Вы тут

Чаму павіццеўская свацця не саступае лелікаўскай?


Летась вясельны касцюм свацці з Кобрынскага раёна набыў статус гісторыка-культурнай нематэрыяльнай спадчыны краіны. У Дзяржаўны спіс каштоўнасцяў ён унесены як касцюм лелікаўскай свацці. Але ў суседнім з Лелікавам Павіцці з такой фармулёўкай не вельмі пагаджаюцца, бо іх касцюм, на думку мясцовых вяскоўцаў, нічуць не горшы і мае такую ж багатую гісторыю.


Касцюм свацці — яе зброя

«Брыжы» са школьнага музея дэманструе Алена Гусева.

Тутэйшыя жанчыны кажуць, што ў іх спрадвеку шылі такія касцюмы, і свацця на вяселлі была галоўным персанажам. Маладыя — героі дня, віноўнікі ўрачыстасці, а свацці вялі рэй, прыглядвалі за парадкам, сачылі, каб усё ішло адпаведна з правіламі, традыцыямі, каб усім было весела і цікава. Свацця — не тамада на вяселлі ў сучасным сэнсе слова, а спрадвечны сімвал, які ўсе правільна ўспрымалі, таму з задавальненнем ёй падпарадкоўваліся. Вяселлі некалі рабілі вялікія, і свацця на іх была не адна: чым большае і багацейшае вяселле, тым больш сваццяў клікалі. Іх магло быць да паўтара дзясятка. На гэтую ролю запрашалі ў асноўным жанчын, але не забаранялася браць і дзяўчат, бойкіх, вясёлых, вострых на язычок.

Кіраўнік школьнага музея Алена ГУСЕВА і старшыня сельскага Савета, у мінулым дырэктар Дома культуры, Раіса ДЗЯЦУК знаўцам народнага касцюма ў адзін голас назвалі Ганну Самуілаўну Гамалюк. Да яе і накіроўваемся ў госці. Дома ў Ганны Самуілаўны захоўваецца рарытэт пад назвай «брыжы», рэч з бабулінага куфра. Брыжы — галаўны ўбор, адзін з галоўных элементаў вясельнага касцюма. Гэта асаблівы плат, падобны на карону, расшыты пацеркамі і стужкамі розных колераў і ўпрыгожаны... пер'ем пярэстага пеўня. Чым ярчэйшыя пярыны, тым лепш. Свацця ў такім галаўным уборы, на першы погляд, крыху падобная на індзейца з ранейшых фільмаў. А калі перанесці на нашы рэаліі, то тут угадваецца элемент маскараду.

— Так і трэба, — гаворыць Ганна Самуілаўна — продкі закладвалі пэўны сэнс у вясельнае ўбранне. Свацця — памочнік і саюзнік жаніха, яе павінна было відаць здалёк, яна ж выступае кіраўніком абрадавай дзеі.

Свацця ведае, што гаварыць, калі якія песні спяваць. Песня была абавязковым, адным з найважнейшых атрыбутаў вяселля. Таму і строі ў свацці павінны быць асаблівыя. Кашуля, фартух, спадніца шыліся па ўсіх канонах. На рукавах і фартухах рабілі асаблівыя круглыя нашыўкі — «вочы». Вачэй было многа, што азначала: свацця бачыць усё. У добрай свацці асабліва не пагарэзіш. Гэта датычылася найперш тых, хто без меры налягаў на гарэлку альбо не супраць быў прыхінуцца да чужой жонкі. Свацця ўсё заўважыць і можа выдаць такую прыпеўку, што потым мянушка да нягеглага госця навек прылепіцца. Так што са сваццяй варта сябе трымаць пільна. Раней жа гулялі вяселле не дзень альбо два, а значна больш, таму свацці працавалі, можна сказаць, па зменах. Вось для чаго іх патрабавалася многа.

— У каго на вяселлі было тры-чатыры свацці, — гаворыць Алена Міхайлаўна, — альбо крый Божа, каптан без «вочак», пра такіх маглі сказаць, што мізэрнаватае вяселле зладзілі.

З вяселля — у музей

Ганна Гамалюк згадвае, як маленькай дзяўчынкай, дзяўчынай, маладзіцай бывала на вяселлях, дзе сваццямі выступалі жанчыны з пакалення яе бацькоў, а потым і сама прымерала «брыжы». «Яшчэ Саша Лёнікаў жаніўся, Мані Шведавай сын жаніўся, — згадвае яна аднавяскоўцаў, — мы хадзілі ў касцюмах». Аднаго з тых жаніхоў сын цяпер у арміі служыць. Значыць, не так даўно адышлі ў гісторыю вяселлі па народных традыцыях. Нейкія дваццаць-трыццаць гадоў. Цяпер, вядома, сваццяў у касцюмах на вясельныя банкеты не клічуць. Хіба толькі асобныя маладыя, якія хочуць аздобіць урачыстасць элементам экзотыкі, каб зрабіць сэлфі не такое, як ва ўсіх. Ну альбо сапраўдныя знаўцы народнай культуры ў якасці кароткага выступлення на фальклорныя матывы запрашаюць вясковую сваццю. Строі паступова перабіраюцца ў музеі.

Касцюмы свацці з «вочкамі».

У музеі Павіццеўскай школы аўтэнтычных касцюмаў некалькі. Тых самых, натуральных, з бабулінага куфра, якім па сто, а то і больш гадоў. Алена Гусева з гонарам дэманструе цэлы шэраг касцюмаў аднавясковак, якія ахвяравалі ўборы мам і бабуль для музея. Іх паказваюць усім наведвальнікам, расказваюць пра гісторыю Павіцця, якому каля 500 гадоў. Дом культуры пашыў для выступленняў некалькі строяў на ўзор даўнейшых, але з новых матэрыялаў. Работнікі культурнай галіны выкарыстоўваюць іх для выступленняў і папулярызацыі сваёй спадчыны. Дарэчы, і ў Ганны Самуілаўны ёсць касцюм, які яна пашыла сама, больш яркі і сучасны. Але бабуліна ўбранне яна беражліва захоўвае як сямейную рэліквію.

Пакрывала для шлюбнай ночы

Так і ў школьным музеі, пашылі «брыжы» на ўзор, назбіралі самых пярэстых пер'яў — атрымаўся хвацкі «капялюш». У гэтым музеі, дарэчы, шмат розных скарбаў. Адзін з іх таксама звязаны з абрадавай тэмай шлюбу. «Ціха» — адмысловае пакрывала, якім маладыя ўкрываліся ў шлюбную ноч. Льняное палатно, сшытае ўдвая, магло, відаць, служыць чахлом для коўдры ў халодную пару, ну а летам хапіла б і ад яго цяпла. Такое пакрывала рыхтавала кожная дзяўчына да вяселля. Бабуліну «ціху» перадала музею Настасся Іванаўна Тарасюк, знакамітая вясковая вышывальшчыца. Некалькі яе работ дэманструецца ў музеі. А яшчэ тут ёсць павіццеўскія лялькі — звітыя з саматканага палатна. Руплівыя экскурсаводы з сёмага класа раскажуць, як спявалі, што насілі, што ў печы гатавалі продкі. Страву пад назвай «бяздушнікі» я, напрыклад, не толькі ніколі не каштавала, але і не чула пра яе ніколі. Аказалася, гэта піражкі з фасоляй у якасці начыння. Раней у вёсцы яе гатавалі ўсе.

Строі свацці прымервалі школьніцы.

Дарэчы, Павіцце — вёска надзвычай цікавая, у многім унікальная. Схавалася яна сярод лясоў і балот на самай мяжы з Украінай. Зараз тут жыве каля 1300 чалавек, а раней было значна больш. Да гэтай пары тут шануюць народныя традыцыі, навучаюць па іх дзяцей.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі раён

Загаловак у газеце: Капялюш з пяром, або Чаму павіццеўская свацця не саступае лелікаўскай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».