Вы тут

У Бераставіцкім раёне другі год працуе рэзідэнцыя беларускага ўладара зімы


У Бераставіцкім раёне, што на Гродзеншчыне, другі год працуе рэзідэнцыя беларускага ўладара зімы

Яна адкрыта ў дзіцячым аздараўленчым летніку «Бераставіцкі», які знаходзіцца непадалёку ад раённага цэнтра. Тут прапануюць сустрэцца не з традыцыйным Дзедам Марозам, а з беларускімі гаспадарамі зімы — Зюзяй і Завеяй. Мясцовы Бераст-Зюзя не дорыць падарункаў, затое прапануе выпрабаваць сябе і перамагчы абставіны.


Рэзідэнцыя ў дзіцячым летніку працуе другі год. Праект запусцілі летась, можна сказаць, у эксперыментальным рэжыме — працавалі толькі па заяўках. Але для адзіночных наведвальнікаў такі варыянт аказаўся нязручным — трэба было чакаць, каб сфарміравалася група. Сёлета ідэю падпрацавалі і вырашылі вызначыць для прадстаўленняў пэўны час. Так і зрабілі. Цяпер анімацыйная праграма ідзе двойчы ў дзень аж да старога Новага года.

— Мы сустрэлі падтрымку ад раённай улады, — расказвае намеснік дырэктара Бераставіцкага цэнтра культуры і народнай творчасці Юрый Заяц. — Больш за тое, прапанова засяліць рэзідэнцыю не Дзедам Марозам, а беларускім уладаром зімы Зюзяй, таксама прыйшла ад кіраўніцтва раёна. Так летнік набыў новы статус і незвычайных міфалагічных персанажаў.

Ролю Бераст-Зюзі ўзяў на сябе сам Юрый Заяц. Увогуле, справа для яго звыклая, шмат гадоў ён выступаў у ролі Дзеда Мароза. Але аказалася, што новы персанаж даволі эксцэнтрычны. Напрыклад, згодна з паданнем, ён ходзіць босы і носіць булаву замест посаха.

— Зюзя — гэта не Дзед Мароз, хоць таксама даволі сталы, з белай барадой, але адзеты значна прасцей — у звычайным сялянскім кажушку, са стужкай на валасах, і, што самае незвычайнае, з босымі нагамі. У такім стане мне прыйшлося летась адкрываць рэзідэнцыю, праўда, у лёгкім абутку, — жартуе Юрый.

Свайго героя не прыйшлося доўга шукаць. Дастаткова толькі пазнаёміцца з беларускай міфалогіяй. А тут вам і Дамавік, і Лазнік, і Лесавік, і Ваструха, і Хлеўнік, і Балотнік, і Злыдні... Знайшоўся і ўладар зімы — Зюзя. Каб яго задобрыць, беларусы на каляды першую лыжку куцці кідалі яму ў акно, прасілі мароз сцішыцца.

Для забаў на тэрыторыі рэзідэнцыі абсталявана шэсць пляцовак, на якіх сустракаюць самыя розныя міфалагічныя персанажы з гаспадыняй Завеяй. Галоўны нумар праграмы — калядны фэст. Адным з выпрабаванняў стала хада на лыжах. Некаторыя добра спраўляюцца нават без снегу. У рэзідэнцыі частуюць гарачымі стравамі — юшкай і кашай, гарачым чаем.

— Сёлета мы робім акцэнт на міфалогію — злыя і добрыя духі. Калі ўсе выпрабаванні пройдзены, дзеці ідуць да Зюзі, ён іх віншуе, і яны ўжо могуць атрымаць на Новы год падарункі, бо заслужылі іх, — тлумачыць Юрый Заяц.

Ці зразумелі дзеці новага персанажа? Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бераставіцкага райвыканкама Алены Ігнатовіч, дзяцей трэба зацікавіць. Тады ўсё атрымаецца. Напрыклад, беларускага зімніка Зюзю спрабавалі ўкараніць у сваёй праграме на папулярнай гродзенскай турыстычнай базе, але ідэя не прыжылася, і ад гэтага персанажа адмовіліся. У Бераставіцы вырашылі, наадварот, гэту тэму ўдасканаліць, а сам персанаж зрабіць традыцыйным для свайго рэгіёна. Бо, сапраўды, Дзедаў Марозаў і так хапае, а вось Бераст-Зюзя — адзін такі на ўсю Гродзенскую вобласць.

— Мы правялі шырокую інфармацыйную кампанію, — паведаміла Алена Ігнатовіч. — У школы накіравалі пісьмы для дзяцей ад Бераст-Зюзі і Завеі з запрашэннем наведаць рэзідэнцыю. Гэта вельмі прыгожа аформленыя канверты. У пісьме расказваецца аб тым, хто такі Зюзя. Бо Дзеда Мароза ўсе ведаюць, а вось міфалагічны Зюзя, які між тым з'яўляецца беларускім зімнікам, амаль невядомы. Да таго ж ён не канкурэнт Дзеду Марозу, бо не кладзе падарункі пад ёлку, таму Дзед Мароз у гэтым сэнсе будзе мець перавагу, затое Зюзя можа замарозіць час, і Новы год не прыйдзе, калі ім грэбаваць. Менавіта такая ідэя ляжыць у аснове навагодняга квэста.

Ужо зараз у райвыканкаме адзначаюць высокі попыт на анімацыйную праграму ў незвычайнай зімовай рэзідэнцыі. Сюды наведваюцца як мясцовыя школьнікі, так і з суседніх раёнаў. Зручна і для турыстаў — рэзідэнцыя знаходзіцца якраз на шляху да Белавежскай пушчы.

Аддзел рамёстваў падрыхтаваў адпаведныя сувеніры. Іх можна набыць за сімвалічную цану ці выйграць у латарэю. Цацкі на ёлцы таксама незвычайныя, яны зроблены з прыродных матэрыялаў. Прычым удзел у гэтым прымалі і дарослыя, і дзеці. Усё зроблена сваімі рукамі. Выстаўка-кірмаш так і называецца — «Самаробны цуд». Як адзначылі арганізатары, у рэзідэнцыі хацелася паказаць як мага паўней нашу беларускую этнічную культуру. А ў нечым — з іншага боку. Уся анімацыйная праграма вядзецца на беларускай мове.

Дарэчы, Бераст-Зюзя і Завея не сядзяць бязвылазна ў сваёй рэзідэнцыі. У навагоднюю ноч яны прыйдуць на гарадскую плошчу, каб разам з усімі святкаваць прыход Новага года.

Маргарыта Ушкевіч

Фота beresta.by

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.