Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Апошні аргумент

Фота mosty-zara.by

...Вёсачка ў нас была невялічкая, двароў, можа, 40. На фронт з іх пайшлі 32 гаспадары, вярнулася — толькі палова: той паранены, той кантужаны. Але ж (гэта святое) мужчынскія абавязкі выконвалі ўсе: з'яўляліся ў вёсцы дзеткі — і ў жонак, і ў асобных удоў. Ад каго, людзі, можа, і здагадваліся, але ж да пары да часу маўчалі.

Недзе з пачатку шасцідзясятых калгас стаў славіцца ўраджаямі лёну: людзі і зараблялі на ім нядрэнна, і прэміі мелі. Аднойчы — дык нават цукрам. Во дзе шчасце было, асабліва дзятве: лусту хлеба ў ваду на імгненне, потым — у торбачку з цукрам і... Смаката!

А далей — болей: навучыліся ледзянцы рабіць. Прапальвалі грубку-буржуйку, на гарачую — клалі паперу, на яе — слой цукрыку: пара хвілін і ледзянец гатовы. Дзеці — шчаслівыя, іх маці — і пагатоў: ёсць сэнс працаваць, старацца...

У брыгадзе тады было два звяны па вырошчванні лёну. Адным камандавала Матруна, другім — Праскоўя. Матрунін муж з вайны не вярнуўся — адна цягнула траіх дзяцей. А вось Параска свайго прыждала...

Карацей, першая жанчына з гора, другая мо з радасці, але шчыравалі абедзве. Зімой збіралі попел, раўніва глядзелі, каб на ўчасткі пароўну вывезлі гною, вясной сачылі за работай трактарыстаў, каб добра ўзаралі зямлю, на праполку выводзілі дзяцей, а летам хадзілі глядзець, чый жа даўгунец чысцейшы ды вышэйшы?

І вось нарэшце — восень, час падлікаў і... Паказчыкі ў абодвух звенняў аднолькавыя. Каму ж тады аддаць перамогу і прэмію?

Склікалі сход. Першым выступіў старшыня калгаса: падзякаваў жанчынам за працу, абвясціў нечаканыя вынікі, даў слова самім звеннявым.

Праскоўя першай стала хваліць сваіх работніц, казаць, што яе звяно працавала, не пакладаючы рук.

— А маё хіба горай? — абурылася Матруна. — У нас што — лён карацейшы альбо грубейшы?

Слова за слова — узнікла перапалка, жанчыны, што называецца, перайшлі на асобы:

— А ў цябе ў хаце як сем свіней апарасілася! — заявіла Параска.

— А ў цябе гарод пустазеллем зарос, — адбрыла Матруна.

— А твае дзеці нямытыя ходзяць!

— А твая карова аб...ся па самы хрыбет!

— А твой Грыша да мяне прыходзіць, — у запале гукнула Матруна.

І тут, што называецца, ці-шы-ня...

Трошкі пазней ад рогату зазвінелі шыбы, прэмію падзялілі пароўну, сход аб'явілі закрытым.

Л. М., г. Мінск


Некаму — жартачкі... а некаму...

Фота gribnik.info

Мне ў свой час давялося працаваць у адной раённай газеце, але ў рэдакцыі я мала стыкаўся, аб'язжаў калгас за калгасам.

Помню, у адзін прыехаў з самай раніцы, перад нарадай. Вырашыў папрысутнічаць. Сяджу разам са спецыялістамі, чакаю грунтоўнай размовы, а яна ўсё не пачынаецца. Пытаю ў суседа, з якой прычыны затрымка?

— Мухамор спазняецца, — кажа той.

— Гэта, — пытаюся, — нехта са старых кадраў? Ці вельмі ўжо шкодных?

— Не, гэта аграном наш.

Толькі ўспомнілі яго, — бачым — дзверы ў кабінет адчыняюцца, заходзіць досыць малады сімпатычны мужчына са шлемам...

— Дык адкуль тады мянушка? — цікаўлюся ў суседа. — На выгляд — неблагі чалавек.

— Яно так... Але ж дыму без агню не бывае. Ён у райцэнтр неяк паехаў, вырашыў заадно на калгасны рынак зазірнуць... Матацыкл каля ўвахода паставіў, шлем на ручцы пакінуў... Ён са скуранымі «падвязкамі» быў, а да ўсяго — ярка-чырвонага колеру... Акурат як шапка ў грыба. Вось нехта і намаляваў на ім беленькіх бубачак... Аграном з рынку вярнуўся, убачыў іх, палаяўся, а больш жа нічога не зробіш: фарба высахла... І ехаць трэба. Насунуў ён шлем на галаву і гайда ў вёску. А тут жа нічога не заржавее. Нехта ляпнуў: «Гляньце, мухамор паехаў!», вось мянушка і прыляпілася.

...Яна часам і сапраўды як тая фарба: не змыеш, каб і хацеў.

Віталь Жураўскі, г. Жодзіна


Вытокі традыцый

Мой сябра ажаніўся па восені. Яго абранніца была прыезджая, але на новым месцы прыжылася хутка. Бегала на ўсе канцэрты ды іншыя мерапрыемствы, вадзіла, а дакладней цягала з сабою мужа. Казала: «Пакуль дзяцей няма, грэх заседжвацца дома».

Вось і ў навагоднюю ноч падбіла сужэнца схадзіць на плошчу да цэнтральнай ёлкі. Той, бедны, пярэчыў: казаў, што глядзець там асабліва няма чаго, што без кампаніі ім сумна будзе, ды і надвор'е... Снег, які зранку выпаў, зверху растаў, на вуліцы — сапраўдная коўзанка. Але ж дзе там! Калі яго палавіна нечага захацела, то спрачацца — толькі нервы матаць.

Прыбраліся яны (жонка, дарэчы, у светлае футра і боцікі на шпільках), выйшлі за веснічкі, потым яшчэ колькі крокаў зрабілі і...

Раз'ехаліся на галалёдзе тыя шпілечкі, модніца, як той казаў, села ў лужыну... Шапка ў адным баку, сумачка — у другім. Побач муж у недарэчнай позе.

Сяк-так падняў ён сваю абранніцу.

— Ну што гэта такое? — стала абурацца яна. — Ну чаму пяску ніхто не насыпаў?

— Можна было, — згадзіўся муж, — але ж з цябе тады не толькі вада сцякала б, але і пясочак сыпаўся. А так — можна ісці далей: з кіламетр яшчэ да ёлкі.

— Ты што, з глузду з'ехаў? — пакрыўдзілася жонка. — Якая ёлка? Як я на людзі з'яўлюся ў такім вось выглядзе?!

— Ды не бойся: на ролю Бабы-Ягі — якраз. Ты ж хацела відовішчаў?

— Так, хацела, але перадумала... Чаго мы ля ёлкі не бачылі? Пайшлі назад.

...З таго самага часу на Новы год гэта сям'я з хаты, можна сказаць, не выходзіць — сядзіць дома.

Анатоль Палынскі, г. Беразіно


Пра крыж і крыжыкі

Фота iconica.com.ua

...Алена і Каця сябруюць з дзяцінства, здаўна, бо цяпер у абедзвюх ужо ўнукі і ўнучкі. Сем'і дзяцей жывуць асобна ад іх, а сяброўкі — побач, у адным шматпавярховым доме. Не дзіва, што часта бачацца, што разам, як многія жанчыны, любяць хадзіць па крамах. Нават у ювелірную неяк трапілі і выйшлі адтуль з абноўкамі: купілі сабе па залатым ланцужку, па крыжыку... У іх яны і былі — сяброўкі з маленства насілі (век атэістаў для камуністаў), але ж старыя, з нейкага пачарнелага металу, на вяровачках... Да Бога, у лепшы свет, — падумалі жанчыны, — лепш будзе ісці з новымі.

Вырашылі так разам, удзвюх, але ж потым да адной, да Каці, на канікулы прыехала любімая ўнучка, і бабуля не ўтрымалася — аддала ёй свой крыжык: хай, маўляў, будзе на памяць.

Аддала яго і, можа, забылася б, але...

Занядужала ў хуткім часе аж да таго, што злягла ў бальніцу. Муж яе Фёдар і сяброўка Алена па чарзе прыходзілі праведваць: прыносілі тое-сёе з прысмакаў, падбадзёрвалі, расказвалі пра хатнія справы і, вядома ж, чакалі. У дзень, калі Кацю выпісвалі, падлогі ў хаце былі чысцюткія, абед згатаваны... «Выходзіць, мой Федзя па-ранейшаму любіць мяне, шкадуе...» — парадавалася жанчына, кіруючы ў зале да свайго вялікага люстэрка, а паглядзелася і...

Вачам не паверыла: на ім, з правага боку, вісеў залаты крыжык. Той самы... Аленін, бо чый жа яшчэ, калі яна, Каця, унучцы свой падарыла?

«Во якая сяброўка! Ды змяя ж падкалодная! Выходзіць, гэта яна тут гаспадарыла?! — ставячы крыж на сяброўстве, думала Кацярына. — Чакала, што я ў бальніцы памру? На маё месца збірацца стала?!

Ад агіды і крыўды ў жонкі балела сэрца. Аднак прыслухоўвацца да яго Каці не выпадала: трэ было нешта рабіць.

Перш-наперш схавала ў шафе «знойдзены» крыжык («Забылася? Дык назад не аддам! Хай пашукае!»), потым сабрала свае самыя каштоўныя рэчы (набор сярэбраных відэльцаў і лыжак, пацеркі-пярсцёнкі, новую прыгожую коўдру...) і завезла нявестцы. «Бяры, — сказала, — бо раптам памру, вам нічога не дастанецца — усё прахам пойдзе».

...А Фёдар тым часам глядзеў на сваю жонку і нічога не разумеў: як падмянілі яе ў раённай бальніцы: то гыркае, то плача, бедная, то маўчыць, а то заявіла раптам, што дома яе любімых рэчаў няма і што вінаваты ў тым Фёдар з... Аленаю.

«Ты што — зусім ужо з глузду з'ехала?» — хацеў спытаць муж, але ж устрымаўся. Здалёк пачаў: сказаў, што ім абодвум, на жаль, не па 30, што памяць трошкі не тая... І ў яго вось таксама. «Пакуль ты хварэла, — уздыхнуў, — нявестка ўнуччын крыжык залаты прывезла — папрасіла зашчапку ў ланцужку паправіць. Я падрадзіўся... І некуды ж іх паклаў (мо як ты свае рэчы?), а куды — хоць забі, не прыпомню! Здавалася, на люстэрка павесіў...»

— Ведаеш, мы іх разам пашукаем. І знойдзем — слова даю, — паабяцала Каця. — А пакуль — я да Алены збегаю: адна нага тут, другая там.

...І сапраўды, нібы крылы ў жанчыны выраслі — ад шчырай пяшчоты да мужа, ад радасці за сябе, такую дурніцу, ад гонару за сяброўку.

...Чытач можа спытаць: «А што ж тыя рэчы? Нябось забрала свякроў у сваёй нявесткі?»

І не падумала, бо яны ёй не вельмі і патрэбны былі.

А вось чаго хацелася б... Каб даў бог трохі здароўя і часу — пажыць, нечым парадаваць сваіх блізкіх — мужа, дзяцей і сяброў.

Зоя Наваенка,

г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

АД ЯЕ Ж. Гэта, як вы здагадаліся, была апошняя сёлета падборка «вясёлых і праўдзівых гісторый з жыцця чытачоў «Звязды». А таму — нізкі паклон тым, хто чытаў іх, і яшчэ ніжэйшы — тым, хто пісаў — нагадаем — не проста ў рубрыку (ці праект, як модна цяпер казаць), а на конкурс. Вынікі яго «Звязда» заўжды падводзіць разам з чытачамі, і хто-ніхто з іх ужо даслаў свае «дзясяткі» найлепшых... Сярод кандыдатаў у пераможцы (на сённяшні дзень) спадарыні М. Любаскіна з Бабруйска, Н. Кандрашонак з Петрыкава, З. Наваенка з Пастаўшчыны, Л. Чыгрынава з Мінска, С. Кусянкова з Рагачоўшчыны, спадары В. Сідарэвіч з Бабруйска, І. Гаральчук з Мінска...

Аднак усё яшчэ можа змяніцца!

Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.