Вы тут

Каардынаты творчасці Юрыя Кур’яновіча


Адразу тры адметныя кнігі пісьменніка, перакладчыка, даследчыка гісторыі прэзентаваліся нядаўна ў Дзяржаўным музеі  гісторыі беларускай літаратуры


Новыя кнігі Юрыя Кур’яновіча

Вечарына “Веліч спадчыны і гонар літаратуры” прысвячалася творчасці Юрыя Кур’яновіча. Вядучая Вольга Гулева, якая загадвае навукова-экспазіцыйным аддзелам, нагадала: Юры Уладзіміравіч — даўні сябра музея. У 2013-м прэзентавалася там кніга яго перакладаў з украінскай мовы “Цвітуць сланечнікі”. На гэты ж раз ажно тры кніжкі аўтара былі прадстаўлены: “Пятро Франко. Авіятар, хімік, літаратар”, “Старасвецкая Лошыца” ды “Тураў. Старажытны і сучасны”. У шчырай размове паўдзельнічалі пісьменнікі Навум Гальпяровіч, Уладзімір Мароз, Алесь Гібок-Гібкоўскі, Кастусь Цыбульскі, Наталля Кучмель, Юлія Масарэнка, Мікола Багадзяж. Сваімі думкамі падзяліліся й літаратуразнаўцы, даследчыкі Анатоль Варабей, Валеры Герасімаў, Генадзь Кажамякін, Наталля Давыдзенка, Наталля Семашкевіч, вучоныя Алесь Бельскі, Аляксей Вішнеўскі, Дзяніс Лісейчыкаў. Добрыя словы пра нястомнага працаўніка й сябра Юрыя казалі кіраўніцы ўкраінскіх суполак “Ватра”ды “Обрій” — адпаведна Галіна Калюжная ды Таццяна Струк, мастацкі кіраўнік Тэатра фальклору “Матуліна хата” Мікола Котаў, прадстаўнікі культурных і навучальных устаноў Беларусі.

1. Пачалі прэзентацыю з кнігі, якую беларус прысвяціў сыну знакамітага ўкраінскага пісьменніка Івана Франка, якога яшчэ называюць ва Украіне Каменяром. Украінскія сябры выказалі вялікую падзяку Юрыю Уладзіміравічу за грунтоўнае даследаванне. Звярнулі ўвагу: кніга “Пятро Франко. Авіятар, хімік, літаратар” — гэта падзея ў франказнаўстве, і такая праца спрыяе ўзмацненню ўкраінска-беларускіх культурных сувязяў. Дзякуючы Юрыю Кур’яновічу пра Пятра Франка, які заставаўся ў ценю вялікага бацькі, будзе больш вядомай і ў беларускім, і ва ўкраінскім свеце. На долю Пятра Іванавіча выпала шмат выпрабаванняў, але таленавіты навукоўца-хімік, літаратар, адзін з першых украінскіх авіятараў ніколі не губляў нацыянальнай годнасці, веры ў высокае прызначэнне чалавека. Глыбокі аналіз выдання зрабіў на імпрэзе Генадзь Кажамякін.

2. Зацікаўленая размова склалася далей на імпрэзе пра значную мастацкую, даследчыцкую вартасць кніг “Старасвецкая Лошыца” і “Тураў. Старажытны і сучасны”. Яны абедзьве, дарэчы, аздоблены фотаздымкамі аўтара. Першая прысвечана Лошыцы — найвядомаму цяпер тураб’екту беларускай сталіцы, помніку сядзібна-паркавага мастацтва Беларусі XVІІІ — XІX стагоддзяў. Гэта, заўважым, адзіная сядзіба, якая захавалася ў Мінску да нашых дзён у атачэнні вялікага парку. Зацікавіўся ж “чароўнай Лошыцай” Юры Кур’яновіч, бо месціцца яна цераз рэчку Свіслач ад мінскага мікрараёна Серабранка, дзе ён жыў разам з бацькамі. А лёс Лошыцы, распавядае аўтар, цесна спалучаны з імёнамі шэрагу славутых людзей. Сярод іх, да прыкладу, — прадстаўнікі шляхетных родаў Друцкіх-Горскіх і Прушынскіх, сусветна вядомыя навукоўцы Мікалай Вавілаў, Аляксей і Эма Сюбаравы, Анатоль Валузнёў. Дасягненні апошніх у селекцыі пладовых культур — гэта гонар беларускай аграрнай навукі. Па ўсёй Беларусі растуць сёння, скажам, парэчкі. Ды мала хто ведае, што адзін з пашыраных сартоў чорных парэчак пры нашых сядзібах мае назву “Лошыцкая”. Гэтая, раней капрызная культура добра ў нас прыжылася дзякуючы намаганням прафесара Анатоля Валузнёва.

У шэрагу знакавых фігур, датычных да мінскай Лошыцы, — і класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, кампазітар Станіслаў Манюшка, мастакі Ян Дамель і Валенцій Ваньковіч. Кніга ж Юрыя Кур’яновіча — гэта пакуль адзінае выданне па гісторыі Лошыцкай сядзібы, адзінае яе даследаванне. А культурна- гістарычным аб’ектам ён займаецца з перапынкамі амаль чвэрць стагоддзя.

Здымак на ўспамін у музеі на параднай лесвіцы

Пра што гаварылі на імпрэзе? У часе архіўных даследаванняў аўтару пашчасціла знайсці рукапісны тэкст Янкі Купалы, да таго ж удалося ідэнтыфікаваць аднаго з яго адрасатаў: Яраслава Ясінскага. Ён быў адным з першых кіраўнікоў Лошыцкага маёнтка пасля яго нацыяналізацыі савецкай уладай у 1920 годзе. Даследчык адшукаў заяву Ясінскага ад 6 жніўня 1920 года ў Мінскі губернскі зямельны аддзел з просьбай “предоставить работу по специальности техника-механика” з уласнаручнымі рукапіснымі рэкамендацыямі. Далі ж іх просьбіту першы старшыня Інстытута беларускай культуры Сцяпан Некрашэвіч і Янка Купала.

Цягам доўгіх гадоў у сядзібе працавалі, як ужо згадвалася, навукоўцы-селекцыянеры. Там і пачалася беларуская навуковая селекцыя.

3. Лёс Юрыя Кур’яновіча знітаваны не толькі з Мінскам, але й з Тураўшчынай, якой ён прысвяціў навукова-папулярны даведнік “Тураў. Старажытны і сучасны”. Аўтар даўно захоплены непаўторнай прыродай палескага рэгіёну, даследаваннем яго мінуўшчыны. Прычым гэта, мушу запэўніць, не паказное, не гульнявое захапленне. Пісьменнік, даследчык спрыяе зберажэнню, аднаўленню таго духоўна-культурнага асяроддзя. На імпрэзе ў музеі гаварылі: сёння шматлікія экскурсіі, паломніцтвы ў таямнічыя мясціны краю — ужо не дзіва. Тураў, Тураўшчыну наведваюць як беларусы, так і госці з замежжа. І мала хто згадае, што менавіта Юры Кур’яновіч першым пачаў пісаць у СМІ пра загадкавасць каменнага крыжа на Барысаглебскіх могілках, які расце з зямлі. Тое дзіва якраз і хочацца людзям пабачыць.

На прэзентацыі прафесар Аляксей Вішнеўскі назваў аўтара мудрым і цікавым паплечнікам, які падрыхтоўвае чытача да ўспрымання зместу кнігі, сваёй прадмовай: пра бясконца-прыгожае спасціжэнне намі таямніцаў матэрыяльнага свету. Алесь Гібок-Гібкоўскі дадае: Юры Кур’яновіч па-сапраўднаму любіць сваю родную зямлю, таму й пачынае агледзіны Палесся з таго містычнага месца, дзе б’ецца сэрца Палескага краю. А гэта поўдзень Беларусі, ўзбярэжжа неўтаймавана-наравістай Прыпяці, якой аддае сваю даніну маленькі Струмень. Сярод балотных капішчаў, старажытных славянскіх паселішчаў і рэшткаў першых хрысціянскіх храмаў, дзе само паветра лашчыць нас паляшуцкім духам паданняў і легендаў, стаіць Тураў — прарадзіма ўсходнеславянскіх народаў, рэліктавая скарбонка беларускай этнаграфіі. Нават сёння, падкрэслівае аўтар, зямля Тураўская для многіх — terra іncognіta.

Дазволю сабе такі светлы ўспамін. Першыя рысы міфалагічнай шматзначнасці Тураўшчыны яскрава вымалёўваліся перада мной, калі мы з Юрыем пераязджалі аднойчы Прыпяцкі мост — ехалі па шашы ад Жыткавіч да Турава. Перад вачыма паўстала велічная рака ў дзівоснай акаймоўцы зялёных адвечных лясоў. І над усёй прасторай — ганарліва-незалежны палёт буслоў. Гледзячы на той неруш, мы нібы вярталіся ў пару, калі ўладарылі на Палессі дрыгавічы, драўляне. Можа, гаварылі, гэта сюды прыводзіў драўлянскі князь Мал cвaіx дзяцей — прыгажуню Малушу й дужага Дабрыню, каб яны атрымалі першае бацькоўскае настаўленне й разуменне такіх найважнешых паняццяў, як свабода, незалежнасць і любоў да сваёй Радзімы. A ці не перадала потым, разважае ў кнізе аўтар, яго дачка па крыві свайму сыну Уладзіміру Вялікаму, хрысціцелю Рускай зямлі, гэты незалежніцкі, свабодалюбны дух, а яго дзядзька-выхавацель Дабрыня — ваяўнічы пыл?

Юры Кур’яновіч

Паслухаем. Палессе памятае, яно — жывое, і гаварыць умее, і чуйны — пачуе…

A ці не бываў тут, над Прыпяццю, потым і Святаполк Туpaўcкі са сваёй жонкай — дачкой польскага караля Баляслава І Харобрага? Трэба ж было яму пасакрэтнічаць з Баляслаўнай па-за брамай княжацкага палаца з xaўpycнікaмі кіеўскага князя Уладзіміра Святаслававіча ды часткова суняць хваляванне, pacпавесці пра свае намеры заняць вялікакняжацкі пасад у Кіеве. Заадно параіцца пра ўдзел у гэтай справе яе духоўніка — біскупа Рэйнберна.

На імпрэзе ў музеі мы пагадзіліся з аўтарам: за смугою часу не разгледзець ні мары дачкі князя Малушы, ні падрабязнасці яе дачыненняў з мужам-князем Святаславам Ігаравічам. Не разгледзець і абставінаў трагічнага лёсу Святаполка, празванага летапісцам Акаянным, якога Юры Кур’яновіч не раз узгадвае ў кнізе. Валеры Герасімаў слушна казаў: кнігі нашага з ім сябра яшчэ адыграюць сваю прыкметную ролю ў беларускім Адраджэнні.

Вось такім духоўным і павучальным, загадкавым і пазнавальным, высокамастацкім і ўдумлівым стаўся напрыканцы Года малой радзімы літаратурны трыглаў пісьменніка-даследчыка.

Уладзімір Барысенка

Фота Альберта Ермакова

Ад рэдакцыі. Адкуль з’явіўся ў беларуса інтарэс да сына Украіны? З такім пытаннем, рыхтуючы тэкст да друку, мы звярнуліся да Юрыя Кур’яновіча. “Я даўно сябрую з нашчадкамі Івана Франка, — удакладніў Юры Уладзіміравіч. — Са светлай памяці спадарыняй Надзеяй Франко (праўнучка пісьменніка, унучка ягонага сына Пятра) мы, як кажуць, сябравалі сем’ямі. Дый цяпер пан Андрэй, яе муж, — мой лепшы сябар. Пачатак сяброўства — тое асобная гісторыя. Украіну, і менавіта Заходнюю, я ведаю са школы. І тады ў нас там былі вельмі блізкія людзі-сябры. Я планаваў нават паступаць у Чарнавіцкі дзяржуніверсітэт”.

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.