Вы тут

Каласы для вечнасці


Сотні выдаўцоў, прадстаўнікоў грамадскіх і рэлігійных аб’яднанняў, індывідуальных прадпрымальнікаў узялі ўдзел у выстаўцы, якая ўпершыню прадставіла кнігі, выдадзеныя ў Беларусі сёлета. Такім чынам быў пакладзены старт праекту «Кнігі Беларусі. Год 2019». Каля 5 тысяч навукова-папулярных, грамадска-палітычных, мастацкіх, дзіцячых і даведачна-энцыклапедычных выданняў упрыгожылі вітрыны выставачнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе і адбылася ўрачыстасць.


Гэты год для айчыннага кнігавыдання стаў вельмі плённым. Выдавецкай дзейнасцю ў Беларусі займаюцца больш як 500 суб’ектаў гаспадарання, дзякуючы якім пабачылі свет больш чым 9000 самых розных кніг агульным накладам звыш 20 мільёнаў экзэмпляраў. Найлепшыя кнігі года і стварылі выстаўку.

Падтрымцы айчыннага кнігавыдання ўдзяляецца вялікая ўвага на самым высокім узроўні, і нашым агульным дасягненнем з’яўляецца тое, што беларускую кнігу ведаюць не толькі на радзіме, але і за мяжой, пра што сведчаць і вынікі міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў СНД, — упэўнены намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч.

— Сярод краін Садружнасці па колькасці ўзнагарод за 16 гадоў правядзення конкурсу Беларусь займае першае месца. Сённяшняя сустрэча  — даніна павагі майстрам прыгожага пісьменства, літаратарам, кнігавыдаўцам, тым, хто робіць значны ўнёсак у развіццё айчыннай літаратуры і культуры.

Беларускае мастацкае слова ўжо шмат стагоддзяў выконвае адну з галоўных функцый: адлюстраванне жыцця народа і яго душы. За гэты час з’явілася шмат твораў, якія складаюць наш духоўны скарб. Сённяшнія пісьменнікі годна працягваюць справу сваіх папярэднікаў.

Пра дзейнасць грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» распавядаў старшыня Мікалай Чаргінец. Ён зазначыў, што творчая арганізацыя сёлета выдала больш за 350 кніг:

— Мы змаглі падняць вельмі важны пласт — дзіцячую літаратуру. Гэта больш чым 100 кніг, якія нядаўна пабачылі свет. Акрамя таго, распрацоўваецца новы напрамак, прысвечаны нашай гісторыі. Імёны больш чым 2000 асоб, якія праславілі краіну, застаюцца пакуль што малавядомымі. Напрыклад, лейтэнант Бурачок, які спрычыніўся да гісторыі Уладзівастока. Нямала сярод слынных людзей тых, хто мае беларускія карані… Мы прадстаўляем іх асобнымі кнігамі.

Слова, напоўненае высокай духоўнасцю, якое нясе святло, любоў, веру, мае асаблівую каштоўнасць і  значэнне ў нашым жыцці. Менавіта яно з’яўляецца асновай выдавецкіх праектаў, што ажыццяўляюць рэлігійныя арганізацыі. На духоўнасці засяродзіў увагу протаіерэй Фёдар Поўны, настаяцель Храма — помніка ў гонар Усіх Святых.

Плённа працуе ў кнігавыданні Беларускі саюз жанчын. Дэпутат палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Лілія Ананіч распавяла пра сумесны праект грамадскага аб’яднання і Міністэрства інфармацыі «Сямейнае чытанне», які накіраваны на тое, каб дапамагчы бацькам у выхаванні дзяцей праз кнігу. Выдавецтвы «Мастацкая літаратура» і «Аверсэв» зрабілі гэты сацыяльны творчы праект адным з кірункаў кнігавыдавецкай справы.

— Калі дарослыя чытаюць дзіцяці, то кніга якраз і ёсць тая пуцяводная зорка, што дапамагае крок за крокам выхоўваць асобу на найлепшых набытках чалавечай думкі, выхоўваць высокамаральным наша грамадства… — разважала Лілія Ананіч падчас адкрыцця выстаўкі. — Кнігі, прачытаныя разам з дзіцем, могуць скласці паліцу сямейнага скарбу.

Галоўнай інтрыгай мерапрыемства стала выданне, якое атрымала статус самай запатрабаванай кнігі ў 2019 годзе. Падчас урачыстасці яно знаходзілася пад ручніком на пюпітры ў цэнтры выставачнай залы. І толькі напрыканцы таямніца адкрылася... Творам, які сёлета карыстаўся найбольшым попытам, аказаўся раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», перавыдадзены ў выдавецтве «Папуры» без цэнзарскіх купюр. Як абіралі кнігу-пераможцу, распавядаў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі:

— Напярэдадні адкрыцця выстаўкі Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі, кнігагандлёвымі арганізацыямі быў зроблены аналіз запатрабаванняў беларускіх пакупнікоў друкаванай прадукцыі. Каб падлічыць, колькі кніг і якога аўтара было куплена, мы ўзялі статыстыку OZ.by, Белкнігі, Белсаюздруку, тавараправодных сетак...

Па выніках года былі ўзнагароджаны вядучыя выдавецтвы краіны. Дыплом за падрыхтоўку і выпуск найбольшай колькасці агульнага тыражу кніг, брашур, метадычнай літаратуры атрымаў Нацыянальны інстытут адукацыі; за найбольшую колькасць назваў выдадзеных кніг, брашур і метадычнай літаратуры — Таварыства з дадатковай адказнасцю «Аверсэв», за папулярызацыю беларускай мовы праз кнігу, а таксама за прапаганду беларускай літаратуры ў міжнароднай прасторы — выдавецтва «Мастацкая літаратура», за падрыхтоўку і выпуск навукова-папулярнай серыі кніг, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў атрымала дыплом выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», дыпломам за распрацоўку краязнаўчай тэматыкі, прысвечанай Году малой радзімы, узнагародзілі выдавецтва «Беларусь». Таксама дыплом атрымала выдавецтва «Папуры» — за падрыхтоўку і выпуск найбольшай колькасці кніг у 2019 годзе. За актыўную папулярызацыю беларускай кнігі і чытання дыпломамі ўзнагародзілі ўстанову Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Выдавецкі дом «Беларусь сегодня» і Закрытае акцыянернае таварыства «Сталічнае тэлебачанне». Акрамя таго, арганізатары мерапрыемства і выдавецтвы Беларусі ў межах навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» зрабілі падарунак гораду-сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2020 годзе Бялынічам Магілёўскай вобласці: у дзіцячую ўстанову для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, была перададзена бібліятэка дзіцячых кніг. Напрыканцы ўрачыстасці адбыўся прагляд спектакля-мюзікла Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага «Пясняр», прысвечанага народнаму артысту Уладзіміру Мулявіну.

Яна БУДОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».