Паэтычны талент Яўгеніі Янішчыц шматгранна перададзены ў першых двух тамах выдання «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі». Аднак застаюцца невядомымі для сучасніка тыя вершы, якія пабачылі свет пры яе жыцці толькі ў газетах і часопісах або па розных прычынах засталіся ў аўтографах, машынапісах, захоўваюцца ў БДАМЛМ, Літаратурным музеі Яўгеніі Янішчыц ці ў сямейным архіве аўтаркі. Гэтыя творы надрукаваны ў новым, 3 томе выдання, унікальнасць якога ў тым, што сярод амаль 780 прадстаўленых твораў каля 360 чытач убачыць упершыню (большасць з іх публікавалася пры жыцці паэтэсы ў перыядычных выданнях, а некаторыя растыражыравалі ў публікацыях ужо пасля яе смерці). Што гэта за творы?
«О, як аднойчы страшна стаць вялікім, / Застацца з самым дзіўным на адзін», — разважала Я. Янішчыц у вершы «У новым доме», які напісаны недзе ў 1966 годзе. Юная паэтэса, вельмі амбітная, мэтанакіраваная, рамантычна настроеная, як бачым, марыла стаць «вялікай», застацца ў гісторыі. Яе прыцягвалі лёсы людзей адораных, незвычайных, якія былі для яе арыенцірамі, настаўнікамі па жыцці. Стан, калі «зноў кіпіць, бунтуе кожны нерв», — гэта адзіна магчымы стан існавання, і ў яго не трэба было ўваходзіць штучна, ствараць для яго асаблівыя ўмовы. Яўгеніі Янішчыц было дадзена заставацца на вастрыні натхнення заўсёды, пры любым надвор’і і любых абставінах:
…Была трава. Трава цвіла.
Яна й цяпер калышацца.
Складала ж так, як і жыла.
Жыві цяпер, як пішацца!
У апошнія гады жыцця паэтэса працавала над новым паэтычным зборнікам «Твая прысутнасць» і напісала для яго больш за 200 вершаў. Некалькі падборак тэкстаў з новага зборніка яна паспела апублікаваць, аднак большасць твораў можна будзе пабачыць упершыню менавіта ў гэтым выданні. Перад чытачом паўстануць вершы з неапублікаванага зборніка з ідэйна-тэматычнымі вектарамі ў новыя вымярэнні жыцця, у нечым падобныя і ўсё ж больш адрозныя ад паэтычных тэкстаў папярэдніх зборнікаў Яўгеніі Янішчыц. І яны вартыя адкрыцця няхай сабе і праз 30 гадоў пасля смерці паэтэсы, бо ў гэтых творах пульсоўная думка, эмоцыя высокага напалу, грамадзянская незаспакоенасць.
Важна падкрэсліць, што многія вершы, напісаныя ў канцы 1980-х гадоў, напярэдадні значных дэмакратычных зрухаў і змен у грамадскай і палітычнай сістэмах, увабралі клопаты і перажыванні свайго часу. А таму ў вялікай колькасці паэтычных твораў з’явілася сацыяльная завостранасць, паўстала праблема адказнасці асобы за пабудову той новай рэчаіснасці без таталітарнага ўціску партыйнай сістэмы, якая будзе перададзена ў спадчыну дзецям: напрыклад, у вершах «Ці гэта мы?», «Чаша», «Я гляджу, як будуецца горад», «Зямля», «Меней — варожасці. Болей — сумлення…», «Толькі сэрца і сонца!» і інш. Безумоўна, у творах Я. Янішчыц маральны фактар прэваліраваў ва ўсіх ацэнках дзеянняў чалавека, яго пераўтварэнняў. Нельга будаваць новую рэальнасць без захавання чалавечнасці, без гуманізму, цэнтрызму асобы ва ўсіх пачынаннях, пра што забывалі ў каламуці перабудовачных працэсаў. Таму, апынуўшыся ў сітуацыі змены сацыяльнай і палітычнай парадыгмы, у замесе старых парадкаў і новых ініцыятыў, паэтэса разгубілася:
… Я трапіла ў якое ліхалецце,
Мой родны край, мой пракаветны кут?
Замала я жыла на гэтым свеце,
Замнога пут спазнала і пакут.
Яе апошнія творы адлюстравалі самыя супярэчлівыя працэсы самаідэнтыфікацыі. Яўгенія Янішчыц быццам па-новаму ўпісвала сябе ў рэальнасць са змененымі каштоўнасцямі, з пастаўленымі пад пытанне былымі аўтарытэтамі, нібы правяраючы зноў і зноў, ці правільна яна жыве, ці патрэбна яе слова людзям:
…Плацім кроўю за ўзнёслыя крылы,
Ўсё за тое, каб шчырым быў свет.
Не давай сваё сэрца для крыўды,
Будзь гранітным, як камень, паэт!
Усё існаванне паэтэсы падпарадкавана мастацкай дзейнасці: свядомасць усё болей адрываецца ад «тут», губляе з ім сувязь, сягаючы ў высі, дзе і нараджаецца, і жыве, і просіць працягу яе Песня. Тэма паэта і паэзіі, якая канстантай прайшла ад першых да апошніх твораў Я. Янішчыц, — для яе быційная, экзістэнцыяльная. Паэта няма па-за прасторай існавання яго Паэзіі. Няхай гэта можа падацца празмерна патэтычным і рытарычна абагульненым, але ў размове пра паэзію Яўгеніі Янішчыц заўсёды прыходзіш да высновы, што Паэт роўны свайму Твору, з ім самаідэнтыфікуецца, у яго пераўтвараецца. Быццам песня, што стала кроўю, напаўняе не толькі галоўную артэрыю ў арганізме, але і «аорту голасу майго». Феномен Я. Янішчыц заключаецца ў наданні паэзіі ролі жыццяпісу. Яна сама шукае найменні для ўласнай Песні, імкнецца адчуць межы, да якіх можа памкнуць і якія можа дасягнуць яе Слова, усвядоміць глыбіню, якою яно можа наталіцца:
…Як зорна, холадна і цёпла
У вершах тых, дзе я жыву!
…Ды — пытаюся. Я — допыт
Над сабой. І над радком!
Унікальнасць паэтычнага голасу Яўгеніі Янішчыц — у шчырасці, звышадкрытасці, спавядальнасці, што на пэўных этапах становіцца самаабмежаваннем. Шчырасцю не толькі правяраецца напісанае — гэта камертон яго гучання, але без яе прысутнасці тэкст не можа матэрыялізавацца, нарадзіцца. «Іду чытаць свой боль на сцэну», — піша аўтарка, маючы на ўвазе не толькі пляцоўкі літаратурных вечарын, але і сцэну жыцця, на якой паэт рэалізоўваецца праз сваю паэзію. Вершы, напісаныя ў апошнія гады жыцця, напоўнены асаблівай энергіяй пошуку, скіраванай на самаасэнсаванне праз прызму ўласных перамог і паражэнняў у творчасці, якая і ёсць яе чалавечая экзістэнцыя. Яўгенія Янішчыц не ставіць гамлетаўскага пытання «Быць ці не быць?» у паэзіі, па-за творчасцю яна не існуе, таму да апошніх яе дзён «прадаўжаецца сэрцаразрыў».
«Якая я?» — гэтае пытанне завострана прагучала ў зборніку «Пара любові і жалю» (1983), аднак адказ на яго паэтэса шукала са шчаслівага юнацтва. Кожнаму чалавеку важна ўпісаць сябе ў пэўныя самаідэнтыфікацыйныя каардынаты, а тым больш важна гэта здзейсніць творцу, абазначыўшы прастору бытавання яго Слова. «…Нездарма ў лірычныя паэты / Запісаў навекі лёс-дзівак», — паставіць сама сабе дыягназ Яўгенія Янішчыц па «сімптомах» уласнай песні. У любым слоўніку, энцыклапедыі ці падручніку па тэорыі літаратуры сустрэнем вызначэнне, што лірыка — від паэзіі, у якой выяўляюцца асабістыя настроі паэта пры пераважанні эмацыянальнага элемента над разумовым. Але ў дачыненні да паэзіі Я. Янішчыц гэта не проста эмоцыя, а эмоцыя ў яе звышнапружанні, высокім градусе, крайнім абвастрэнні, поўным напале і г. д. Лірычная паэзія Яўгеніі Янішчыц — з’ява непаўторная і ўнікальная ў сваім родзе: эмацыянальнапачуццёвае выяўленне аўтара/лірычнай гераіні застаецца на вышыні маральнай чысціні, чалавечага высакародства, шляхетнай узважанасці. Яна не дазваляе сабе пераступіць мяжу, за якой побыт з нізкасортнымі стасункамі і цялеснымі ўцехамі. Асабістае лірычнае не абрастае дробязным, выпадковым, шараговым, а ўтрымліваецца на вышыні святла:
…Па-над аркушам вякую,
Размяняўшы суткі й дні,
І ваюю. І святкую
Перамогу светлыні.
Такім чынам, лірыка Яўгеніі Янішчыц — гэта святло яе душы, увасобленае ў паэтычныя радкі. Таму не прыгнятае нас яе самае балючае слова, і захоўваюць жыццесцвярджальнасць самыя шэрыя настроі, бо за імі — пазітыўная Муза любові да жыцця (нават пры наяўнасці факта парадаксальнай неадпаведнасці гэтай высновы жыццёваму фіналу паэтэсы). Але парадаксальнасць не такая і моцная, бо любоў да жыцця часткова ўраўнаважваецца і радкамі, накшталт наступных:
…— Куды ж табе у гэтакую ноч,
Зняверанай і кволай? —
На нябёсы.
«На нябёсы» — як прыгавор самой сабе, зняверанай і кволай. І пра гэтую разгубленасць перад жыццём, параненасць людзьмі, адзіноту і боль Я. Янішчыц вельмі адкрыта і гаротна гаворыць у вершах «Так з мухі вылепяць слана…», «Я гордая, да фальшу я — спіною…», «Роздых», «Паводле ранейшага верша» і многіх іншых, прадстаўленых у трэцім томе выдання. «Востры жалю» прайшоў праз многія паэтычныя радкі вершаў Я. Янішчыц, яе «боль і мелодыя жыцця» не пакідаюць абыякавымі многія пакаленні чытачоў. А вось чалавечая і паэтычная гордасць і годнасць, «нібы скразная рана», былі не толькі выратаваннем ад пошласці жыцця, але і пакараннем: словы, выказаныя ў творах, павінны былі заставацца «нацятымі, нібыта цеціва», прычым нацятымі чуйным, чыстым сумленнем, адмаўленнем ад многіх чалавечых радасцей. У сілавым супрацьборстве дабра і зла існавала Муза Янішчыц, і гэтая барацьба ў розныя перыяды набывала розныя колеры. «…Заплакаць ці ша лёна засмяяцца / На грані чорна-аспіднай жуды?!» — задавала паэтэса рытарычнае пытанне напрыканцы жыцця. Аднак чорная жуда перамагла. І ўсё ж… «Праз шыпы, праз нявер’я драты — / Да былін кі мой шлях, да — Быліны!», і праз дзесяцігоддзі пасля смерці Яўгеніі Янішчыц гэты шлях доўжыцца. Не бывае замнога «сэрца і душы» ў вершах, і гэта даказвае творчасць таленавітай паэтэсы, якая раздарыла сэрца і душу сваім творам.
Святлана КАЛЯДКА
Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.