Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур адзначыў 25‑годдзе
Святочную імпрэзу з нагоды юбілею зладзілі 19 снежня: на Міколу. Фае ля канферэнц-залы ў Нацыянальнай бібліятэцы напоўнілі актывісты розных дыяспар у нацыянальных строях, гасцей запрашалі адведаць нацыянальныя стравы. Працавала выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларускіх майстроў, былі майстар-класы па ткацтве, разьбе па дрэве, салома- й лозапляценні, кераміцы… Урачыстасць у канферэнц-зале вяла сама дырэктарка РЦНК Вольга Антоненка (дарэчы, яна была ў свой час тэлежурналісткай у Гомелі). А між выступленнямі артыстаў Вольга Віталеўна коратка расказвала пра дасягненні цэнтра за 25 гадоў. Дарэчы, і былыя кіраўнікі цэнтра былі ў зале: Віктар Мацюшэнка, Уладзіслаў Мантвідас, Ірына Лемцюгова, Міхаіл Рыбакоў. Паклікалі на свята лідараў нацыянальна-культурных суполак, прадстаўнікоў беларускіх суполак замежжа.
Цяпер у цесным кантакце з цэнтрам у Беларусі працуюць аб’яднанні азербайджанцаў, армян, афганцаў, грэкаў, грузін, дагестанцаў, яўрэяў, казахаў, карэйцаў, літоўцаў, малдаван, немцаў, палесцінцаў, палякаў, рускіх, татар, башкіраў, туркменаў, украінцаў, цыганаў, чувашоў, эстонцаў. Пры цэнтры дзейнічае больш за 10 творчых нацыянальных калектываў. Вольга Антоненка дзякавала ўсім ім за супрацу, за любоў да Беларусі. Словы прызнання адрасавала й кіраўнікам дыпмісій розных краін у Беларусі, якія таксама з цэнтрам у творчай супрацы.
Нагрудным знакам Мінкультуры “За ўнёсак у развіццё культуры Беларусі” ўшанаваны Ян Сычэўскі, старшыня Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшы — ён прыехаў на свята. Такую ж узнагароду атрымаў Мікалай Логвін, старшыня савета Аб’яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы. Ганаровымі граматамі Мінкультуры ўшанаваны Георгій Егіазаран, старшыня Мінскага гарадскога грамадскага армянскага культурна-асветніцкага таварыства “Айастан”, Артур Гоманаў, віцэ-старшыня аб’яднання “Беларуская цыганская дыяспара”, Глеб Кудрашоў, дацэнт кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага педуніверсітэта імя У. Караленкі, Алена Госцева, мастацкая кіраўніца РЦНК. Падзяка Міністра культуры аб’яўлена Антаніне Валько, старшыні Абшчыны малдаван, Кімі Ры, старшыні Асацыяцыі беларускіх карэйцаў, і Вользе Штокман, старшыні Аб’яднання нямецкай культуры “Масты” — за актыўнае правядзенне культурных імпрэзаў.
Напрыканцы вечарыны прайшла цырымонія спецгашэння мастацкага маркіраванага канверта “25‑годдзе Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур” пры ўдзеле першай намесніцы Міністра культуры Наталлі Карчэўскай і намесніцы Міністра сувязі ды інфарматызацыі Ганны Рабавай. Настаяцель прыхода ў гонар Усіх Святых Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, пратаіерэй Фёдар Поўны падараваў Вользе Антоненцы ікону Свяціцеля Мікалая Цудатворца, зрабіў духоўныя настаўленні.
Святочны канцэрт распачаўся песняй “Каб любіць Беларусь нашу мілую”: выконваў яе кіраўнік фальклорнага ансамбля “Ватра” Аляксандр Валодчанка пад харэаграфічную кампазіцыю ансамбля танца “Дружба” з Гомеля. Шоу-група “Легенды Кавказа” станцавала “Лязгінку”, спявала ўладальніца Гран-пры “Беларускай рамансіяды‑2018” Яўгенія Крохіна. Саліст Вялікага тэатра, японец Такатошы Мачыяма па-майстэрску станцаваў украінскі танец “Гапак”. А як здорава гралі “Нясвіжскія лыжкары”! Вясёлыя, энергічныя хлопцы найгралі родныя матывы пры дапамозе драўляных лыжак. “Ветэраны яшчэ ў страі” — заявіў пра сябе на імпрэзе словамі песні народны вакальны ансамбль ветэранаў вайны, працы і Узброеных сіл “Памяць сэрца”, які ў 2014‑м стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры й мастацтваў.
Канцэрт атрымаўся на славу. Мая суседка ў глядзельнай зале пахвалілася: рэдка прапускае канцэрты, якія ладзіць РЦНК. І заўсёды гэта — яркае, шматнацыянальнае шоу.
Ганна Лагун
Фота: Яўген Памыткін
Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.