Вы тут

«Прамень» выпусціў 200 экзэмпляраў цікавага гадзінніка


Загадкавая беларуская мастачка Алена Кіш, якая замест работы ў калгасе хадзіла па вёсках і за ежу прапаноўвала людзям свята — свае маляваныя дываны з казачнымі сюжэтамі, ільвамі і экзатычнымі птушкамі, раз-пораз становіцца героем усё новых ініцыятыў. Гэтым разам — лімітаванай калекцыі адмысловых наручных гадзіннікаў «Асоба» Мінскага гадзіннікавага завода: «Прамень» выпусціў усяго толькі дзвесце экзэмпляраў з выявай на цыферблаце фрагмента дывана «Рай».


luch.by

Гэта не першае з'яўленне ў сучаснай апрацоўцы беларускай мастачкі-дзівачкі першай паловы мінулага стагоддзя, дарэчы, адкрытай ледзь не выпадкова. У Беларусі, напрыклад, можна знайсці выкшталцоныя шаўковыя хусткі ад брэнда Murаškа Аdzіеnnіе, прынты на якіх зроблены па матывах творчасці Алены Кіш. Не так даўно мы мелі нагоду расказаць пра спектакль «Прымітывы», пастаўлены рэжысёрам Аляксандрам Марчанкам у прасторы Оk16, дзе згадкі пра мастачку паралеляцца з дзённікам яе аднавяскоўца, які паказвае тагачаснае жыццё, чым падкрэслівае пэўную адарванасць Кіш ад рэальнасці.

Алена Кіш, якую лічылі як не з гэтага свету, зарабляла распісваннем дываноў, у якіх увасабляла ўсю сваю шырокую фантазію аб заморскіх светах з райскімі садамі і закаханымі, але праз наладжванне ў Савецкім Саюзе вытворчасці гэтага атрыбута інтэр'еру страціла і без таго нешматлікіх кліентаў і ўрэшце скончыла жыццё самагубствам. Яе «адкрылі» шырокай публіцы толькі ў канцы 1970-х дзякуючы мастаку Уладзіміру Басалыгу, які стаў збіраць па вёсках, а часам і па вясковых хлявах, райскія сады мастачкі.

З нагоды выпуску калекцыі «Асоба» ў краме гадзіннікавага завода цяпер выстаўлены менавіта той «Рай», які трапіў на цыферблат гадзіннікаў, з калекцыі Заслаўскага музея, дзе захоўваецца найбуйнейшая калекцыя дываноў мастачкі. На адваротным баку вырабу знаходзіцца гравіроўка ў выглядзе кветак з абрамлення дывана.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: «Рай» можна насіць на руцэ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.