улады наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі,
робяць ім падарункі, дапамагаюць у вырашэнні праблем.


26 снежня ў мінскім дзіцячым доме № 5 прайшла навагодняя рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Да яго выхаванцаў завіталі прадстаўнікі Савета Рэспублікі на чале з намеснікам старшыні верхняй палаты парламента Анатолем ІСАЧАНКАМ. Ён цёпла павіншаваў дзяцей з надыходзячым навагоднім святам, пажадаў ім выканання ўсіх іх мар і спадзяванняў.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Адчувалася, што дзеці рады гасцям. І не толькі таму, што ўчора пачаліся зімовыя школьныя канікулы, або таму, што госці прыехалі не з пустымі рукамі. Пэўна, прычынай было тое, што маленькім жыхарам гэтага тыповага будынка падарылі яшчэ і трохі сардэчнай цеплыні, якой ім вельмі не хапала ў ранейшым жыцці. Зразумела, дзецям дужа спадабаліся падарункі: госці, акрамя традыцыйных цукерак, прывезлі яшчэ і шэсць планшэтных камп'ютараў.

Гасцям паказалі, як жывуць выхаванцы дзіцячага дома, дзе яны вучацца, займаюцца фізічнай культурай, адпачываюць, дзе, як і чым харчуюцца. Меню сталоўкі было разнастайнае і паўнавартаснае. Гасцям у спартыўнай зале хлопчыкі прадэманстравалі сваё ўменне на скаладроме. Яго, дарэчы, падарылі прадстаўнікі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў час мінулай навагодняй рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

Нагадаем, дзіцячы дом працуе ў рэжыме кругласутачнага знаходжання дзяцей. Сёння тут жыве 61 выхаванец. Гэта дзяўчынкі і хлопчыкі ва ўзросце ад 4 да 17 гадоў. Яны падзелены на восем груп. Незалежна ад узросту ў кожнага з выхаванцаў свая, і часам вельмі няпростая, біяграфія, поўная хатняга гвалту і несправядлівасці. Нярэдка гэта сіроцтва пры жывых бацьках.

А завяршылася гэтая нефармальная пераднавагодняя сустрэча агульным чаяваннем пасля невялікага канцэрта, які падрыхтавалі дзеці.

Леанід ТУГАРЫН


У дзённым цэнтры для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, што ў Гродне, зладзілі навагодняе свята ў рамках акцыі «Нашы дзеці»

Валанцёры і супрацоўнікі Гродзенскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа падрыхтавалі інтэрактыўную праграму. А падарункі ўручыў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі, старшыня прэзідыума абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Віктар Лісковіч.

Дзённы цэнтр для дзяцей з асаблівасцямі месціцца ў былым дзіцячым садку. Памяшканне пакуль не вельмі прыстасавана для тых, хто знаходзіцца ў калясках, але, як расказала кіраўнік цэнтра Інеса Ларыёнава, налета тут будзе зроблены рамонт, а на другі паверх усталяваны пад'ёмнік. Гэта дазволіць у значнай ступені разгрузіць першы паверх і пашырыць праграму заняткаў.

На свята большасць дзетак цэнтра прыехала на аўтамабілі, які абслугоўвае менавіта падапечных Чырвонага Крыжа. У наступным годзе мяркуюць набыць спецыяльны транспарт з пад'ёмным механізмам, каб было зручна транспартаваць дзяцей, якія знаходзяцца ў інвалідных калясках. Такі падарунак забяспечвае ўдзел у трансгранічнай праграме.

— Цяпер ідзе актыўны збор сродкаў і падарункаў у рамках акцыі «Ёлка жаданняў». Летась да яе далучыліся амаль 400 валанцёраў. Тады акрамя падарункаў удалося сабраць 13 тысяч рублёў. На гэтыя сродкі абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа змагла набыць падарункі яшчэ для паўтары тысячы дзяцей, — адзначыў Віктар Лісковіч. — Мяркую, што сёлета гэта лічба павялічыцца, пра што сведчыць першы этап акцыі «Нашы дзеці».

Але не толькі салодкімі пачастункамі радуе дзетак Чырвоны Крыж. Адрасную дапамогу атрымоўваюць амаль 16 тысяч жыхароў рэгіёна.

Цяпер абласная арганізацыя бярэ ўдзел у 15 гуманітарных праектах агульным коштам паўмільёна долараў. Гэта і новы мікрааўтобус, і рамонт самога будынка, і дадатковыя сродкі на розныя паслугі, у тым ліку паліятыўныя.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.